ТОП просматриваемых книг сайта:
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік). Ян Баршчэўскі
Читать онлайн.Название Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік)
Год выпуска 1844
isbn 978-985-02-1547-5
Автор произведения Ян Баршчэўскі
Жанр Зарубежная классика
Серия Школьная бібліятэка
Издательство Электронная книгарня
Асобныя з гэтых родных успамінаў я прыгадаў у баладах;[1] гэта быў мой самотны напеў. Балады былі пачаткам таго, пра што я меў намер сказаць падрабязней. Гэта ў чалавечай натуры – ад песні пераходзім да апавядання пра тое, што нас найбольш займае. Павінны выйсці адзін за адным шэсць[2] томікаў гэтых аповесцяў, якія малююць пераважна мясціны паўночнае Беларусі, бо гэты куток зямлі заўсёды выклікае ў мяне наймілейшы ўспамін.
Я не пераймаю формаў, якія ўжывалі пісьменнікі англійскія, нямецкія або французскія; лічу, што чужаземнае не будзе пасаваць негаваркому жыхару Беларусі. Узяў я форму з самое прыроды. Сірата штодзённа наракае на сваю нядолю, апавядае пра розныя пакуты, якія ён мусіў трываць на гэтым свеце, і яго скаргі на працягу ўсяго жыцця зліваюцца ў адну аповесць, хоць ён і не думаў сёння пра тое, што будзе апавядаць заўтра.
Пецярбург,
1844, 8 верасня[3]
Нарыс паўночнае Беларусі
Той, хто падарожнічае з поўначы ў бок Беларусі, бачыць перад сабою велізарныя вёскі накшталт мястэчак, белыя мураваныя цэрквы і камяніцы двароў,[4] шырокія засеяныя палі, сям-там невялічкія хваёвыя пушчы або бярозавыя гаі, чуе няраз працяглы і гучны спеў селяніна, які далёка, наколькі сягае вока, разносіцца па палях або пералятае горы і даліны з мелодыяй пастухоўскага ражка. У нядзелю, калі сонца набліжаецца да захаду, сустракае ён вясковых дзяўчат у святочных паркалёвых, а часам і ў ядвабных сарафанах у атачэнні юнакоў-залётнікаў; водзяць яны карагоды, спяваючы народныя песні, а старыя, седзячы на прызбах, разважаюць пра мінулыя і сённяшнія часы…
Аднак калі ён набліжаецца да межаў Себежскага і Невельскага паветаў, то бачыць перад сабою разлеглыя цёмныя пушчы, якія, быццам хмары, навісаюць на даляглядзе, паміж лясоў – саламяныя стрэхі бедных жыхароў; дзе-нідзе позірк сустракае вытырклы паміж хвоямі жалезны крыж пакрытае мохам каплічкі, перад дзвярыма якой на двух хваёвых слупах вісяць або два, або тры званы; па ваколіцах раскіданы магільныя крыжы і камяні. Рэдка натрапіш там на прыстойна збудаваны панскі дом; няшмат і касцёлаў такіх, дзе можна было б бачыць густ архітэктара або выдаткі багатага фундатара; і гэты выгляд зямлі, змрочны і дзікі, пачынаючыся ад ракі Ловаць, распасціраецца да берагоў Дзвіны, дзе канчаюцца Палата і Дрыса.
На ўсім гэтым абшары вузкія камяністыя дарогі, пераразаючы гарыстыя мясціны і мінаючы дзікія берагі азёраў, хаваюцца ў пушчах. У бедных вёсках у святочныя і будзённыя дні заўсёды пануе нейкая панурая цішыня; рэдка адгукнецца песня жняца або ратая, і па гэтым спеве можна лёгка зразумець яго заклапочаныя думкі, бо няўрод часта ашуквае тут надзеі працавітага земляроба…
У гэтых краях прайшлі дзіцячыя мае гады. Тут я пасля таго, як разлучыўся з маладымі сваімі таварышамі па Полацкай акадэміі,[5] не могучы мець пры сабе іншых кніг, апрача некалькіх лацінскіх і грэцкіх класікаў, блукаў у прыемных марах дзе-небудзь у цёмнай пушчы або па бязлюдным беразе возера; любіў чытаць у кнізе прыроды, калі вечаровай парою адкрыецца старонка, на якой мільёнамі зіхоткіх угары зорак напісана Божая Ўсемагутнасць. На зямлі, пакрытай безліччу раслін і жывёл, я чытаў аб Міласэрнасці і Волі Творцы. Гэтая кніга прыроды вучыла мяне сапраўднай паэзіі, сапраўдным пачуццям лепей, чым сённяшнія гаваркія крытыкі, якія чужыя пачуцці і розныя здольнасці, дадзеныя чалавеку ад Бога, хочуць, быццам фрак, перашыць на сваю фігуру.
Апавяданні старых пра розныя здарэнні ў іх народных аповесцях, якія перайшлі ад чалавека да чалавека са старадаўніх часоў, былі для мяне гісторыяй гэтае зямлі, характару і пачуццяў беларусаў.
Пасля таго як лёс закінуў мяне ў далёкія мясціны, як жа часта самотныя думкі мае з берагоў Нявы вяртаюцца ў гэты край, дзе прайшлі лепшыя гады майго жыцця, дзе столькі мілых успамінаў малюе мне памяць! Успамінаю недалёкія ад Невеля ваколіцы Рабшчызны,[6] дзе прырода ўзняла высокія горы, быццам паверхі велізарных гмахаў, якія стагоддзі пакрылі ценем лясоў, а некаторыя пад пагодлівым сонцам ззяюць залатым пяском. Якія там разнастайныя краявіды, якія цудоўныя малюнкі! Калі хто, будучы ў гэтым краі, узышоў на вяршыню Пачаноўскае гары[7] і глядзеў на дзікія ваколіцы, што ляжаць навокал, дык бачыў, як азёры тут і там, нібы люстэркі, адбіваюць дзённы прамень, а над іх берагамі дрэмлюць густыя лясы, як дзе-нідзе па схілах чарнеюць бедныя сялянскія хаціны; але не ўбачыш тут нідзе ні гарадскіх муроў, ні вежаў старога замка. Там чалавек забывае пра свет. Не гучаць там спрэчкі французскае палаты ў справе Егіпта і Турцыі,[8] пра вайну з кітайцамі,[9] не гамоняць там ні пра чыгункі,[10] ні пра дзівосную вынаходку Дагера.[11] І толькі голас пастушка, стрэл паляўнічага ў лесе або вецер, што гойсае ў вяршалінах пушчы, парушаюць на хвіліну цішыню ваколіцы…
Бліжэй да Полацка возера Нешчарда на некалькі міль залівае абшар, падмывае
1
У пяці томіках альманаха «Niezabudka» Я. Баршчэўскі надрукаваў наступныя балады: «Фантазія», «Русалка-спакусніца», «Дзявочая крыніца», «Дзве бярозы», «Роспач», «Курганы», «Прысяга», «Партрэт», «Зарослае возера», «Рыбак», «Ніна».
2
Выйшлі чатыры томікі. Відаць, напачатку Я. Баршчэўскі меркаваў уключыць у «Шляхціца Завальню» іншую колькасць раздзелаў, але з-за нейкіх (магчыма, фінансавых) прычынаў пазней давялося скараціць аб’ём; альбо гэтую ж колькасць раздзелаў планавалася раздзяліць на шэсць томікаў. Аднак няма падстаў гаварыць пра незавершанасць кнігі.
3
Цікава, што гэтую ж дату Рамуальд Падбярэскі паставіў пад уступным артыкулам да кнігі Я. Баршчэўскага, а цэнзар Ігнат Іваноўскі 9 верасня 1844 г. падпісаў у друк першы томік «Шляхціца Завальні».
4
Гэтак тамтэйшы люд называе мураваныя дамы маёнткаў.
5
Полацкая езуіцкая акадэмія адкрыта 29.05 (10.06) 1812 г. на базе Полацкай езуіцкай калегіі. Мела правы універсітэта. Студэнты займаліся на тэалагічным, філасофскім, вольных навук і старажытных ды сучасных моў факультэтах. Закрыта 1.(13).03. 1820 г. у сувязі з выгнаннем езуітаў з Расіі.
6
Блізу маёнтка Гаўдэнтыя Шапялевіча Рудня, куды штолета наведваўся з Пецярбурга Я. Баршчэўскі.
7
Верш пад гэтай назвай змешчаны ў «Незабудцы» на 1841 г.
8
Маюцца на ўвазе войны Егіпта з Турцыяй 1831–1833 і 1839–1840;гг. Францыя ў гэтых сутыкненнях падтрымлівала Егіпет.
9
Размова ідзе пра першую «опіумную» англа-кітайскую вайну 1840–1842;гг.
10
У 1837 г. з’явілася першая чыгунка ў Расіі (Пецярбург – Царскае Сяло). У гэты час інтэнсіўна вялося будаўніцтва чыгунак на Захадзе.
11
У 1839 г. французскі мастак Луі Дагер (1789–1851) вынайшаў фатаграфію (дагератыпію).