Скачать книгу

е блізенька, а як бы звысоку, бы з гор, што стварае незвычайны эфект стэрэафанічнасці. У нас конікі трашчаць пад нагамі, а тут цвырканне над галавой. І ў рукі спевака не возьмеш, і сам ён не хоча набліжацца, як ні падыходзь да яго. Голас, на які ты ідзеш, нястрымна аддаляецца, нібыта кліча за сабой – увышыню, угору, у горы. Атрымліваецца, ты хочаш падысці да песні бліжэй, а яна ўвесь час гучыць на аднолькавым аддаленні. Пойдзеш за ёй – і заблудзішся ў вечаровых лясных прыцемках. Затое ўволю наслухаешся больш гучных за конікавыя песень.

      Паколькі бясконца ісці на звабны поклічны спеў цыкад не хочацца, ногі самі кіруюць да сцішэлай ад дзённага хвалявання вады, якая нарэшце вызвалілася ад даймальных нырцоў-боўтальшчыкаў і ціха, мірна спачывае да заўтрашняй раніцы. Нават лёгкага плёскату не чутно. Зусім рэдкія заўзятары-купальшчыкі паддаліся ласкаваму марскому настрою, не грукаюць прыбярэжнай галькай, не кідаюцца ў ваду, не пляскаюць далонямі і нагамі, а ціхенька кладуцца на натомленае марское цела…

      Гэтую маладзенькую пару заўважыў не я адзін. Амаль раўнарослыя, яны, узяўшыся за рукі, нетаропка спусціліся з высокай санаторнай лесвіцы да вады. Ішлі берагам, мерна пагойдвалі рукамі. Яе далонь грэлася, ці мо адпачывала, у ягонай далоні. І гэта яднала іх, збліжала, надавала загадкавы выгляд. Здавалася, простая повязь маладых рук, а прысутны люд вачэй не спускаў. Мо менавіта таму, што маладыя, захопленыя сабой, не звярталі ўвагі на іншых. Ім было хораша і ўтульна. А ад гэтага – і іншым. Не бянтэжыла ні людская прысутнасць, ні пільныя і мо часам зайздросныя позіркі.

      Яны маўчалі. Размаўлялі іхнія вочы. Здавалася, празрыстая надвячоркавая смуга асвятляецца іхнім прамяністым святлом. Менавіта гэта і заўважалі пляжнікі, якія паспелі атуліць свае загарэлыя целы шыкоўнымі вечаровымі сукенкамі ды кашулямі. Прагнымі вачыма – хто адкрыта, а хто ўпотай – яны вялі па гальцы гэтых маладзёнаў. Галька пад нагамі часам моцна грукала, забіраючы тады позіркі цікаўных на сябе.

      Хлопец з дзяўчынай прашпацыравалі ля саменькай вады і падняліся па прыступках на набярэжную, за некалькі дзясяткаў метраў ад якой быў той самы музычны лес, дзе выводзілі свае мелодыі цыкады. Абаперліся на высакаватую бетонную агароджу. Пасля моўчкі зірнулі адно на аднаго, і ён спрытна падхапіў яе пад пахі, лёгка прыўзняў, дапамог сесці на шыракаваты парапет. Яна закінула сваю доўгую танклявую нагу, падпружыніла другой і звяла разам пальчыкі і пяткі – паставіла абедзве на парапет.

      Тады ўжо ён лёгка падскочыў і сеў насупраць. Падкурчыў ногі, абхапіў рукамі калені, паклаў на іх бараду. Моўчкі пасядзелі, размаўляючы выключна вачыма. Пасля ён выпрастаў спіну, свае ступні паставіў так, што яны дакраналіся да дзявочых – лінія напружання была замкнёная. Яна ж не звярнула на гэта ніякай увагі, паправіла тоненькую і празрыстую сукенку, абцягнула яе на каленях і моўчкі пазірала на яго. Здавалася, праз вочы ды пальцы ног вядзецца няспынная і шчырая размова, якую разумеюць толькі маладзёны.

      Доўгі час яны сядзелі нерухома, пазіраючы адно аднаму ў самыя зрэнкі, нібыта разам чыталі найцікавую кнігу кахання.

      Тады ён схіліў галаву ўлева, але вачэй не адвёў. Яна хітнула сваёй вытачанай галоўкай управа. Толькі шырокай наміткай матлянуліся па плячах доўгія каштанавыя валасы. Ён страсянуў бялявым чубам, як бы ў нечым згаджаўся з ёю.

      Мора не плёхала, адно ціхенька лізала і без таго выгладжаную гальку. Нібыта і яно цікавала за маладзёнамі. Калі-нікалі чуліся неасцярожныя плясканні па вадзе адзінокіх плыўцоў. Па цямнеючым лясным сутонні падымаліся ўгору гучныя спевы цыкад, клікалі на вышыні, да самага неба, туды, дзе свежа і запаведна ціха.

      Ён выцягнуў галаву як мага больш наперад, і бялявая чупрына навісла над каленямі, абнятымі рукамі. Яна не адхіснулася, асцярожненька паправіла яму валасы над левым вухам.

      Змрок па-паўднёваму хутка гусцеў. Адно над морам нябесны далягляд заставаўся святлейшым. На яго тле хлопец з дзяўчынай вылучаліся сваімі стройнымі маладымі постацямі, быццам выразаныя з чорнай паперы і бачаныя калісьці ў піцерскім музеі партрэты Пушкіна і ягонай Наталлі.

      Раптам на супрацьлеглым канцы берагавой дугі, як па камандзе, успыхнулі агні прыморскіх пабудоў. Праз негустое голле далёкіх і ўсё больш цямнеючых дрэў прабіваліся незвычайна яркія, як вуголле ў добра наладаваным дровамі вогнішчы, светлячкі нейкіх крамаў, бараў, пабаў і бог ведае чаго яшчэ, дзе народ, збеглы ад гарадскога тлуму і шуму, штосілы адводзіў душу. Добра, што праз далеч мора не было чуваць апантаных разняволенасцю галасоў.

      Крышку наўзбоч нязвыклымі для беларускага вока рэрыхаўскімі фарбамі свяціліся горы.

      Здавалася, вечаровае неба апускаецца на бераг і хаваецца за густой наміткай дрэў. А цікаўныя зорачкі прадзіраюцца праз лісце і галлё, каб таксама зірнуць на тых дваіх, што нерухома сядзяць на бетонным парапеце аднаго з туапсінскіх пляжаў. Ад нечаканага здзіўлення зорка пачынае падміргваць зорцы. І вось ужо ўсё неба трымціць іхнімі жэўжыкаватымі вочкамі.

      Відаць, унутраная музыка дваіх такая моцная і займальная, што ён не вытрымаў. Спачатку заківаў галавой у такт нячутнай і толькі ім дваім вядомай мелодыі. Яна ўсміхнулася ў адказ аднымі вачыма і куточкамі паўнаватых

Скачать книгу