ТОП просматриваемых книг сайта:
Пацалунак на фоне гор (зборнік). Анатоль Бутэвіч
Читать онлайн.Название Пацалунак на фоне гор (зборнік)
Год выпуска 2014
isbn 978-985-02-1513-0
Автор произведения Анатоль Бутэвіч
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
– Маці, гэтаво… давай… пара,– перарывіста прамовіў Юрак. Яму перашкаджала гаварыць задышка. Трохі адсопся і паўтарыў: – Давай, гэтаво… пад’ём, як у войску кажуць…
– І даўно ты з таго войска? – не разумеючы яшчэ, пра што гаворка, спытала маці.– Не гарыць. І піць не трэба зранку.
– Якая раніца, гэтаво? Якое піць? – як не крычаў Юрак.– Няма ў мяне, гэтаво… за што піць. Калі дасі, то збегаю…
– Ага, зараз. Кашалёк з печы выцягну і дам,– з’едліва прамовіла маці, якая сама ўжо з тыдзень не зазірае ў пусты кашалёк. Але яе перабіў сын:
– Не балбачы, гэтаво, абы-чаго. Ведаю, што вецер гуляе і па тваіх кішэнях. Але навіна такая, гэтаво, што можаш і пазычыць у каго. Ці мо, гэтаво, заначку на чорны дзень маеш?
– Дак у цябе кожны дзень чорны. Усё высмактаў, усе грошы выцыганіў, Юрачка. Няма. Ні зайчыка няма, ні вавёрачкі. Уцяклі, збеглі, паскакалі, нават варсінкі не пакінулі.
– Гэтаво, спыні красамоўства, маць,– амаль што ўрачыста перабіў Юрак.– Я такую навіну табе скажу, такую…
– Дак не малімонь, кажы ўжо. Не цягні ката за хвост,– прамовіла маці і выпрастала з-пад коўдры рукі, села, але ног з цёплага не выцягвала.
– Гэтаво, у сельсавет з раёна нейкае начальства прыехала.
– Ну і што?
– Ды не спяшайся ты казаць «будзь здароў», пакуль не наліта. Папрасілі, гэтаво, Іванавіча, ну, старшыню, каб сабраў тых, хто на немцаў некалі працаваў. Не, не тут, а ў Германіі, вось што… Каго сілай вывезлі. Плаціць ім, гэтаво, будуць! – Юрак пераможна зірнуў на маці, якая чамусьці не выяўляла ніякіх эмоцый.– Грошы будуць даваць, чуеш? Маркі! Вось што. Гэтаво, кампенсацыю,– як не прадэкламаваў ён.– А ты ж таксама пацярпелая. Гэтаво, на баўэра спіну гнула? Гнула. Здзекі цярпела? Цярпела. Вунь рукі дагэтуль скручаныя,– як бы пашкадаваў сын.– Сама ж, гэтаво… расказвала. Казала, што і сястра твая там памерла…
Сын гаварыў яшчэ нешта, намагаўся ў нечым пераканаць, а яна раптам як скамянела. Сядзела на збітым сенніку, спінай прыхінулася да схаладнелай сцяны, а ногі хавала пад цёплай коўдрай. Грудзі нешта сціснула. Па руках прабегла балючая сутарга. Слых нібыта адабрала, адно чуўся нейкі непрыемны гул у галаве. А вочы… Вочы на дзіва выразна, як на экране яе «Гарызонта», калі быў яшчэ новы і паказваў чыста і ярка, убачылі раптам тую далёкую – уга-а: амаль шэсцьдзесят гадоў мінула! – нямецкую вёску, кірху, хлеў, дзе апынулася яна з маці і дзвюма сёстрамі… І зноў, у які ўжо раз, нібыта сама сабе распавядала даўно знаёмую і сотні разоў бязмоўна паўтораную гісторыю…
У сям’і я была старэйшай. А старэйшым вядома што дастаецца. Не, не булкі з макам – гэтым малых песцяць. А нас было ажно сем душ. Дзве меншыя сястры, старэйшы брат, бацька з маці і дзед. Бацькаў бацька. Калі пачалася вайна, бацька з братам на фронт пайшлі. Але і нам не мёд дастаўся. Што давялося перажыць пад немцам,