ТОП просматриваемых книг сайта:
Шалом. Артур Клінаў
Читать онлайн.Название Шалом
Год выпуска 2011
isbn 978-985-6991-08-3
Автор произведения Артур Клінаў
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
Андрэ запусьціў руку пад коўдру й, як скульптар па матэрыяле, прайшоўся далоньню па выгібах яе цела.
– Уставай, нам пара! – прашаптаў ён на вушка.
Інгрыд расплюшчыла вочы й нейкі час моўчкі глядзела на Андрэ.
– Нам пара! – паўтарыў ён.
– Куды пара?
– Як куды? У Бэрлін!
– Ты ненармальны! – яна заплюшчыла вочы, потым ізноў зірнула на Андрэ й дадала: – Пачакай мяне на кухні.
Калі Інгрыд зьявілася на кухні, Андрэ пераканаўся ў сваёй учорашняй здагадцы, што чорная касмэтыка яе толькі псуе, надае выгляд вульгарнейшы, чым ёсьць у жыцьці. Насамрэч вочы фасбіндэраўскага анёлка аказаліся настолькі выразныя, што ў прынцыпе не патрабавалі ніякай касмэтыкі, ну хіба самую дробязь.
– Шайзэ! Галава баліць, – Інгрыд прысела каля стала, заваленага пустымі пляшкамі з-пад піва. Паглядзела на іх з надзеяй знайсьці хоць адну неадкаркаваную. – Што за шайзэ ты пытаў мяне ўначы?
– А так, глупства! Праехалі!
– Чортавы прыдуркі, хоць бы адну на раніцу пакінулі!
Вытрымаўшы паўзу, Андрэ палез у заплечнік і выцягнуў бляшанку піва, якую прадбачліва заныкаў зь вечару.
– М-да… Хведар Міхайлавіч мяне ня ўхваліць! – ён уявіў, як бровы Міхалыча на партрэце пэндзля Крамскога нахмурыліся, а ўказальны пальчык зрабіў некалькі амаль заўважных дакорлівых рухаў. Затое вочы Інгрыд, наадварот, акрыялі – у іх зазіхацеў лёгкі агеньчык:
– Хто такі Фьедор Міхайловіц? – адкаркоўваючы бляшанку, спытала яна.
– Ды так, знаёмы адзін. Дастаеўскі. Дастае мяне па раніцах! Прыйдзе, сядзе ля ложку й пазірае сумнымі вачыма!
– Будзеш?
– Буду! Але пазьней! Дабярэмся да Тахелесу – тады яшчэ як буду! «Трэба пазнаёміць яе з Хведарам Міхайлавічам!» – падумаў Андрэ, заўважыўшы, зь якім задавальненьнем Інгрыд перакуліла шклянку піва. Запаліўшы цыгарэту, яна запытала:
– Што такое Тахелес?
– Гэта калёнія мастакоў у Бэрліне. Табе там спадабаецца! Паехалі!
– Ты ненармальны!
– Ня хочаш? Ну й заставайся на гэтай смуроднай кухні сярод бычкоў і пустых пляшак! А мне трэба на трасу! – Андрэ ўзьняўся й дэманстратыўна накіраваўся да выхаду.
– Стой! – Інгрыд пільна, ва ўпор паглядзела яму ў вочы. Некалькі імгненьняў, не міргаючы, узіралася ў іх, нібы счытваючы нейкую радыёграму, што перадавалася адтуль. Потым яшчэ некалькі імгненьняў расшыфроўвала, аналізавала, думала, вырашала й нарэшце прамовіла:
– Добра! Пакіну Максу запіску, што некалькі дзён буду ў Бэрліне! Паехалі!
Далей падзеі разгортваліся імкліва. Інгрыд хутка сабралася. Андрэ папрасіў яе ў сувязі зь недахопам часу абысьціся сёньня без гатычнага грыму. Ужо ля дзьвярэй Інгрыд зьняла зь вешалкі доўгае чорнае скураное паліто й працягнула яму.
– Апрані гэта! Да шалому яно больш пасуе!
– А як жа Макс?
– У