Скачать книгу

Так ці ёсць падстава для спрэчак, калі ўсім вядома, што Канстанцін і Кастусь ва ўмовах Беларусі адно і тое ж. Кастусь – форма больш “прастамоўная”, так бы мовіць, “недакументальная”, але і ўся наша літаратурная мова абапіраецца на народныя гаворкі, як уся культура наша грунтуецца найперш на народных вытоках і традыцыях”.[24]

Глава 1. Мастаўлянскі перыяд

Сям’я Каліноўскіх

Каліноўскія вялі свой радавод ад Амброзія Самойлава, які ў 1679 годзе на тэрыторыі Бельскай зямлі набыў маёнтак Калінава з 5 хутарамі. Сам Амброзій быў мечнікам Візненскай зямлі[25] ў паўночна-заходняй Мазовіі, на мяжы Беларусі і Літвы. Нашчадкі Амброзія атрымалі прозвішча Каліноўскія ад назвы радавога ўладання Калінава, размешчанага недалёка ад горада Браньск, у судзе якога яны вырашалі спрэчкі з суседзямі, пакідаючы пасля сябе адпаведныя запісы ў судовых кнігах.

Паступовы заняпад краю, выкліканы шматлікімі войнамі і пастоямі варожых войскаў, што ператварылі Рэч Паспалітую ў аўстэрыю, сваім цяжарам абрынуўся на мясцовую шляхту. У выніку прадзед Канстанціна Каліноўскага Мацей вымушаны быў у 1769 годзе прадаць радавы маёнтак і зрабіўся беззямельным шляхцічам. Дзеці Мацея рассяліліся па розных месцах, а адзін з сыноў – Стэфан – пасяліўся ў вёсцы Рэпля Ваўкавыскага павета, дзе ў яго з жонкай Тэрэзіяй нарадзіліся дочкі Антаніна, Феліцяна, Катажына і сыны Юрый (Ежы) і Сымон.

Сымон Стэфанавіч Каліноўскі[26] з’явіўся на свет у 1795 годзе.[27] Ён ад прыроды быў кемлівым і мэтанакіраваным чалавекам, марыў пра вялікую сям’ю і ўласны маёнтак. Аднак на гэтым шляху мелася шмат перашкод, асабліва ва ўмовах вызначанага сацыяльнага падзелу грамадства на прывілеяваныя і непрывілеяваныя саслоўі. Як сведчаць крыніцы, ён не вылучаўся цікавасцю да палітыкі, стрымана ставіўся да ўсялякага супраціву ўладам і змог атрымаць толькі хатнюю адукацыю.[28]

Асоба Сымона магла б шмат падказаць у пытаннях выхавання і станаўлення поглядаў Канстанціна Каліноўскага, але мы пакуль нават не ведаем, чым ён займася да таго ўзросту, у якім яго малодшы сын ужо быў пакараны смерцю. Мы не можам меркаваць, чым ён займаўся ў часы вайны 1812 года, як і пацвердзіць тое, што пэўны час Сымон Каліноўскі працаваў чыноўнікам, але быў звольнены па нейкай дробнай падставе.[29] Сам ён якраз сцвярджаў, што на “дзяржаўнай службе не быў”.[30]

Першай сваёй задачай Сымон бачыў даказаць шляхецтва, паколькі, нарадзіўшыся ў Ваўкавыскім павеце, ён у раннім дзяцінстве пераехаў у Гродзенскі, так і не атрымаўшы жаданага пасведчання аб уласным паходжанні. Пацвярджэнне шляхецтва было яму дадзена толькі 4 лістапада 1822 года ад Беластоцкага дваранскага схода.[31]

Далей 18 лістапада 1823 года[32] ён па каханні ажаніўся з Веранікай з Рыбінскіх, якая была маладзейшая за яго на 11 гадоў. Іх шлюб заключыў ксёндз Ялоўскага касцёла Антоні Станітэвіч. На працягу наступных 10 гадоў у Каліноўскіх з’явілася

Скачать книгу

24

Кісялёў, Г. Кастусь Каліноўскі, яго час і спадчына / Г. Кісялёў // За нашую вольнасць. Творы, дакументы / Каліноўскі, К.; уклад., прадм., паслясл. і камент. Г. Кісялёва – Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 1999. – С. 262.

25

Кісялёў, Г. Сейбіты вечнага: артыкулы пра беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў рэвалюцыйнага руху 1863 года; Скарынаўская сімволіка: вытокі, традыцыі, інтэрпрэтацыі / Г. Кісялёў. – Мінск: Медысонт, 2009. – С. 35.

26

Бацька Канстанціна Каліноўскага падпісваўся ў дакументах як “Симеон Стефана сын Калиновский” або “Szymon Kalinowski syn Stefana”. Таксама сустракаюцца формы “Симон Калиновский” і “Семен Степанов сын Калиновский”.

27

Киштымов, А. Отец и сын: семейная биохроника Калиновских / А. Киштымов // Кастусь Каліноўскі і яго эпоха ў дакументах і культурнай радыцыі: матэрыялы міжнар. навук. канф., Менск, 25 верасня 2009 г. – Мн., 2011. – С. 41. У якасці месца нараджэння Сымона Каліноўскага ў дакументах таксама пазначана вёска Кузмічы Ваўкавыскага ўезда: НГАБ у г. Гродна. – Ф. 92. – Воп. 1. – Спр. 258. – Арк. 338 адв.

28

НГАБ у г. Гродна. – Ф. 3. – Воп. 3. – Спр. 40. Сознания и чистосердечные признания политических преступников во всех делах и преступлениях. – Арк. 247.

29

Beiersdorf, O. Konstanty Kaliniwski. Popularny szkic o Konstantym Wincentym Kalinowskim / О. Beiersdorf. – Kraków, 1955. – S. 9.

30

НГАБ у г. Гродна. – Ф. 3. – Воп. 3. – Спр. 40. Сознания и чистосердечные признания политических преступников во всех делах и преступлениях. – Арк. 247.

31

НГАБ у г. Гродна. – Ф. 92. – Воп. 1. – Спр. 258. – Арк. 338 адв.

32

LVIA. – F. 604. – Аp. 45. – B. 17. – L. 108v.