ТОП просматриваемых книг сайта:
Дні без лета. Андрей Латыголец
Читать онлайн.Название Дні без лета
Год выпуска 2018
isbn 978-985-7210-43-5
Автор произведения Андрей Латыголец
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
– Макар… – жаласна прамямліла яна.
– Пяць! – урэшце вымавіў ён, і ў гэты момант нечакана пачулася, як унутры дома пстрыкнуў замок.
– Толькі без лішніх рухаў! Інакш я буду страляць! – зычна прамовіў Макар.
Ніхто зноў не адказаў, і Макар штурхнуў дзверы руляй стрэльбы. Тыя шырока расчыніліся. На парозе стаяў пажылы мужчына з сівымі валасамі. Ён падняў рукі ўверх і, просячы літасці, прамовіў:
– Калі ласка, малю, толькі не страляйце. У мяне хворая жонка. Мы хочам жыць. Бярыце ўсё, што вам трэба.
Кіра моўчкі назірала за ўсім, што адбываецца, і на яе вачах выступілі слёзы.
– Гэта ваш «кадылак» каля дома? – наставіўшы стрэльбу на мужчыну, спытаў Макар.
Той кіўнуў.
– Ключы! Хутка!
Мужчына, у якога адняло мову, разгублена падаўся назад, а потым, заікаючыся, сказаў:
– Так, так, вядома… Я аддам іх, толькі не страляйце!
– І без глупстваў, я буду за вамі назіраць!
Мужчына кінуўся ў дом. Звонку было чуваць, як ён супакойвае жонку, перасцерагаючы яе, каб не высоўвалася і заставалася на месцы. У доме пачалася мітусня. Потым пачуліся грузныя крокі па лесвіцы на другі паверх. Макар мацней сціснуў стрэльбу. Ён мусіў быць гатовым да ўсяго самага непрадказальнага. Гаспадар мог, скарыстаўшы момант, узяць зброю, калі яна ў яго была, і адкрыць па іх агонь з акна другога паверха. Аднак тады чаму ён адразу гэтага не зрабіў? Можа, спалохаўся? Ці не паспеў? Хутчэй за ўсё, у яго не было ніякай зброі. Макар падумаў пра гэта, толькі калі сумятня ў доме заціхла і яму засталося адно напружана і доўга чакаць. На яго лбе буйнымі кроплямі выступіў пот. Галава дакучліва забалела, рукі затрэсліся, і хлопец ужо задумаўся пра марнасць і неабачлівасць свайго ўчынку.
Калі крокі на лесвіцы пачуліся зноў, Макар зычна выкрыкнуў:
– Выходзь павольна! Я павінен бачыць твае рукі!
Мужчына з’явіўся на ганку. Яго твар быў белы, а цела працінала дрыготка.
– Кідай! – выцягнуўшы наперад левую руку, загадаў Макар.
Мужчына, дрыжачы, кінуў ключы. Макар спрытна злавіў іх і, не азіраючыся, пракрычаў:
– Кіра, падыдзі бліжэй! Табе давядзецца завесці машыну!
Кіру перасмыкнула, і яна імпэтна наблізілася да ганка. Макар кінуў ёй ключы, і яны ўпалі на зямлю, засыпаную сантыметровым слоем попелу. Кіра тут жа падхапіла іх і паглядзела ў спіну Макара.
– «Кадылак» насупраць дома, брудна-зялёны… Паспрабуй яго завесці. Калі ён на хаду, праедзь некалькі кварталаў… Як толькі завядзеш, пасігналь, каб я ведаў, калі мне можна адыходзіць, а потым цісні на газ. Справішся? – не зводзячы вачэй з абамлелага мужчыны, выразна прамовіў Макар.
– Так, паспрабую…
Кіра, спатыкаючыся, бягом кінулася да машыны. Дрыготкай рукой яна націснула на бірульку – сігналізацыя выдала гук разблакіроўкі. Кіра адчыніла дзверы і села на мяккае сядзенне. Уставіўшы ключ у замок запальвання, яна выціснула