ТОП просматриваемых книг сайта:
Шал (зборнік). Юры Станкевіч
Читать онлайн.Название Шал (зборнік)
Год выпуска 2012
isbn 978-985-6906-88-9
Автор произведения Юры Станкевіч
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Другі фронт мастацтваў
Издательство Электронная книгарня
Безумоўна, гэта быў аўтэнтык. Няўжо адна з карцін вялікага майстра жывапісу, нешматлікія работы якога яму даводзілася бачыць, апынулася тут, у занядбанай вёсцы, у руках падлеткаў, якія – ён быў упэўнены – і простых акварэльных фарбаў ніколі не трымалі ў руках? Але ж Той часта вандраваў па вёсках, дзе там-сям і цяпер знаходзіліся яго дыванкі, прышпіленыя дзенебудзь над ложкам якой паміраючай бабулі, альбо неахайна скінутыя ў пыльны закутак, а то і проста па няведанні скіраваныя за печку.
На карціне хіліліся ад моцнага ветру дзіўныя, незвычайнага колеру дрэвы. Удалечыні грувасціліся пад прывідным святлом руіны невядомай пабудовы. У цэнтры, буйным планам, абмацвала прастору істота, якую ніколі не сустрэнеш увачавідкі, пэўна, толькі ў сне. Такія самыя істоты ўгадваліся ў зарасніках. Над усім гэтым бязлітасна ззяла ў распаленых аблоках незнаёмае чырвонае свяціла. Дзве злучаныя літары «Я» і «Д» унізе.
Іван Шашкоў ліхаманкава перагарнуў старое, падгнілае па краях палатно. «Краявід С…» – ледзьледзь разабраў ён літары, выведзеныя фарбамі. Надпіс быў неразборлівы, але дата – 1947 год – была добра бачная. Ён трымаў у руках невядомы дасюль арыгінал вялікага мастака з яго так званай «касмічнай» серыі.
– Дзе вы ўзялі гэта? – аж кінуўся ён да хлопчыкаў. Тыя спалохана адступілі.
– На гарышчы, у старой леснічоўцы, – сказаў урэшце старэйшы.
Іван Шашкоў яшчэ распытаў дзяцей, але нічога істотнага не высветліў, запісаў іх прозвішчы, растлумачыў, што яны знайшлі каштоўную рэч, якую трэба здаць у музей, таропка сабраўся і подбегам патрухаў дадому.
Увогуле, гэта быў не дом, а былая лазня наводшыбе, умяшчальная, прыстасаваная пад жыллё. Палавіну яе займала майстэрня. Тут у вёсцы Іван Шашкоў кожнае лета здымаў гэтую пабудову пад лецішча. Сам жа пастаянна жыў у горадзе, дзе меў кватэру і асабістую майстэрню – ён займаў важную пасаду ў Дырэкцыі выстаў Саюза мастакоў і быў даволі вядомы.
Праз некалькі хвілін ён ужо крочыў да напаўразбуранай леснічоўкі, якую трэба было безадкладна абследаваць і якая хавалася далёка ў лесе, але шлях да яе быў яму знаёмы.
У самой леснічоўцы, вядома, нічога не было. Лесвіца, па якой лазілі на гарышча дзеці, так і засталася прыхіленай да амаль спарахнелай страхі, дашчатае гнілое акно было напаўадчынена. Іван Шашкоў асцярожна залез наверх і расчыніў яго, каб было крыху святлей. Да ўсяго, ён з дзяцінства баяўся гарышчаў. «Каб не праваліцца ўніз», – падумаў ён, але столь, што была цяпер для яго падлогай, трымала. Невялікага росту, у свае амаль шесцьдзясят гадоў, ён быў лёгкі, нават сухі і мала важыў. Тым не менш, Іван Шашкоў дагэтуль меў вялікую цікаўнасць да жыцця, хоць і яго часам гнулі да ложку старэчыя хваробы, нажытыя, як ён лічыў і даводзіў іншы раз лекарам, у сваім партызанскім мінулым. У свае дваццаць ён у час акупацыі апынуўся ў брыгадзе так званага «дзядзі Колі» – групоўцы, сфармаванай скінутымі з Масквы дэсантнікамі. Але гарышчаў па-ранейшаму