Скачать книгу

радасна расказваць, што тыя сыны мелі жонак і дзяцей, што ў каўчэг з сабою ўзялі жывёл ад кожнае плоці па пары, ну і выплыў з таго патопу.

      – Але ж ты і хітры, – заўважыў Косцік. – Так спрытна лічбу ў імя перакруціць!

      – Паўловіч – свой хлопец, як бы там ні было, я хацеў яму дапамагчы, а праз такіх дурных Ноевых сыноў мог нуль атрымаць і грызціся з тымі мужыкамі яшчэ цэлую зіму.

      – Твая рацыя. Значыць, усе здалі… А колькі табе яшчэ экзаментаў трэба, каб на ксяндза пайсці?

      – Дзядулька гаворыць, што яшчэ дзевяць.

      – Дзевяць?! Ды ты пасівееш у той навуцы.

      Праз пару гадзін пушча скончылася. Хлопцы выйшлі на адасоблены луг плошчай з добрую валоку. Побач расло колькі подкуравых дубоў. З іншага боку цякла з поўдня на поўнач рака, а за ёю быў сасновы бор са стромкімі дрэвамі, гладкімі, як кажуць, быццам звон.

      – Тая паляна называецца Лапекі, – паведаміў Косцік. – Вунь у той бок, – паказаў ён направа, – выходзіць зімнік да мястэчка, якім твае смалерчукі прыйдуць.

      Да той дарогі яны, аднак, рушылі не адразу – павярнулі ўлева, абышлі паляну па кромцы лесу, ля ракі раздзеліся знізу да пояса, перайшлі ў вядомым Косціку плыткім месцы ўброд і, адзеўшыся, рушылі берагам бору ўправа, набліжаючыся да броду, праз які праходзіў зімнік. Апынуўшыся за адну стаю ад яго, яны ўселіся на сухім беразе рэчкі і пачалі чакаць.

      Раніца была празрыстая, нібыта шкло. Сонца паднялося ўжо над лесам, асвятляючы большую частку паляны і сцяну бору. Пушча, з якой яны прыйшлі, яшчэ драмала ў цені. Над лугам, што пераліваўся кветкамі, з меладычным гудзеннем снавалі пчолкі і пырхалі яркія матылі. На яварах і чароце над рэчкаю блішчэла буйная раса. З берага рака прасвечвала навылёт, і ў вадзе былі відаць маленькія рыбкі-гарэзы, жвір і каменьчыкі на дне. Гладкая плынь выглядала шкляною і цякла ціха, ледзь цурчэла. Часам хіба што плюхала якая большая рыбка, і тады на паверхні з’яўляўся грабеньчык хвалі, шырачыся і слабеючы, як мыльная бурбалка, альбо корань алешыны паказваў сваю лапу – і воднае шкло ізноў моршчылася. Бор напоўніўся птушынымі песнямі.

      – А можа, яны прайшлі ўжо? – спытаў Стах.

      – Ды нават калі б рыссю беглі – і тое не было б іх яшчэ.

      Не прайшло і дзесяці хвілінаў, як на павароце зімніку на Лапекі паказаліся сілуэты смалярскіх хлопцаў.

      – Ну я ж казаў, – прамовіў Косцік.

      Яны глядзелі і спрабавалі разабраць тых, што ішлі наперадзе.

      – Што, і Валька Трызна пехатою ідзе?

      – Валька, Віцька, Адась, Болік і Юзік там, – паведаміў Стах, успомніўшы, хто збіраўся.

      – Так, Юзік ад баб нізашто не адліпне.

      – Ну. А які задавака, жах проста. Чуў, хваліўся нядаўна, што калі захоча, дык найпрыгажэйшая дзяўчына за ім сама бегаць будзе.

      – Ды ты што? Можа, ён сабе кажановыя вілкі здабыў?

      – Гэта як – кажановыя вілкі?

      – Ты такога не ведаеш? У сэрцы старой кажаніцы вырастаюць такія касцяныя вілкі, з якімі можна каханне здабыць. Трэба злавіць кажаніцу, забіць і кінуць у мурашнік. Праз тры дні ад яе толькі тыя

Скачать книгу