Скачать книгу

каля станцыі метро «Маладзёжная». Усё ў Таццяны складвалася выдатна, пакуль не стаў да яе прыходзіць начны мужчына. Мірная засынала, і да яе ў сон заходзіў вялікі мужчына. Забаўляўся той ненатольны мужчына з Таццянаю да самай раніцы. З-за тых забавак пачала яна худнець, марнець, сохнуць і зрабілася зусім як цень. Прыбірачка з «Рэспублікі» паспачувала Мірнай і асцярожна параспытвала пра прычыну такога хуткага змарнення. Жанчына баялася казаць пра начнога мужчыну з шасцю пальцамі на левай руцэ, але расказаць пра яго ўсё ж наважылася. Прыбірачка параіла змучанай Тацяне пайсці ў батанічны сад і знайсці каля возера Блакітныя канваліі. Тыя канваліі Мірная паклала ўвечары на сваю коўдру. Пасярод ночы жанчына прачнулася ад гучнай лаянкі. Шасціпалы абураўся тым, што жанчына схавалася за чароўную кветку. Палаяўся ён, паабураўся, пасварыўся і сышоў назаўжды. Праўда, трэба сказаць, што Блакітныя канваліі мужчына знёс.

      Сінія людзі

      Былы міністр фінансаў Станіслаў Лыч набыў і адрамантаваў вялікую кватэру ў Бранявым тупіку. Гэта была зусім не простая кватэра. Лыч выкупіў цэлы паверх у двухпавярховым дамку. З цягам часу ён збіраўся і першы паверх выкупіць, але суседзі з першага былі яшчэ не гатовыя да продажаў і пераездаў. Станіслаў іх не прыспешваў. Чыноўнік умее чакаць. Сядзенне па розных прыёмных зрабіла яго цярплівым. Але ні сам Лыч, ні хто іншы з яго сям’і не чакаў, што ўночы прыйдуць да іх Сінія людзі. Яшчэ і сямі дзён не пражылі Лычы ў свежай адрапараванай кватэры, а Сінія ўжо з’явіліся. Яны заявіліліся і пачалі душыць былога міністра. Той прасіўся і прапаноўваў Сінім людзям у якасці ахвяры ўласнага сына. Сінія пагадзіліся. Яны пайшлі і задушылі Лыча-малодшага. Цяжка было Сінім задушыць маладога асілка Станіслававіча. Бо асілкам ён быў сапраўдным. Каб Сініх людзей у страшную ноч было не пяць, а тры, дык яшчэ не вядома, хто б каго замардаваў. Лыч-старэйшы і паспадзяваўся на сынаву дужасць. Але паспадзяваўся дарэмна. Сінія задушылі і сына ягонага, і жонку ягоную і яго самога. Задушылі ўсіх, кватэру абрабавалі і сышлі ў тую непралазную цемрадзь турэмных сутарэнняў, адкуль і з’явіліся.

      Шэры шэпт

      Студэнт-архітэктар штодня ездзіў паўз могілкі. У адну золкую лістападаўскую раніцу ён і пачуў Шэры шэпт. Студэнт якраз праязджаў на аўтобусе адчыненую могілкавую браму, калі пачуў запрашэнне: «Хадзі сюды…» Архітэктар не надаў патрэбнай увагі Шэраму шэпту, таму той паўтарыў запрашэнне тройчы. «…хадзі сюды, хадзі сюды». Пасля заняткаў студэнт вырашыў не рызыкаваць, не спакушаць лёс і паехаць паўз могілкі на метро. Але Шэры шэпт і ў метро пераняў студэнта, і, як толькі вагон пайшоў пад магіламі, запрашэнне прагучала выразна і настойліва. Вячэраючы, студэнт расказаў бацькам пра Шэры шэпт з ягонымі запрашэннямі. Бацькі ўспрынялі аповед як чорны жарт і дарма, бо ўвечары напраўду здарылася трагедыя. Сын выправіўся ў начны клуб. Ён выйшаў з кватэры, выклікаў ліфт на свой шосты паверх, зайшоў у кабіну, а яна ўзяла ды абарвалася. На хаўтурах толькі і было размоў, што пра Шэры шэпт.

Скачать книгу