Скачать книгу

на пахавальны дзень, я ўзрадавалася, калі, заглушыўшы матор, ляснуў дзверкамі трактара Толік, а Валік, злезшы з воза, грунтоўна прывязаў лейцы да слупка брамкі.

      Пакуль мы з Улянкай спускаліся ўніз, спусцілася за Буг і сонца. Зніклі чырвоныя водбліскі; ноч, пакуль што ў сінім, падбадзёрыўшыся, ступіла смялей.

      – Не змаглі раней, – яшчэ ад плота гукнуў Толік. – Чарота сказаў: «Што хочаце, а не пушчу! Я і сам мусіў быў пайсці развітацца з Макрыняй Лукашаўнай, але ж надвор’е чакаць не будзе. Нябожчыца сама была гаспадыняю, яна нам прабачыць. Звязем сена – разам на магілу сходзім».

      – І праўда ж, хмара за Бугам стаяла, – дадаў Валік, падыходзячы. – Але бач ты, холадам працягло. А ўжо ж яго і трэ было б, гэтага дажджу. Тым больш, што сена сёння мы апошняе звезлі… Так што вы не крыўдуйце, што на пахаванне не прыйшлі. Ну ніяк не выходзіла.

      – Што вы выбачаецеся, – махнула рукой Улянка. – Добра, што вось заехалі. Пойдзем дахаты. Вы рукі памыйце, а мы стол спарадкуем…

      Мы з сястрой прыбралі талеркі, шклянкі і відэльцы, паставілі чыстыя прыборы. Толік з Валікам адцягнулі два лішнія сталы, і мы селі.

      Днём мы з Улянкай не сядалі за памінальны стол. Там паднесці, там падабраць – трэ было паслугаваць людзям, што прыйшлі ў апошні раз да бабулі. Такая была наша задача на хаўтурах, і яна нам даўно, настойліва і падрабязна была ёю ж, бабуляю, расталкавана. Але цяпер вечар, цяпер іншая справа. Цяпер кожная страва скінутая з трох талерак у адну, афіцыйная частка скончылася.

      Толік адкаркаваў бутэльку і, на імгненне замёршы над маёй чаркай, запытальна глянуў на Улю. Яна кіўнула, і ён наліў мне. Я на такія рэчы ўжо не рэагую, прывыкла – што будзеш рабіць, алкагалічка, сабой распараджацца не можа.

      Цішыня. Цямнее за акном, голая лямпачка. Кожны раз на Вялікдзень у гэтым самым пакоі мы накрывалі на стол. Бабуля ніколі не сядала на пачэснае месца – заўсёды збоку, прыціснуўшыся да каго з дзяцей, але перад першай гаварыла заўжды яна. Звычайна ў вершах – простыя думкі, дзеяслоўныя рыфмы. А цяпер цішыня, і мы маўчым, трымаючы гарэлку перад сабой.

      – Дык што я хацеў сказаць? – Толік устаў, чаго я ад яго не чакала. – Мо і не мне трэ было б першаму, але што ж… Я вось што сказаць хачу: першае, што я помню ў сваім жыцці – баба Макрынька. Ды вы ж ведаеце: калі мне было чатыры гады, я на плёсе біў лёд і праваліўся, а яна мяне выцягла. Выратавала. Дык вось помню: хапаюся пальцамі за ледзяныя брылы, а яны выслізгаюць, і то чорная вада перада мной, то белы снег і сіняе неба, і вось раптам мяне хапае за каўнер моцная рука, і я ўжо ляжу на снезе, мне не хапае паветра, а з рота ідзе пара… І яна мяне на рукі, і ўбягі…

      Валік раптам засмяяўся і адразу ж сумеўся недарэчнага смеху:

      – Ох, цябе яна пёрла ў чатыры гады, а мяне ў пяцьдзясят чатыры…

      – Як так?

      – Ды з месяц таму, вяртаўся аднекуль праз Дабрацічы, бачу – баба Макрыня цягне мех на спіне, ідзе, на кульбу спіраецца. Я з возу злез, кажу – дайце памагу! А яна праз свае акуляры прыгледзелася, пазнала і кажа: «А, Валічак! Спасіба, але я

Скачать книгу