Скачать книгу

справы!

      Але мяркуючы па набурмушоных тварах, вінаватыя хутчэй цешыліся, што першымі выказалі каралю сваю адданасць і замацавалі яе прысягай. Рурыкавіч Філарэт іх ушчувае, бо мае спадзяванні на сына, а ў іх свае разлікі і надзеі.

      – Але ж справа як бы даходзіць да скутку, – нясмела прамовіў Сыдаўной, азіраючыся на аднадумцаў за падтрымкай. – Дзень—два і здаецца, будзе завершана?

      – Па сапраўднаму перамовы з каралём яшчэ і не пачыналіся, – сярдзіта запярэчыў Галіцын і зачапіў не менш балючую справу. – Што там у каралеўскіх граматах на Маскву, не ведаю, але везці ваяводу Шэіну лісты наконт здачы крэпасці, гэта чыстая здрада. І да айца Аўраамія вазьму на сябе смеласць папроку. Мы тут не дзеля таго, каб пра набыткі ды прывілеі для асобнай абіцелі ці вотчыны дбаць. Першы нам наказ – зрабіць усё магчымае, каб кроў хрысціянская на Масковіі ліцца перастала, каб на веру праваслаўную чужацкі меч не замахваўся.

      Устрымаўся ад дакораў, што келар, праваслаўны, не апошні ў пасольстве чалавек, выпрошвае ў караля і канцлера, каталікоў, падачкі, што кароль у сваёй грамаце назваў яго сваім багамольцам. І келар гэты наказаў архімандрыту і браціі з выпадку шчодрых наданняў за гасудара Жыгімонта і сына яго Уладыслава Бога маліць. Па міласці келара ўвесь манастыр зрабіўся багамольцам Жыгімонта, пра што і мовы не было ні ў якіх дамовах і пра што без пачуцця абразы і агіды не мог падумаць ніводзін маскавіцянін. Затое каралеўскія брытыя дарадцы напэўна задаволены і прыкідваюць наступныя пасягальніцтвы на праваслаўе.

      Аўраамій Паліцын сярдзіта бліснуў вачыма, але не азваўся. Сварыцца з імянітым князем сабе даражэй. Яшчэ невядома, кім ён стане пры гасудару Жыгімонце. Не будзе ж кароль сядзець у Крамлі. А чаму не даручыць гэта імянітаму і акурат з тых, што былі супраць. А тое што расстараўся няблага, не прападзе. Хіба неразумны не бачыць, што ад лістападу 1610 года да пачатку студзеня наступнага кароль Жыгімонт паводзіцца нібыта ўладар маскоўскага стальца. Нават угаворныя граматы на Масковію ідуць не ад Уладыслава, якому маскавіты прысягалі, ад караля ідуць.

      Пасольства раскалолася, але каралю патрабавалася поўная згоднасць у адданасці менавіта яму, Жыгімонту. Пакуль Галіцын і Філарэт тут, гэтай згоднасці не дабіцца.

      Не дзіва, што пайшлі падшэпты пра шпегаванне паслоў на карысць шведам. Асабліва вызначалі Галіцына. Да канцлера дайшлі чуткі, што паслы здолелі перадаць у горад, каб Шэін не здаваўся, нават калі атрымае ад паслоў загад аб здачы.

      Але і паслы ведалі да якіх наступстваў прывяла б іх згода. Ад пачатку 1611 года паўстанне кацілася па ўсёй краіне. Саступкі прынясуць не супакаенне краіны, якога так прагнуць, а далейшы і яшчэ большы вэрхал і гора. Разрозненыя часткі царыкава войска па ранейшаму даваліся ў знакі. Невядома было на чый бок перакінуцца сёння ці заўтра.

      У канцы студзеня 1611 года войска Яна Пятра Сапегі, сабранае ў Пярэмышлю і Мяшчоўску, ізноў завязала канфедэрацыю, патрабуючы запозненага жолду і гатова было наляцець на ацалелыя ад рабунку гарады.

Скачать книгу