ТОП просматриваемых книг сайта:
Дэманы доктара Глінскага. Сяргей Егарэйчанка
Читать онлайн.Название Дэманы доктара Глінскага
Год выпуска 2019
isbn 978-985-7210-08-4
Автор произведения Сяргей Егарэйчанка
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
– Паўтаруся, я не заклікаю да гвалту, змены дзяржаўных межаў, пераследу па тых ці іншых прыкметах. Мая дактрына – гэта гуманізм ва ўсіх яго праявах. Роўныя магчымасці для кожнага – так, гэта агучвалі многія, але ніхто з іх не думаў, што будзе, калі даць гэтыя самыя роўныя магчымасці людзям ва ўмовах дэфіцыту прадуктаў харчавання, энергіі і доступу да выгод, з якім мы сутыкаемся ўжо цяпер. Я думаю пра тое, як вырашыць корань праблемы, а не яе следства, як зрабіць так, каб больш не было сэнсу змагацца за стратэгічныя крошкі.
– Вы і сапраўды ўявілі сябе месіем.
– Не, усяго толькі чалавекам, які не блытае хвост з галавой.
– Адкуль вы ведаеце, што на самой справе што? І чаму вы лічыце, што толькі вы бачыце свет у адзіна правільным святле?
Я ўздыхнуў.
– Я разумею, доктар Эш. Вам здаецца, што я вар’ят. Але ж вар’яцтвам было б патрабаваць ад вас імгненных дзеянняў, а я ўсяго толькі прапаную сваё бачанне праблемы, не чакаючы, што вы будзеце ўвасабляць у жыццё ідэі, якія падаюцца вам утапічнымі.
Эш раптоўна абмяк у сваім крэсле.
– Вы нават не ўяўляеце, як моцна я стаміўся за гэтыя дванаццаць гадоў. Калі я заняў свой пост, я быў энергічны, як шчанюк джэк-расэл-тэр’ера. На твары не было маршчын, а на галаве – ніводнага сівога воласа. Зараз я стары, які з цяжкасцю перасоўваецца з кабінета ў аўтамабіль. Можа быць, вы якраз мелі на ўвазе мяне, калі параўноўвалі ўсю сістэму ААН з састарэлым маразматыкам?
– Крый божа. Я не схільны атаясамліваць цэлую сістэму з адным чалавекам.
– Я ў апошні час часта задаю сабе пытанне, чаму я так рэзка пастарэў за гэтыя гады. Задаю – і ніяк не магу знайсці адказу. Прабачце за бестактоўнае пытанне, колькі вам гадоў, доктар?
– Трыццаць шэсць.
– Вы зусім малады. Але чаму ў вас ужо паўгалавы пасівела, хоць вам яшчэ нават не споўнілася столькі гадоў, колькі было мне, калі я заняў крэсла намесніка Генеральнага сакратара?
Я нацягнута ўсміхнуўся.
– Усё занадта проста, доктар Эш. У вашым жыцці ніколі не было безнадзейнасці, якая ціснула б на вас са дня ў дзень, з года ў год. Гэты прэс зваліўся на вас разам з непасільнай ношай вашай пасады. Вы нарадзіліся ў нябеднай сям’і, хадзілі ў прыстойную школу, вучыліся ў Сарбоне, ваша кар’ера ішла ўгору і вы не думалі ні пра што, акрамя як пра наступную прыступку вашага развіцця. Усё ваша жыццё складалася з ланцужка «праблема-рашэнне-крок на наступны ўзровень».