Скачать книгу

абурылася Валянціна. – У галерэі выставу павесілі! Ужо ўвесь наш паверх збегаў паглядзець! Ідзі неадкладна, палюбуйся! Можа, таемна закаханы ў цябе мастак маляваў?

      Нават у пячоры Цыклопа, напэўна ж, меліся куточкі, дзе хавалася прыгажосць, – ну там, раслі ў расколінах між камянёў бляклыя вытанчаныя кветачкі ці складаліся ў выпадковы незвычайны малюнак каменьчыкі… На дзясятым, апошнім, паверсе Шэрай Будыніны была Галерэя.

      Напачатку гэты паверх лічыўся нешчаслівым. Яго здавалі ў арэнду, але колькі ні засялялася ўстановаў – усе неяк хутка і непрыкметна прагаралі. Шыльды не паспявалі мяняць. Даўжэй за ўсіх пратрымалася турыстычная фірма «Солнечный рай». Але і рай ляснуўся, і дырэкцыя будыніны, змахнуўшы апошнія анёльскія пёркі з канцылярскіх сталоў, вырашыла адкрыць на нешчаслівым паверсе выставачную залу. Прычым грошай убухалі туды, як нявопытная гаспадыня солі ў боршч: сігналізацыя, кандыцыянеры, увільгатняльнікі… А навошта? Ася пару разоў схадзіла на прэзентацыі – супрацоўнікам «Сокала-прынта» ўваход быў бясплатны, але абодва разы няўдала. Адзін раз гэта аказалася выстава сына вядомага памерлага мастака. Нябожчык калісьці згубіў капялюш і частку інтэлекту ў эзатэрычных завіхрэннях. Сын, маладзён з пячаткай алкагалізму на капрызлівым прыгожым твары, старанна пераймаў бацьку, спрабуючы пераўзысці яго яркасцю колераў, экспрэсіўнасцю сюжэтаў і касмічнымі азарэннямі, і выглядала гэта да агіды непамысна, як гульня школьнікаў у морг. Другі раз Ася патрапіла на выставу твораў людзей з «асаблівасцямі псіхікі». Арт-тэрапія – справа добрая, але маладую рэдактарку канкрэтна пачало ванітаваць – асабліва перад карцінай алеем пад назвай «Перст»: на палатне быў намаляваны жоўты палец, велічынёй з батон, які ляжаў зусім асобна на шорсткай зялёнай траве, а з яго раслі чырвоныя кветачкі, страшэнна падобныя да крывавых пырскаў. Што праўда, была магчымасць зняць стрэс: арганізатары выставы рыхтавалі фуршэт. Пасярод залы цягнуліся вузкія сталы, а раскладзеныя на іх прадукты былі накрытыя блякла-юлёвымі абрусамі… Вядома, пад тканінай знаходзіліся рэчы зусім звычайныя – бутэлькі з напоямі, талеркі з горамі бутэрбродаў і садавіны, кубкі… Але на фоне пранізліва-яркіх, да галаўнога болю, карцін пад абрусам, які распяльваўся на нябачных формах, угадвалася немаведама што, ледзь не кавалкі трупаў ці прылады для катавання. А пабачыўшы, як прывялі самадзейных мастакоў, у прынцыпе, звычайных людзей, зусім не страшных, толькі задужа спакойных, Ася ганебна збегла… І болей на дзясяты паверх не хадзіла.

      Цяпер яна ўспомніла, што бачыла ў вестыбюлі афішкі з рэпрадукцыямі зялёна-блакітна-жоўценькіх пейзажыкаў на сінім фоне. Учора ўвечары ў галерэі адчынілася выстава-алаверды з нейкім музеем з расійскай глыбінкі. Цікава, яны – калекцыю жывапісу ХІХ стагоддзя, а што павезлі нашыя ўзамен? Алкагольна-касмічныя азарэнні альбо жывапіс пацыентаў псіхушкі?

      Што ж, затое гара тэчак яшчэ пачакае… І Арсенія паімчала да ліфта, разганяючы пыльнае паветра ветразем чорнай спадніцы – вось добры

Скачать книгу