ТОП просматриваемых книг сайта:
Рыбін горад. Наталка Бабіна
Читать онлайн.Название Рыбін горад
Год выпуска 2011
isbn 978-985-7165-85-8
Автор произведения Наталка Бабіна
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
Зосю ўладкавалі ў рэанімацыю, у асобны бокс. Пачувалася яна лепш – падзейнічалі супрацьатрутныя лекі. Доктар запэўніў мяне, што небяспекі ніякай няма, і, дамовіўшыся, што вечарам Зосю наведае Зарніцкая, а заўтра прыеду і я, мы паехалі назад – Ленцы трэ было вярнуцца ў Страдзічы.
У Дабрацічах, высадзіўшы мяне, Алена падняла капот, каб нейкую там трасцу паправіць, і папрасіла прынесці папіць. Таму першай бабу пабачыла я сама: адваліўшыся, яна сядзела за сталом на верандзе, на лаўцы, галава закінутая, хустка трохі спаўзла. Ямка рота. Акуляры коса на худым жаўтаватым твары.
Яна была мёртвай.
Чужая смерць
Увесь пахавальны клопат і само пахаванне прайшлі для мяне змазана. Улянка яшчэ паспела прыехаць. Людзей прыйшло няшмат, але адусюль: утравелымі сцежкамі, зарослымі кукальнікам ды пурхаўкамі, пад хмарай, што гадавалася за Бугам, з Страдча, Дурычаў, Заказанкі прыйшлі маладзейшыя за яе, нашу бабу. Дабрацінцы сабраліся ўсе, акрамя старой Лялькі, якая даўно не ходзіць. Прыйшоў Афанасий Петрович – бабулін дружбак з дачнікаў. Сёння ў яго за поясам адсутнічала нязменная сякерка, але штаны былі тыя самыя – чыста памытыя, некалі даўно сінія. Ён адзіны заплакаў, калі труну з хаты вынеслі на двор. Ды яшчэ чапля, якая, выгнуўшы гакам шыю, пралятала ў гэты момант над дваром, крыкнула: «Ай!» Я бачыла ўсё праз нейкае чорнае сіта – людзей, труну, чаплю, святлейшую за хмару, якая паўзла за ёй… Уляну, Уругвайца, Лёніху, Ярашыху, Аксанку…
Аксанка, задыханая, прыкаціла на ровары апошняй. Я яе не адразу і пазнала: яна не папаўнела, як можна было б чакаць, але за час, што мы не бачыліся – а гэта год дзесяць – змянілася непазнавальна. Яна была як апушчаная ў ваду. Мы з ёй вучыліся ў адным класе, а зараз яна дырэктаравала ў той самай страдзіцкай школе, дзе мы раней вучыліся. Кіўнуўшы нам, яна паклала ровар на траву, падышла да труны і пацалавала бабулю ў лоб. Выпрасталася, задумалася, пагладзіла бела-карычневую руку нябожчыцы.
Хоць мне і нельга па звычаі, але я мыла бабулю разам з Ярашыхай і Кацяй Уругвайцавай – самі б яны не ўправіліся. Ногі і рукі адмыць не ўдалося – за пазногцямі, у дробных трэшчынках, у капілярах скуры засталася зямля, якая так моцна ўелася ў скуру, што яе не брала ні мыла, ні пемза, і цяпер я падумала, што наша баба, якая хутка стане дабрацінскай зямлёй зусім, была дабрацінскай зямлёй і раней – прынамсі, часткова. Прынамсі, у частцы рук і ног.
Трымаючыся за край труны, Аксанка загаварыла. У яе змяніўся нават голас – у ім не стала самых высокіх і нізкіх тонаў, і гучаў ён занадта роўна. Гаварыла яна па-нашаму, і людзі здзіўлена