Скачать книгу

у кладоўкі паміж паверхамі. Хаця больш за ўсё Вячка нагадваў не маньяка, а пярэваратня. Ваўкалака. Ваўка. Жылістага, напятага, вясёла-шалёнага…

      – Я напісаў пяць раманаў, – змрочна прамовіў Вячка, нібыта прызнаваўся, што пахаваў пяць жонак. – Гэта было… файна, пісаць іх… Ведаеш, мне тады па барабане ўсё, што адбываецца вакол, я паміраю, нараджаюся, забіваю, атрымліваю ўдары, кахаюся, здраджваю – разам са сваімі героямі. Аднойчы, як у Максіма Горкага, застаўся шнар на грудзях – калі выпісаў сцэну, дзе князя Барыса Глінскага забіваюць ударам корда ў сэрца. Крыві ў мяне не было – чырвоны след, нібыта апёк, і шнар застаўся, як ад апёку… Вось… – Вячка на імгненне расшпіліў чорную джынсавую кашулю. – Ведаеш, у маім свеце цікавей, бясконца цікавей, чым у вашым… Але рэальным ёсць усё-ткі ваш… Гэты… Я не магу больш трываць гэтай рознасці.

      Скрыніч уздыхнуў, нібыта перад скачком з парашутам.

      – Я напісаў раман… І я хачу яго пражыць. Ася не стрывала і засмяялася.

      – Гэта называецца ролевая гульня, спадар Вячаслаў. У асноўным падлеткі захапляюцца.

      Вячка не пакрыўдзіўся, наадварот, нібыта супакоіўся, збліснуў гарэзна вачыма.

      – Ты думаеш, у мяне дах паехаў ці я па пялюшках і бразготках занастальгаваў? Не. Як гэта ні прыніжальна – я надзіва неарыгінальны. Калісьці Петроній, арбітр элегантнасці ў Неронавым Рыме, напісаў раман і таксама захацеў яго пражыць – бо сам у рэальным жыцці нічога падобнага не меў. І яны з сябрам-вольнаадпушчанікам селі на аслоў і адправіліся ў падарожжа, паўтараючы прыгоды герояў. Блыталіся па прытонах, разбойніцкіх сховішчах, оргіях…

      Арсенія паспрабавала зручней усесціся на жорсткім чэрапе манітора – не ўдалося. Вось жа няёмкасць – усебаковая. Знізу – вострая грань манітора, мазгі кампасціруе літаратурны геній, і ці не лепей вярнуцца да тэчак? Оргіі, прытоны… Ася выдатна памятала сюжэты Вячкавых раманаў: рыцары з гатычных замкаў шукаюць цмокаў у азёрах Віцебшчыны, замкнутыя ў сутарэннях паненкі адмаўляюцца ад шлюбаў па прымусу, яшчэ абавязкова скарбы трэба адшукваць – і скарбы абавязкова праклятыя… А яшчэ Вячка любіў падарожжы ў часе. Змешваць эпохі, перакідаць туды-сюды герояў, ды каб у прышэльца з іншага часавага вымярэння надарылася рамантычнае каханне… А яшчэ хтосьці з герояў сабой ахвяруе, на пакутніцкую смерць добраахвотна пойдзе, ворагам у пашчу… А каханая, што яго пры жыцці мучыла, тады валасы на сабе рве і светлую памяць захоўвае. А антураж які: палац візантыйскага імператара, пячора ў вампірскіх Карпатах, зал у Нясвіжскім палацы, нетры Белавежскай пушчы, рымскія катакомбы… І як Вячка збіраецца гэта пражываць? Арсеніі зрабілася нудна, як заўсёды, калі да яе прарываўся аўтар, якога трэба было, асабліва не крыўдзячы, адправіць з Богам і з ягоным абсалютова «Сокалу-прынту» і асабіста Асі непатрэбным рукапісам.

      – Ведаеце, гэта, напэўна, цікава, але я не захапляюся ролевымі гульнямі.

      – Позна, – твар Вячкі перакрывіўся не самай лагоднай усмешкай. – Ты ўжо ў гульні.

Скачать книгу