Скачать книгу

паганяла «Бой». Цяпер ён відавочна зацікавіўся і здзіўлена спытаў:

      – Ты што, сапраўды заўтра пойдзеш да гэтай цёткі? Яна ж цябе расцярушыць па сценцы. Ты вар’ят, Ігнаце?

      – Ніколькі, Валодзя.

      – Я – Уладзя, – незалюбіў Анціпаў.

      – Уладлен. У скароце Уладзімір. А поўнасцю – Уладзімір Ленін – такое ў цябе імя. І нехрэн шыфравацца. Да сваіх бацькоў прад’яві прэтэнзіі.

      – Мяне яны задавальняюць.

      – Ну, не садзіся на крыўду, – саступіў Ігнат Мазур і дадаў:

      – Не расцярушыць, бо я ў тэме, а па-другое, у нас з ёй атрымаўся спантанны біякантакт. Хоць ва ўзросце розніца. На ўзроўні падсвядомасці. Я гэта адчуў. Ды што табе тлумачыць. Ты сляпы, глухі. І аблысеў рана. Як Ільіч.

      – Стаўлю бутэльку «Гамзы» ў заклад: будзеш хадзіць на лекцыі.

      – «Гамзу» я паважаю. Дадамо яшчэ батон і паўкіло доктарскай на закус. Згода?

      – Згода, – хіхікнуў Уладлен Анціпаў. На тым аднакурснікі развіталіся.

* * *

      Назаўтра студэнт Ігнат Мазур апрануўся ў свой адзіны святочны касцюм, навязаў нават гальштук, старанна пагаліўся. Можа таму спазніўся на першую пару. Лекцыю па тэхніцы афармлення газеты чытаў выкладчык Анатоль Дземеш – кульгавы ад прыроды, недаверлівы і зласлівы чалавечак маленькага росту, з па-плябейску зачасанымі назад валасамі і бледным тварам. Чамусьці выкладчык Дземеш, як адчуваў Ігнат Мазур, быў для яго нават небяспечны. Некалькі яго лекцый ён неабдумана прапусціў, а той гэтага не выносіў. Да таго ж, як пераведзены з іншага факультэта, Ігнат Мазур не праслухаў курс яго лекцый у поўным аб’ёме, а рыхтаваўся да заліку паводле падручніка.

      Каварны і помслівы Дземеш доўга не прымаў залік. Як толькі студэнт Мазур да яго падыходзіў, выгледзеўшы дзе-небудзь у вучэбным корпусе, той моўчкі сціскаў вузкагубы шырокі рот, зняважліва паварочваўся і кульгава ішоў прэч.

      – Ты, пэўна, зусім «тормаз», – сказала тады Юля Маракова. – Ён жа можа не прыняць залік і на гэтай падставе не дапусціць да іспыту. Я сама пайду да яго. Ён ведае пра маю цётку і увогуле мае да мяне сантымент. Папрашу за цябе. Упэўнена, што ён сцішыцца.

      – А горш не будзе? – спытаў тады Ігнат Мазур. – А што, калі гэты карузлік накінецца на цябе і абслінявіць пацалункамі і ўсё такое…

      – Адаб’емся, – хіхікнула тады Юля Маракова.

      Цяпер выкладчык Дземеш незадаволена ўтаропіўся ў яго.

      Студэнт Ігнат Мазур папрасіў прабачэння.

      – Дазвольце сесці? – спытаў ён.

      Выкладчык Дземеш пакрывіўся нібы ад зубнога болю і мусіў сказаць нешта не вельмі прыемнае, але яго перапыніў гучны голас Язэпа Гарая, студэнта, які займаў месца проста перад сталом выкладчыка Дземеша і сядзеў адзін.

      – А-а, Ігнат, – гучна сказаў ён. – Чаго спазніўся – мабыць, ад сценкі спаў? Можа, ты галодны? Паснедаць не паспеў? Дык сядай побач, зараз з’ядзімо што Бог паслаў. У мяне з сабой звараная курыца. Хочаш? – ён палез у сакваяж.

      У аўдыторыі стала ціха. Ігнат Мазур з нямым здзіўленнем заўважыў, што на стале перад Язэпам Гараем сапраўды з’явілася звараная курыца, агурок

Скачать книгу