Скачать книгу

й дадумлівалася з гукаў, што гэта па-ірляндзку, – сказала яна. – А вы ня з захаду, сэр?

      – Я ангелец, – адказаў Хэйнс.

      – Ён ангелец, – сказаў Бык Маліган, – і ён думае, што мы ў Ірляндыі павінны гаварыць па-ірляндзку. [19]

      Старая жанчына паважае „кастаправа” і „знахара” (Маліган – студэнт мэдыцыны), таксама сьвятара („які яе выспаведае й памажа ў магілу ейныя астанкі”), а паэт ёй не патрэбны („на мяне не зьвяртае ўвагі”). У старажытную пару, калі Ірляндыя была вольнай, пясьняр засядаў праваруч караля і да ягонага голасу прыслухоўваўся ўвесь народ. Празь вякі няволі і слугаваньня народ забыўся пра сваю гістарычную традыцыю, што больш, забыўся нават свае мовы. На роднай мове народу гаворыць чужынец, чые продкі паняволілі гэты народ. Ці ж можа быць больш горкі камэнтар да ірляндзкай сытуацыі?[17] Кожнаму з эпізодаў „Уліса” Джойс прыпісаў асобнае мастацтва – сымбалічную дамінанту, якой падпарадкаваны (на стылістычным і сэмантычным узроўнях) дыскурс эпізоду. У эпізодзе „Тэлемах” дамінуе тэалёгія. Яна пададзена як у камічным ракурсе (жарты Малігана неадчэпна круцяцца вакол царкоўна-багаслоўскіх пытаньняў[18]), так і на поўным сур’ёзе (духоўныя ваганьні Стывэна, якія раскрываюцца празь ягоны ўнутраны маналёг). Маліган у характэрным яму стылі ўводзіць праблему, якая ёсьць асноўнай філязофскай праблемай рамана. Хэйнсу, зацікаўленаму Стывэнавай тэорыяй наконт загадкі Гамлета, Маліган кажа: „Гэта зусім проста. Ён з дапамогай альгебры даказвае, што ўнук Гамлета ёсьць дзедам Шэксьпіра, а ён сам – прывід свайго ўласнага бацькі”.[19] Хэйнс, які ня надта вычувае Маліганаву іронію, рэагуе ў сур’ёзным стылі: „Я дзесьці чытаў адно багаслоўскае тлумачэньне. Ідэя Айца й Сына. Сын, які імкнецца да ўзьяднаньня з Айцом”. На гэта Маліган адказвае яму блюзьнерскай „Балядай пра Насьмешлівага Ісуса”, дзе прадстаўляе, між іншым, сваю трактоўку цуду ў Кане Галілейскай.[20] Хэйнс спрабуе ўцягнуць Стывэна ў тэалягічны дыспут, але Стывэн ухіляецца. Тэма слугаваньня набывае сваю завершанасьць у прызнаньні Стывэна, што ён – „слуга двух паноў ці, лепш сказаць, паняў”, Брытанскай імпэрыі і Рымскай каталіцкай царквы. Аднак жа абуджаная Маліганам Стывэнава сьвядомасьць зьвяртаецца да „тайны тайнаў” – суадносінаў паміж Богам-Айцом і Богам-Сынам – ды тых ерасіярхаў, якія спрабавалі вырашыць яе па-свойму і папалі ў канфлікт з афіцыйнай дактрынай Царквы.

      Гордыя, уладарныя тытулы прагучалі ў Стывэнавай памяці трыумфам медных званоў: et unam sanctum catholicam et apostolicam ecclesiam: павольны рост, высьпяваньне абрадаў і догматаў, як ягоных уласных запаветных думак, альхімія зорак. Апостальскі сымбаль у імшы папы Марцэла, галасы зьліваюцца ў адно гучнае ўсхваленьне, а пад іхні сьпеў нядрэмны анёл ваяўнічай царквы абяззбройвае ерасіярхаў і пагражае ім. Арда ерасяў у скасабочаных мітрах кідаецца наўцёкі: Фотый і кагорта насьмешнікаў, сярод якіх і Маліган, і Арый, які ўсё жыцьцё ваяваў супроць адзінасутнасьці Сына з Айцом, і Валянцін, які грэбаваў зямной існасьцю

Скачать книгу


<p>17</p>

Беларускія паралелі тут непазьбежныя. Таксама прыходзіць на думку які-небудзь Някрасаў зь ягоным фальклёрным спачуваньнем паляшуцкаму ідыятызму.

<p>18</p>

Баюся, што ўбогая традыцыя беларускамоўнай царкоўнай літаратуры – галоўная прычына, з-за якой бальшыня маіх перакладчыцкіх натугаў у гэтым эпізодзе застанецца недаацэненай. Прыкладам, колькі чытачоў магло скумекаць, што на першы погляд ідыёцкая показка Малігана „І выйшаўшы вонкі, балакаў на пазадворку”зьяўляецца пэрыфразай радка з Новага Запавету „І выйшаўшы вонкі, плакаў горка” (Мацьвей, 26–75).

<p>19</p>

Так анансаваная тэорыя будзе разгорнутая Стывэнам у дзявятым эпізодзе, „Сцыла і Харыбда”.

<p>20</p>

Джойс цытуе толькі тры страфы з аўтэнтычнага верша Алівэра Сэнт-Джона Гогарты „The Ballad of Joking Jesus”.