ТОП просматриваемых книг сайта:
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік). Ян Баршчэўскі
Читать онлайн.Название Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік)
Год выпуска 1844
isbn 978-985-02-1547-5
Автор произведения Ян Баршчэўскі
Жанр Зарубежная классика
Серия Школьная бібліятэка
Издательство Электронная книгарня
Рыбак Родзька
У ціхым балоце чэрці родзюцца.
Мой дзядзька зірнуў праз вакно на возера і сказаў мне:
– Што гэта такое, што Родзька дасюль не прывозіць рыбы; хутка і калядная куцця. Вяртаючыся з Полацка, пан Марагоўскі, можа, застанецца ў мяне на свята, а можа, і яшчэ хто-небудзь з суседзяў наведаецца.
– Пэўна, яму не пашанцавала, бо памятаю, рыбакі скардзіліся, што гэтымі днямі не было ўлову, дык і яго надзеі не спраўдзіліся.
– О, не, Янка! Ты ведаеш гэтага рыбака, ён у сваім рамястве чалавек незвычайны, ніколі не вяртаецца дадому з пустымі рукамі, ведае ўсе падводныя сховы; здаецца, што пад лёдам бачыць, дзе хаваюцца ляшчы, шчупакі ды іншая рыба. Увосень, калі неба закрываюць чорныя хмары і вые вецер, я з трывогаю паглядаю ў вакно, як ён закідвае нерат на возеры, бура ўздымае пакрытыя пенаю хвалі, а ён, нібы нырок,[105] то з’явіцца на паверхні ў рыбацкай лодцы, то знікае сярод шумлівых хваляў, а над ім лётаюць толькі белыя крачкі;[106] і ў такую буру ён няраз прывозіў мне рыбу і вяртаўся дадому, хоць жыве на востраве, які адсюль так далёка, што ў ясны дзень ледзь згледзіш.
– Надта смелы, а ці не зазнаў калі няшчасця?
– Сам ніколі не паспытаў бяды, а неспрактыкаваных у гэтым рамястве яшчэ і ратаваў, калі гінулі ў буру. Пра яго такія цуды апавядаюць, што цяжка даць веры. Быццам Родзька, ведаючы, што адна рыба лепш ловіцца ў непагадзь, другая – у ціхі ясны дзень, выклікае вецер на возеры, бунтуе ваду, а калі гэта не трэба – вецер адсылае прэч, вяртае ясны дзень і па спакойнай вадзе, напоўніўшы лодку рыбаю, з песняю вяртаецца дадому. З гэтае прычыны некаторыя думаюць, што ён чараўнік.
– А можа, і служаць яму злыя духі? Ты ж, дзядзька, і сам верыш, што ёсць чараўнікі.
– Веру. Але Родзька – чалавек добры, так людзям здаецца. Чараўнікі ж, што знаюцца са злымі духамі, шкодзяць людзям, а я не чуў, каб ён каго пакрыўдзіў, у нядзелю ходзіць у касцёл і старанна моліцца; дарэчы, ён падданы езуітаў.
Калі мы так размаўлялі, загаўкаў сабака на панадворку, Завальня глянуў у вакно.
– Вось, – кажа, – пра пана памоўка, а пан на парог; дачакаўся я нарэшце: вязе Родзька рыбу.
Заходзіць Родзька, у руках зроблены са старога нерата залубянелы на марозе мех (здавалася, што сплецены ён з дроту); з мяха прасвечвалася срэбная луска свежае рыбы. Росту ён быў малога, твар бледны і сухі, жарыя вільготныя валасы неахайна падалі на плечы: у маіх вачах быў ён падобны ў гэты момант да Трытона,[107] які, усплыўшы з марскога дна, трубіў у ракавіну ў кампаніі Нептуна або Амфітрыты.[108] Рыбак пакланіўся і высыпаў рыбу на падлогу.
– Даўно чакаў, – сказаў Завальня. – Усё пазіраў у вакно, пачаў ужо хвалявацца, думаючы, што і цябе вось няшчасце напаткала.
– Дзякуй Богу, і сёння яшчэ мая праца не марная. Але ж цяпер час такі: усюды патрабуюць рыбы, мусіў і туды і сюды даставіць добрым панам і суседзям.
– А
104
Заўвага выдаўца.
105
Нырок – вадаплаўная птушка з сямейства качыных.
106
Крачкі – сямейства птушак атрада сеўцападобных.
107
Трытон, у грэцкай міфалогіі марскі бог, сын Пасейдона і аднае з нерэід Амфітрыты. Трытонамі таксама называюць марскія істоты, што трубяць у ракавіны, суправаджаючы Амфітрыту і Пасейдона.
108
Нептун – бог мора ў старажытнарымскай міфалогіі; у старажытнагрэцкай міфалогіі – Пасейдон. Амфітрыта, у грэцкай міфалогіі адна з нерэід, багіня мора, дачка Нерэя і Дарыды, жонка Пасейдона.