Скачать книгу

Я садзіла гэтыя лілеі на сваёй магіле, палівала слязьмі сваімі.

      І, сказаўшы так, знікла.

      З саду пералятаю зноў у нейкую дзікую пустэчу; блукаю сярод стогадовых хвояў, ледзьве знаходжу сцяжынку, якая выводзіць мяне да нейкае велізарнае гары; хачу залезці на вяршыню, агледзець ваколіцы, убачыць адтуль вёску, дзе колісь была хата маіх бацькоў, але з усіх бакоў гары – бездань, якая не дазваляе ісці далей. Тут сустракаю нейкага Волата. Ён бярэ мяне за руку, загадвае ісці за ім, выводзіць з лесу на нейкае велізарнае поле, дзе крыжуюцца дарогі, і мноства там падарожных, што едуць або ідуць пеша. Узыходзім на пагорак, дзе была магіла. На ёй стаяў драўляны крыж, а непадалёку тырчала ўбітая ў зямлю рыдлёўка. Волат загадвае мне адкапаць магілу і дастаць адтуль мерцвяка.

      Ахоплены страхам, выконваю ўсе Волатавы загады, дастаю з зямлі велізарны шкілет.

      – Гэта будзе тваё цела, – гаворыць мне велікан. – Мусіш плакаць у ім, пакуль не паклічуць цябе да новага жыцця…

      Я дрыжаў увесь ад страху, прасіў, каб даў мне спакой, але Волат моцна штурхнуў мяне, і я ўпаў на велізарныя грудзі шкілета, а разам з ім – у яму. Барукаючыся са смерцю, я прачнуўся.

      Бачу: я – чалавек. Вопратка тая самая. Якую я надзеў колісь, ідучы на Алёніна вяселле. Не верыў, што гэта было наяве. Баяўся скрануцца з месца, абы толькі не зніклі такія салодкія мроі. Доўга быў я ў задуменні, падняў вочы да неба і дзякаваў Богу, што ўратаваў мяне ад таго жаху.

      Падняўся я з долу з невыказнаю радасцю. Здавалася мне, што ўсе дрэвы і птушкі віншавалі мяне з новым жыццём. О, як соладка спазнаць міласэрнасць Божую! Жахлівы лёс чалавека можа зраўняцца са звярыным.

      Калі гэтак апавядаў Якуш, певень заспяваў ужо другі раз. Пан Марагоўскі выняў з кішэні старасвецкі гадзіннік, падобны да сплюснутага шара.

      – Ого, – кажа, – мінула гадзіна пасля паўночы. А што, пане гаспадар, ці не час ужо адпачываць? Усіх прыгод ад Якуша не выслухаеш; у яго іх на цэлы месяц, а да таго ж яшчэ любіць пагаманіць і гатовы не спаць да самага світання.

      – Вялікі дзякуй, пане асэсар, што зрабіў мне гэтую прыемнасць. Скажу пану шчыра: такія апавяданні заўсёды мне да душы, асабліва калі ўмее хто іх добра расказваць. Якуш, мусіць чалавек кемлівы: і якую мае памяць незвычайную; ніводнае драбніцы з жыцця таго гаротнага Маркі не прапусціў. Але ж пан асэсар заўтра ад мяне не паедзе рана, бо як сам пан чуе, яшчэ вые вецер за сцяною, і хто ведае, можа, і заўтра будзе завіруха.

      – Удзень бура не страшная, як-небудзь знойдзем дарогу. Дабранач, пане гаспадар!

      Якуш пайшоў у пакой для чэлядзі; Марагоўскі – у сваю пасцелю, што даўно ўжо яму падрыхтавалі. Я, пажадаўшы дзядзьку і госцю добрае ночы, пайшоў у свой пакой. Патушылі свечкі; усюды ціха; толькі выў вецер за сцяною і цвыркун абзываўся пад печчу…

      Успаміны пра наведанне роднага краю

      Край, дзе чалавек жыў у шчаслівую пару свае маладосці, дзе ў размовах і забавах сустракаў сапраўдную шчырасць і даверлівасць душы зычлівых і добрых сяброў,

Скачать книгу