ТОП просматриваемых книг сайта:
Надбярэзінцы. Фларыян Чарнышэвіч
Читать онлайн.Название Надбярэзінцы
Год выпуска 1942
isbn 978-985-7165-14-8
Автор произведения Фларыян Чарнышэвіч
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
XII. Клопаты і мары смалерчукоў
Двор Балашэвічаў быў на іншым канцы мястэчка. Купілі яны два дамы, але занялі пакуль што адзін – крайні. З вуліцы быў пакой з грубкай і рускай ляжанкаю, пасярэдзіне, ад ганка, – невялічкія сенцы, ззаду – кухня з вялікай печчу і сталовы пакой, які часткова служыў спальняй.
Цяпер іх дом быў самы населены ў Смалярні і, нягледзячы на зусім нядаўні пераезд, больш за ўсіх пульсаваў радасцю. Усе хадзілі і размаўлялі нібыта ахопленыя гарачкаю. Малодшых братоў Стаха, што палалі аж залішнім энтузіязмам, бацька пару разоў мусіў нават рэменем суцішаць: хлопчыкі вельмі радаваліся вялікай колькасці дзвярэй і, бегаючы туды-сюды, стваралі проста невыносны шум.
Пасля вячэры дзядулька, дзядзькі і цёткі пайшлі да суседа, Амбражэя Ладана, на «ўсяночную». Праз гадзіну Стах, нагаварыўшыся з маці й братамі і налюбаваўшыся малой сястрычкай, разам з бацькам таксама рушыў туды.
У хаце Ладана было поўна людзей – спявалі жалобныя песні па Езусе. На ганку стаяла купка падлеткаў.
Калі Балашэвічы праходзілі міма іх, адзін з падлеткаў схапіў Стаха за рукаў і, пачакаўшы, пакуль Ян зойдзе ў дзверы, спытаў:
– Гэта твой бацька?
– Ага, мой.
– Як цябе зваць?
– Стась Балашэвіч. І мне ўжо дванаццаць гадоў. Гэта каб вы не думалі, што я смаркач нейкі.
– Дванаццаць? – усклікнуў суразмоўца. – Вы паглядзіце на яго! Дык мы аднагодкі. То я над табою старшыняваць буду, згодзен? – дадаў ён праз імгненне. – Я Адась Сцяпура.
– Старшыняваць – гэта як?
– А ты яшчэ не ведаеш? У нас у Смалярні «закон» такі ёсць, што малодшыя старэйшых слухаюцца. А калі равеснікі, то старшынюе мацнейшы, так што калі не хочаш добраахвотна падпарадкоўвацца, будзеш са мной біцца.
– Я нічыйго старшынства не прызнаю, і вашага «закону» – таксама. Пусці мяне, пайду спяваць.
– Не, братка, спачатку ты з намі паспяваеш. Пайшлі біцца, бо калі адмовішся, мы цябе тхаром абняславім, і ніводзін хлопец сяброўства з табою мець не захоча.
– Думаеш, баюся? Ну і хадзем, калі табе так хочацца.
Яны адышлі да сярэдзіны дзядзінца на роўнае месца, зацягнулі рамяні, паплявалі ў далоні і ўзяліся загрудкі. Адразу нахіліліся ўперад, каб не даць паваліць сябе на спіну. Грамада, абступіўшы іх, падахвочвала крыкамі. Хлопцы мелі прыкладна аднолькавую сілу, таму барукаліся аж чвэрць гадзіны: гнулі адзін аднаго, пхалі ззаду, падымалі за пояс у паветра, круцілі ва ўсе бакі, напіналі цягліцы, хітравалі па-рознаму – усё марна. Урэшце Адась неяк схітрыўся моцна Стаха пхнуць, рэзка таргануў да сябе, падставіў нагу і заваліў на бок. Потым перавярнуў на лапаткі і спытаў:
– Здаешся ці яшчэ хочаш?
– Не паддавайся! Яшчэ раз давай! Тры разы трэба, Бог тройцу любіць! – закрычалі хлопцы.
– Болей не хачу, камандуй, – абвясціў Стах.
– О, давай пяць! – усцешыўся Адась, узяў Стаха за