Скачать книгу

Купалы вядома амаль усім славянскім народам. На Беларусі 23 чэрвеня,[23] пасля захаду сонца, адбываецца Купальня, або Свята Купалы; уначы шукаюць скарбаў; самы шчаслівы той, каму пашанцуе сарваць кветку папараці; яго зрок прыкмячае закапаныя ў глыбіні зямлі скарбы, і ён столькі можа мець золата, колькі сам захоча. Кабеты разам з юнакамі і дзяўчатамі каля вогнішчаў са смаловага палення чакаюць усходу сонца, спяваючы песні:

      Іван да Марія,

      На гарэ купальня,

      Гдзе Іван купаўся,

      Бераг калыхаўся;

      Гдзе Марія купалась,

      Трава разсьцілалась.

      Ды іншыя падобныя песні гучаць у полі, аж пакуль сонца не зайграе на небе.

      Ноч Купалы ў тым баку Беларусі поўная незвычайных здарэнняў. На думку простага люду, уся прырода ў гэтую ноч весяліцца. Рыбакі бачаць паверхню возера, пакрытую часам белым, нібы месячным бляскам, і хоць неба яснае і паветра спакойнае, бліскучыя хвалі, удараючы ў берагі, разбіваюцца на кроплі, якія, нібы зоркі, свецяцца ў паветры. І гэтае цудоўнае відовішча на зарослых чаротам берагах абуджае дзікіх качак ды іншых вадзяных птушак, якія, прывабленыя дзівосным свячэннем вады, уздымаюцца тут і там над ясным возерам.

      Дрэвы ў лесе таксама могуць пераходзіць з аднаго месца на другое; шумам сваіх галін яны размаўляюць паміж сабою; апавядаюць, што нехта, блукаючы гэтай ноччу ў лесе, знайшоў кветку папараці і бачыў не толькі скарбы, схаваныя ў зямлі, але і незвычайныя дзівы ў прыродзе; разумеў гаворку кожнага стварэння; чуў, як дубы сыходзяцца з розных мясцін і, зрабіўшы кола, гамоняць шолахам галін, прыгадваючы, быццам старыя ваяры, свае гераічныя ўчынкі і даўнія заслугі. Ліпы і бярозы, збіраючыся там, хваліліся сваёй прыгажосцю; сярод іх былі некаторыя, нібыта госці з суседніх садоў, класічна падстрыжаныя і выпрастаныя; тыя гаманілі пра залётнасць дваровых дзяўчат і свавольства панічоў, сведкамі якога яны няраз былі; а гэтыя крыўдныя размовы з пагардаю слухалі задуменныя хвоі і яліны. Ён бачыў вербы, якія, стоячы над рэчкай і ўглядаючыся ў вадзяное люстэрка, пыталіся адна ў аднае, што якой з іх пасуе, – і гэтыя цуды дзеюцца ажно да ўсходу сонца.

      Усход сонца пасля гэтае бяссоннае, урачыстае ночы таксама бывае крыху асаблівы. Натоўп люду, што весяліцца ў полі, канчае песні ды танцы і моўчкі скіроўвае вочы да неба, нібы паглядае на сцэну, дзе ўверсе, на палаючай прасторы далягляду, павінна з’явіцца штосьці незвычайнае. Узыходзіць сонца, уздымаецца над гарамі ды лясамі і на вачах усяго люду рассыпаецца ў небе на дробныя зіхатлівыя зорачкі, зноў збягаецца ў адзін агністы шар; яго акружае безліч вясёлкавых кругоў, і ён мігціць, кружачыся вакол свае восі. Гэтая праява паўтараецца некалькі разоў, і такім чынам сонца грае штогод 24 чэрвеня.

      Апрача згаданых цудаў, ёсць яшчэ, як мяркуюць жыхары таго краю, чароўныя зёлкі. Разрыў-трава можа дзівосна ўздзейнічаць на жалеза, разрывае нібыта замкі і кайданы ў вязняў; калі каса натрапіць на яе на лузе ў час сенакосу, дык расколецца на некалькі частак. Пералёт-трава, або лятучае зёлка;

Скачать книгу


<p>23</p>

Дзень летняга сонцастаяння паводле новага стылю.