ТОП просматриваемых книг сайта:
Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік). Анатоль Кудравец
Читать онлайн.Название Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік)
Год выпуска 2014
isbn 978-985-7089-89-5
Автор произведения Анатоль Кудравец
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»
Издательство Электронная книгарня
У з’яўленні гэтага воблачка на небе Паўлу бачылася нейкая сур’ёзнасць, незразумеласць нейкая. Колькі дзён стаіць задуха, як у выпаленай печы, то хай бы ўжо хмара ці аблокі, ад якіх можна чакаць чаго хочаш, а тут нешта такое… Нібыта несур’ёзнае.
І чым болей Павел прыглядаўся да воблачка, тым большае яму бачылася, большае ўгадвалася. Яму бачыліся на воблачку чорныя крыжыкі, і гэтыя крыжыкі таўсцелі, набухалі сінькай, як жалы на руцэ ў час натугі.
І ўжо было гэта быццам не воблачка, а нямецкі самалёт-карэкціроўшчык. Завіснуў і выглядае, што робіцца на зямлі. А што яно можа ўгледзець са сваёй вышыні і што хоча ўгледзець? Гэты ядлоўцавы куст, які акруглай капой распоўзся над імхом і сеткай ценю хавае Паўла ад сонца? Ці яго вінтоўку і падсумак з сарака патронамі? Ці хоча разгадаць думкі, ад якіх у яго трашчыць галава і з якімі ні да каго не пойдзеш. Нават да камандзіра, да самога Зайца. Вядома, ён паслухае, вядома, выслухае. Сур’ёзны мужык, Павел ведаў яго яшчэ з да вайны, калі той быў сакратаром райкама. Тады ён прыязджаў да бацькі, на паляванне. Прыязджаў і пасля, калі толькі пачыналіся партызаны. Агітаваў уступаць у атрад. Паўлу не трэба была агітацыя – сам пайшоў. Ну, выслухае ён, а далей што? Нават пра стрэл над вухам Павел не стаў яму расказваць… Як ты дакажаш, што цябе хацелі забіць? Каб хацелі б, то забілі б. Не забілі ж… Хіба можна прамахнуцца з аднаго кроку?.. Ды і самому Зайцу зараз няпроста. Пакуль атрад арганізоўваўся, пакуль партызаны былі самі па сабе, Заяц з Супруном усім запраўлялі. Ды што запраўлялі?
Стварылі базы, зімні лясны лагер, правялі не адну аперацыю. Пра атрад загаварылі… Вайна мае свой тэлеграф… Расчысцілі поле пад лясны аэрадром. Пачалі прымаць самалёты, а з імі прадстаўнікоў з «кадравых». Прыляцела адна група, другая… Зайца і Супруна пачалі паціху адціраць… Атрад раздзялілі на два, два камандзіры, ім – двух баявых намеснікаў, з тых, прылётных. Заяц ужо без іх згоды і кроку не можа ступіць… Павел сабраўся ўжо задрамаць, але прыляцела нейкая птушачка. Нешта распушанае, растрывожанае, як верабейка, калі ўгледзіць ката. Зімоўка… Сіваватае пер’ейка, на грудцы і на жываце блякла-жаўтлявае. Села на галінку, пазірае на яго. Пераляцела на другую. І зноў пазірае, быццам хоча нешта сказаць. І Павел голасу не падае, сочыць за ёй вачыма, і птушачка маўчыць – паверне галоўку, ускіне крылцамі і сядзіць… Выстаў руку – і, здаецца, возьмеш. Выставіў – адляцела. Вярнулася зноў. І так з паўгадзіны ці болей. Пырхпырх… – і сядзіць, абшчапіўшы тоненькімі кіпцікамі галінку.
Што ты хочаш сказаць?.. Нешта ж хочаш… Можа, вестку якую прынесла?.. Відаць, прынесла…
Прыехалі вярхом на конях Заяц з Каганавым. Заяц – у скураной кепцы. Каганаў у кубанцы, перахрышчанай чырвонымі паскамі, у скуранцы. І ў гэтую спякоту ён не здзяваў ні кубанкі, ні скуранкі. Конь пад ім быў добры, можа лепшы, чым у Зайца. Ён проста танцаваў пад седаком, і сядак прытанцоўваў, гарцаваў у сядле. Яму падабаўся гэты танец. Пагарцуй, пагарцуй!
Заяц