ТОП просматриваемых книг сайта:
Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. Васіль Герасімчык
Читать онлайн.Название Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда
Год выпуска 2018
isbn 978-985-7134-35-9
Автор произведения Васіль Герасімчык
Жанр Биографии и Мемуары
Издательство Электронная книгарня
Па-першае, пасля смерці Мікалая І ў Вільні археограф Яўстафій Тышкевіч атрымаў дазвол стварыць Музей старажытнасцей, пры якім пачала дзейнічаць Археалагічная камісія. У ліку яе дзеячаў акрамя братоў Яўстафія і Канстанціна Тышкевічаў, Тэадора Нарбута, Уладзіслава Сыракомлі, Юзэфа Крашэўскага і Міхала Балінскага быў Адам Кіркор (1818–1886), з якім пазнаёміўся Віктар Каліноўскі.
Кіркор, якога Арцём Вярыга-Дарэўскі ў сваім вядомым альбоме называе “Адаська” і “Мурашка працавіты”, актыўна займаўся навуковай дзейнасцю, асабліва археалогіяй і этнаграфіяй, паспеў выдаць шэраг альманахаў, перш чым у 1859 годзе заснаваў уласную друкарню і заняўся сумесна з Мікалаем Маліноўскім (1799–1865), былым філаматам і сябрам Адама Міцкевіча і Томаша Зана, рэдагаваннем газеты “Віленскі веснік” (1859–1865). Кіркор вялікую ўвагу надаваў вывучэнню славянскіх народаў, у тым ліку беларусаў. Ён нават звяртаўся да ўрада з прашэннем увесці навучанне ў школах Беларусі на роднай мове. Пад яго ўплывам мінскі маршалак Аляксандр Аскерка выдаў у 1862 годзе ў Варшаве беларускі буквар (“Элементаж”).[126] Менавіта Кіркор прапанаваў Каліноўскаму заняцца зборам матэрыялаў для Археалагічнай камісіі, для чаго неабходна было перабрацца ў Пецярбург.
Па-другое, пасля ўзыходжання на прастол новага імператара Аляксандра ІІ пачалася шырокая амністыя ў дачыненні да патрыятычнай моладзі з былой Рэчы Паспалітай. Адным з першых у іх ліку быў Зыгмунт Серакоўскі, на ўсталяванне сувязі з якім і выправіўся Віктар Каліноўскі.[127]
Браты Каліноўскія пасяліліся ў Выбаргскай часці па Другой Госпітальнай вуліцы ў доме Маслава,[128] дзе жылі служачыя Ваенна-сухапутнага шпіталя, размешчанага на суседняй Клінічнай вуліцы. Побач быў Самсоніеўскі мост праз раку Няву і два буйныя цукровыя заводы – далёка не лепшы раён для жыцця.
Пакуль старэйшы брат вышукваў гістарычныя дакументы ў публічнай бібліятэцы, паралельна наладжваючы сувязі з рэвалюцыйнымі гурткамі, Канстанцін 1 жніўня падаў прашэнне на імя выконваючага абавязкі рэктара Пецярбургскага ўніверсітэта вядомага фізіка Эмілія Хрысціянавіча Ленца аб дапушчэнні да прыёмных экзаменаў.[129]
У Пецярбургскім універсітэце
Пасля паспяховай здачы іспытаў, Канстанцін Каліноўскі 15 кастрычніка 1856 года быў залічаны ў лік “своекоштных студентов” І курса разраду камеральных навук Пецярбургскага ўніверсітэта.[130] А на наступны дзень ён, на падставе прадстаўленага ім пасведчання аб цяжкім матэрыяльным становішчы, быў вызвалены ад платы за слуханне лекцый.
У гэты час у Пецярбургскім універсітэце, які вёў сваю гісторыю з 1819 года, навучалася 478 студэнтаў. 395 з іх з’яўляліся “своекоштнымі”. Каліноўскі быў
125
Ігнатоўскі, У. Гісторыя Беларусі ў ХІХ і ў пачатку ХХ сталецьця. Лекцыі, чытаныя студэнтам Беларускага Дзяржаўнага універсітэту / У. Ігнатоўскі. – 2-е выд. – Мінск, 1926. – C. 125.
126
Шалькевіч, В.Ф. Кастусь Каліноўскі. / В.Ф. Шалькевіч – Мн.: Газ. “Голас Радзімы”, 1985. – C. 110.
127
Зыгмунт Серакоўскі (1826–1863) – капітан расійскага Генштаба, супрацоўнік часопісаў “Колокол” і “Современник”, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў. Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, але за ўдзел у падпольных патрыятычных гуртках быў высланы салдатам у Арэнбургскі корпус, дзе пасябраваў з Тарасам Шаўчэнкам. Вярнуўшыся па амністыі ў сталіцу імперыі, скончыў акадэмію Генштаба. Зблізіўся з М. Дабралюбавым, М. Чарнышэўскім. У 1857 стварыў у Санкт-Пецярбургу рэвалюцыйную суполку афіцэраў, сябрамі якой былі і браты Каліноўскія.
128
Кісялёў, Г.В. Летапіс жыцця і дзейнасці Кастуся Каліноўскага / Г.В. Кісялёў // З думай пра Беларусь. – Мн.: Беларусь, 1966. – С. 102.
129
Каліноўскі, К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / К. Каліноўскі; уклад., прадм., паслясл. і камент. Г. Кісялёва. – Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 1999. – С. 79.
130
Кісялёў, Г. Летапіс жыцця і дзейнасці Кастуся Каліноўскага / Г. Кісялёў // З думай пра Беларусь. – Мн.: Беларусь, 1966. – С. 102.