Скачать книгу

ля гэтага каменя начаваць, таму тыя скарбы і здабыць наканавана. Васіль быў смелы, не баяўся нічога, бо ўжо раз з шатанам, што ехаў на віхоры, вітаўся, як з братам.

      Пасля захаду сонца, калі вечаровы змрок ахутаў палеткі, ідзе ён на пагорак і сядае на камень. Хмары закрылі неба, цямнее ў полі, усюды глуха, у лесе, што чарнеўся перад ім, абзываецца сава; Васіль бачыць, як снуюцца перад ім здані, паўзуць з-пад каменя, сыкаючы, вужы, скачуць у скрутах вакол страшыдлы з сабачымі галовамі і казлінымі нагамі. Васіль смела паглядаў на гэта, мяркуючы, што зараз яму пакажуцца скарбы. Раптам бачыць, як хтось зварочвае з дарогі і набліжаецца да яго. Гэта быў Марцін.

      – Што ты тут робіш? – запытаўся ён з усмешкаю. – Пэўна, скарбы шукаеш?

      – Шукаю, але чаго ты прыйшоў? Ты затрымаў мяне на парозе багацця, вырваў з рук маіх шчасце, варта, каб я табе галаву каменем раскроіў.

      – Не гневайся. Я раскажу пра лепшыя скарбы. – І, сеўшы ля яго на камені, кажа: – Слухай, Васіль, лепей ідзі дадому. Здароўе, пачцівая праца – гэта найдаражэйшы скарб для добрага чалавека. Дрэнна, калі хто шукае дапамогі ад нячысціка. Ты яшчэ малады, працуй, Бог дапаможа. Антон, апякун твой, бяздзетны; калі будзеш паслухмяны, дык усё, што мае, табе перакажа.

      Угневаны Васіль плюнуў і, мармычучы штосьці, адышоў.

      З таго часу ён не прыходзіў дадому. Антон, бачачы ўсё большую яго зацятасць, супакоіўся і чакаў, што з гэтага выйдзе. Знаёмыя прыносілі розныя весткі пра Васіля. Адны казалі, што знайшоў ён нейкую гультайскую хеўру, крадзе з сябрукамі, а набытыя грошы прапівае ў карчме. Іншыя – што жыве ў Арыны, вучыцца чарам, і нават бачылі, як з Алютай і Арынаю хадзіў па лесе і балоце каля азёраў, збіраючы зёлкі, на якіх ніколі раса не высыхае.[57] Трэція сцвярджалі, што з-за куста нават чулі, як Арына, вырваўшы з зямлі нейкую расліну, апавядала пра страшную яе моц.

      Марцін, настойлівы ў сваіх задумах, імкнуўся дзе-небудзь сустрэцца з ім, але не выпадала. Не асмельваўся ісці да Арынінае хаты, баяўся гасціннасці чараўніцы.

      Аднаго разу ў нядзелю пад вечар хто са знаёмым, хто з кумам ідуць у карчму, каб там пры гарэлцы пагаманіць, параіцца пра тое ды пра сёе і весела час прабавіць. З надзеяю, што, можа, спаткаецца з Васілём, ідзе туды і Марцін.

      Сядаюць за стол. Жыд Ёсель рады гасцям, налівае гарэлку, ставіць на стол і крэйдаю запісвае на сцяне, умаўляючыся, што калі ўвосень будзе новы хлеб, дык прыедзе да іх, пачастуе гаспадара і гаспадыню гарэлкаю, а тыя сустрэнуць яго ветліва і аддзячаць розным збожжам.

      Заходзіць Марцін. Сёй-той рады, што яго ўбачыў. Просяць госця за стол, частуюць гарэлкаю. Пачалася гаворка пра Васіля і яго каханую; адны хвалілі Алюту, што добрая дзяўчына і была б добраю жонкаю, калі б выйшла замуж за добрага чалавека, а не за Васіля, які пабратаўся з д’яблам; было колькі п’яных, што і Васіля хвалілі; іншыя ж Васіля, Алюту і Арыну называлі найнягоднейшымі людзьмі.

      Калі гэтая спрэчка і шум зацягнуліся, Ёсель, што стаяў у канцы стала, кажа:

      – Паслухайце,

Скачать книгу


<p>57</p>

Трава росiчка, якая расце на купiнах i ўжываецца супраць чараў.

Расічка – вельмі рэдкая і нізкая расліна. «Яе адметнасць, па словах простага люду, заключаецца ў тым, што пакуль на ёй ёсць раса, то яе можна знайсці; але як толькі раса прападзе, то расліна хаваецца ў зямлю і адшукаць яе немагчыма. Расічка мае прыемны пах і ўжываецца як лекавая зёлка». – «Собрала росічкі на посвяцаніе» (І. Насовіч. «Словарь белорусскаго наречія»).