Скачать книгу

Лаўкі размяшчаліся прамавугольнікам па 14 лавак у даўжыню і па 6 у шырыню. З абодвух бакоў двара былі брамы, а ў сярэдзіне – пляц.

      Свіслацкі Успенскі кірмаш, другі па памерах ва ўсёй Гродзенскай губерні пасля Анненскага ў Зэльве, быў заснаваны яшчэ ўладальнікам мястэчка Тышкевічам, які атрымаў прывілей ад караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста 16 студзеня 1783 года. На час кірмаша Тышкевіч нават запрашаў у мястэчка тэатральныя калектывы з Гродна, Вільні і Варшавы.

      Таму ў Свіслач прыязджалі не толькі жыхары вакольных вёсак ды суседніх губерняў, але і гандляры з Каралеўства Польскага, Цэнтральнай Расіі, Украіны, а таксама з Аўстрыі, Прусіі, Францыі, Італіі, Даніі, Турцыі. Усяго збіралася да 3–4 тысяч чалавек. Гандлявалі тымі ж таварамі, што і на Анненскім кірмашы. Пераважнае значэнне мелі расійскія вырабы: у 1830 г., напрыклад, іх прывезлі на 172220 руб. (84 % агульнай сумы), а ў 1850 г. – на 31960 руб. З еўрапейскіх тавараў можна было купіць сукно, фарбы, інструменты, напоі, кнігі і інш. З “усходніх” вырабаў меліся кітайская гарбата, бухарскія і персідскія хусткі. Таксама гандлявалі коньмі, авечкамі, буйной рагатай жывёлай.

      Спачатку кірмаш праводзіўся як двухтыднёвы, пазней ужо як месяцовы – з 25 жніўня да 25 верасня. Але паступова яго значэнне памяншалася, на што паўплывала канфіскацыя Свіслачы царскімі ўладамі за ўдзел Тадэвуша Тышкевіча ў паўстанні 1830–1831 гадоў. Калі ў 1829 годзе на кірмаш прывозілі тавараў коштам больш за 200 тысяч рублёў, у 1845 годзе – да 135 тысяч рублёў, то ў 1857 годзе – толькі на суму 15 тысяч рублёў.[88]

      Яшчэ ў верасні 1850 года ваўкавыскі спраўнік даносіў губернатару пра цяжкасці, якія меліся ў Свіслачы: “Каменныя казённыя лаўкі па сваім трывалым, з усімі выгодамі для купецтва, папярэднім уладкаванні цяпер прыведзены ў такі стан старасці, што ў папярэдніх і цяперашнім годзе некаторыя гандляры пацярпелі страты ад намакання тавараў, бо дах на лаўках зусім стары, у выпадку дажджу лаўкі вадою залівае”.[89] У выніку перад паўстаннем 1863 года кірмаш у Свіслачы амаль перастаў існаваць.

      Вялікае значэнне для развіцця мястэчка мелі шляхі зносін, якія ахарактарызаваў Л. Патоцкі: “Хто добра натросся і не раз перакуліўся на самых горшых дарогах у нашым краі, хто пазнаёміўся з мясцінамі, дзе развальваюцца дамы, якія так мала адрозніваюцца ад мужыцкіх халупаў… той будзе вельмі здзіўлены, апынуўшыся на Свіслацкай зямлі. А едучы па роўным гасцінцы, абсаджаным дрэвамі, забяспечаным бар’ерамі, і ўязджаючы ў акуратна і прыгожа збудаваны горад, які ўтрымліваюць чыста і ахайна, забудзе на хвіліну, дзе знаходзіцца, і перанясецца ў думках на берагі Эльбы альбо Рэйна…”.[90]

      Свіслацкая гімназія

      На ўсю губерню была вядома Свіслацкая гімназія, якая першапачаткова насіла назву Гродзенскай губернскай гімназіі. Заснавана яна была ў 1804 годзе Вінцэнтам Тышкевічам – граф ахвяраваў пад навучальную ўстанову будынак і завяшчаў гімназіі 30 тысяч рублёў срэбрам.[91]

      Дадзеная адукацыйная ўстанова ў час навучання ў ёй Каліноўскіх займала ў Свіслачы

Скачать книгу


<p>88</p>

Бобровский, П. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Гродненская губерния / П. Бобровский. – Санкт-Петербург, 1863. – Часть 2. – С. 1071.

<p>89</p>

Цыт. паводле: Соркіна, І. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. / І. Соркіна. – Вільня, 2010. – С. 117.

<p>90</p>

Там жа, с. 105.

<p>91</p>

Самусік, А. Свіслацкая гімназія / А. Самусік // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Мн, 2001. – Т. 6, кн. 1. – С. 262.