Скачать книгу

з хаты.

      Аднаго дня пад вечар ідзе ён у карчму і там сустракае старых сваіх сябрукоў, з якімі колісь гуляў, і зноў пачынаюць яны банкетаваць. Васіль, калі ўжо добра падпіў, кажа ім:

      – Згалеў я зусім, але хутка буду багаты. Прыйшла мне ў галаву добрая думка: пайду начаваць да Цмокавага Каменя, пакланюся д’яблам, мо не пашкадуюць яны мне грошай?

      Калі ж пачалі з яго смяяцца, што ён ніколі не адважыцца там пераначаваць (а быў ужо, дарэчы, позні час), ён схапіў шапку:

      – Вось дакажу, што не баюся прывідаў! – Кінуў у карчме таварышаў і пайшоў на пагорак да Цмокавага Каменя. І адтуль ужо не вярнуўся дадому.

      Мінаюць дні, тыдні, месяцы… Васіля няма. Шкадуюць яго знаёмыя, плачуць жонка з цешчаю. Няма вестак, ці жыве ён, ці памёр.

      Розныя былі думкі і чуткі між людзьмі; адны казалі, што недалёка ад Вялікіх Лукаў і Пскова хаваўся ён у пушчах з хеўраю ліхадзеяў; другія сцвярджалі, што Лясун завабіў яго ў свае нетры; сёй-той у грыбах чуў Васілёў голас і Лесуноў смех. Рознае гаварылі. Васіль жа згінуў назаўсёды.

      Старая Арына, дзень пры дні гледзячы на слёзы сваёй Алюты, страціла здароўе і заручылася з зямлёю. Алюта і цяпер яшчэ жыве ў панскім маёнтку – ні ўдава, ні замужніца.

      – Вось да чаго даводзіць п’янства і зухаватасць, – сказаў пан Завальня. – Меў добрага апекуна і паноў добрых, што яму дапамагалі, – жыў бы спакойна сабе.

      Трэба было заводзіць звады з Лесуном, шукаць заклятых скарбаў, вітацца на полі з віхорам, называць яго братам. Бачыш, Янка, які асцярожны мусіць быць маладзён. Заўсёды, перш чым што рабіць, трэба падумаць.

      – Не ведаю, дзядзечка, у чым ён тут правініўся, калі назваў братам віхор? І цяпер у завейную ноч вецер вые, сячэ снегам па вокнах, калі б я сказаў яму: «Ляці, браце, на поўнач, можа, і я за табою хутка падамся», – які ў гэтым грэх?

      – Называй братам толькі такога, як сам. А пра віхор просты люд кажа, што гэта д’ябал ездзіць па полі і часам шкоду робіць.

      Калі так гаварыў пан Завальня, падарожны глядзеў на Янку і ківаў галавою: не верыш, бо сам не паспытаў такога.

      – Ну, цяпер нам трэці раскажа, што бывала калісьці на свеце. Слухайма.

      Апавяданне трэцяе. Вужовая карона

      – У маіх паноў быў лоўчы, зваўся Сямён; дом яго стаяў недалёка ад маёнтка, паншчыны ён не служыў, а ўвесь яго абавязак быў – вартаваць лес, хадзіць на паляванне з панам ды прыносіць дзічыну, калі, чакаючы гасцей або перад якім вялікім святам, накажуць з маёнтка.

      Аднаго дня прыходзіць да яго аканом і крычыць, стукаючы ў акно:

      – Сямён, пан казаў, каб ты што там ні было прынёс да нядзелі пару глушцоў, дзве пары цецерукоў і колькі курапатак, дык не лянуйся, бяры стрэльбу, майго выжла ды ідзі на ловы.

      Заспяшаўся Сямён, бо была ўжо серада. Бярэ стрэльбу, зайшоў у маёнтак і з выжлам ідзе блукаць па лесе. У нешчаслівы час выйшаў на паляванне; хадзіў дзень навылёт, а бачыў толькі дзятлаў, што дзяўблі сабе на сухіх хваінах. Начаваў у лесе, замёрз, бо была ўжо восень. На другі дзень да ўзыходу сонца

Скачать книгу