Скачать книгу

Быў між намі адзін дасведчаны чалавек, які сказаў:

      – Чуў я ад старых людзей, што такая зухаватасць наводзіць няшчасце. Выгараць тут лясы і пушчы, будзе паморак на жывёлу, але і табе, Васіль, не пройдзе гэта беспакарана.

      – Што мне да таго, – адказаў Васіль. – Я рады, што ў кадука добра каменем пацэліў, няхай не выганяе з нашых лясоў птушак і звяроў.

      Чуткі пра гэта разышліся па ўсёй ваколіцы; такія хлопцы, як Васіль, хвалілі ягоную адвагу, і ён усюды ганарыўся сваім учынкам. Але дасведчаныя людзі, якія лепш усё гэта разумелі, з пагардаю слухалі тыя выхвалянні. І Антон, ціхі чалавек, засмуціўся, калі пачуў пра тое.

      Другі выпадак быў яшчэ страшнейшы; калі ўспомню – аж валасы на галаве падымаюцца. Аднаго разу (таксама на паншчыне) складалі мы сена. Дзень быў ясны і спакойны; на ўсходзе паказалася воблака, і далёка, быццам бы пад зямлёю, абазваўся гром. Тут бачым: ідзе накшталт слупа, віхор, падымаючы ўгору пясок і ўсё, што яму трапляецца па дарозе. Круцячыся вірам, праходзіць па полі недалёка ад нашае сенажаці. Са здзіўленнем пазіраем мы на гэта. Але вось Васіль кідае граблі, бяжыць на поле, спатыкае слуп віхору і, працягваючы яму руку, крычыць:

      – Як маешся, браце!

      А з клубоў пылу падае яму нехта чорную, як вугаль, руку. Слуп, круцячыся, пайшоў далей па полі. Страх агарнуў усіх нас. Вярнуўся Васіль, але ніхто яму слова не пасмеў сказаць. Зразумелі ўсе, што ён запанібрата з духам праклятым.

      З таго часу ніхто з ім размаўляць не хацеў; усе яго баяліся, і нават тыя пачалі ад яго ўцякаць, з кім раней сябраваў.

      Уся воласць пра гэта ўведала, дайшла чутка і да вушэй пана ды аканома. Яны не хацелі гэтаму даваць веры, і калі неяк пан у маёнтку запытаўся самога Васіля ці праўда тое, што кажуць, ён, лаючы ўсіх, адказаў:

      – Тым дурным заўсёды нешта трызніцца, абы разносіць хлусню і плёткі.

      І пан яго не чапаў.

      Антон, добры чалавек, заўсёды Васілю ўнушаў страх перад Богам, імкнуўся выправіць, змушаў хадзіць у касцёл і маліцца. Ён жа смяяўся з усяго, усім пагарджаў ды ішоў заместа імшы ў карчму.

      Нарэшце вырашыў ажаніцца. Антон меркаваў, што добрая жонка і перамена ў жыцці выправяць яго. Пасылаў сватоў не толькі ў сваю, але і ў чужую воласць. Ды ўсюду адмаўлялі, бо слава пра Васілёвы прыгоды і пра злосць ягоную разышлася далёка.

      Васіль пагарджаў усімі і кпіў з усяго, кажучы, што ён даўно ўжо сам сабе нагледзеў нявесту, якая яму найбольш даспадобы. Не хацеў спачатку пра гэта нікому казаць, але цяпер аб’яўляе ўсім, што закаханы ў Арыніну дачку Алюту,[56] што прызнаўся ёй ужо і атрымаў ад яе прызнанне.

      Пачуўшы гэта, Антон вельмі засмуціўся і раіў яму адмовіцца ад гэтага намеру, бо пра Арыну ходзяць чуткі, што яна кабета злая і чараўніца, а яблык ад яблыні недалёка падае, дык, можа, і дачка будзе такою. Аднак усе парады былі дарэмныя, і Васіль яшчэ часцей пачаў наведвацца ў Арыніну хату.

      Гледзячы на гэтую яго прыхільнасць да Алюты, адны суседзі са смехам казалі:

      – Пазнаў роўны роўнага, будзе пара поўная.

      Іншыя

Скачать книгу


<p>56</p>

Галена.