ТОП просматриваемых книг сайта:
Шалом. Артур Клінаў
Читать онлайн.Название Шалом
Год выпуска 2011
isbn 978-985-6991-08-3
Автор произведения Артур Клінаў
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
– Хочаш – паехалі разам!
– Да-жін-кі, – крыху каверкаючы слова, паўтарыла дзяўчына.
– Не дажінкі, а дажынкі. «Ж» цьвёрдае. Бо «да жінкі» – гэта як па-ўкраінску «да жонкі». Хаця не! «Да жонкі» будзе «да дружыны». А! Добра! Чорт зь ім!
– Ха! Я ні разу не была на ўсходзе! Аднойчы мы езьдзілі ў Познань, але далей не даводзілася выбірацца.
– Знайшла мне ўсход! У Познань – гэта амаль тое самае, што зьезьдзіць у Бон!
Андрэ пачынаў пакрысе ажыўляцца. Андрэйка, які драмаў дзесьці далёка ўсярэдзіне, мабыць, ачомаўся ад суботняга перапою і высунуў свой заспаны лыч у гэты сыры дажджлівы гановэрскі вечар.
– Ты павінна ўбачыць сапраўдны ўсход! Зьезьдзіць да нас – тое самае, што наведаць Індыю! Беларусь – сьвятая зямля арыйскіх багоў! У часы акупацыі гаўляйтар Кубэ нават хацеў Асгард збудаваць у нашых багнах. Не пасьпеў, праўда. Масква бомбу пад матрац падклала. Дарэчы, як цябе завуць? Мяне – Андрэй, але тут, у Нямеччыне, сябры завуць Андрэ.
– Інгрыд!
– Інгрыд! Якое кляснае імя! Гучыць як у багіні з старажытнага нямецкага міту! Ну што, едзеш?
– Добра, паехалі! У цябе ёсьць што-небудзь выпіць? – яна ўсьміхнулася з выглядам чалавека, які, вядома ж, ні ў які Могель на сьвята піва ехаць не зьбіраўся, але патусавацца вечарок зь дзіваком у шаломе ў прынцыпе ня супраць.
У Андрэ яшчэ заставалася пятнаццаць эўра, якія нядрэнна было б з розумам расьцягнуць да Бэрліну. Але, зь іншага боку, падумаў ён, бутэлька «Егермайстару» ў такі зябкі вечар была б вельмі дарэчы. «А, хрэн зь ім! Да Бэрліну ўсяго нейкіх дзьвесьце пяцьдзясят кілямэтраў. Калі раніцай выехаць, то пасьля заходу сонца я ўжо буду з хобітамі парыць мазгі грапай у Тахелесе», – вырашыў ён і ўголас прамовіў:
– Ты ня ведаеш паблізу якой-небудзь недарагой крамы кшталту «Лідла»?
Увесь час, пакуль Андрэ размаўляў зь Інгрыд ды нахвальваў ёй вартасьці магілёўскага піўнога фэсту, за імі нястомна назіралі некалькі параў уважлівых вачэй. Калі ж яны рушылі ў бок найбліжэйшага недарагога супэрмаркету, нехта, відаць, добра знаёмы зь Інгрыд, паклікаў яе і, пацікавіўшыся, куды яны накіроўваюцца, асьцярожна запытаў, ці ня мог бы ён да іх далучыцца.
На што Андрэ, акінуўшы вокам экстравагантную фрызуру кандыдата ў кампанію й крыху расправіўшы плечы, рашуча адказаў:
– Ведаеш, камрадэ, я вяртаюся з фронту й крыху патраціўся ў дарозе. Наступным разам, калі наведаю Гановэр, абавязкова пастаўлю выпіўку ўсяму вакзалу, але сёньня, на жаль, «Егермайстру» хопіць толькі на дваіх.
Пакуль яны прабіраліся праз сутоньне дажджлівых вуліцаў да недарагой крамы, Андрэ зацікаўлена з усіх бакоў прыглядаўся да Інгрыд.
«Так, тое, што трэба! Я ўзяў бы яе з сабой у сьвятую зямлю германскіх багоў!» Яму падабаліся паненкі крыху хударлявага, падлеткавага складу, зь невялікім бюстам ды зграбным азадкам, асабліва калі ён, як цяпер у Інгрыд, быў туга абцягнуты чорнымі джынсамі.
Яшчэ ў юнацтве ў альтэрнатыву