Скачать книгу

igraph>

      Уяўныя фігуры больш выразныя і праўдзівыя, чым рэальныя.

Фэрнанду Пэсоа, «Кніга неспакою»

      © Календа Сяргей, 2018

      © Logvino Literatūros namai, 2018

      © Распаўсюджанне e-book. ТАА «Электронная кнігарня», 2018

      Ключы

      0. Alive

      1. Бар

      2. Вёска

      3. Горад

      4. Запалкі

      5. Машына

      6. Панкі

      7. Раён

      8. Раман

      9. Сустрэчы

      0

      Я не хачу пераяжджаць, да падарожжаў я гатовы, да часовага побыту, ня больш за месяц, – таксама, мне ня хочацца жыць у Эўропе, я ніколі не хацеў бы трапіць у Расею, у Штаты я б паехаў працаваць. Я мог бы жыць у Аўстраліі, каля пяці гадоў, і мог бы пажыць на пэнсіі ў Шатляндыі, калі б мне дазволіла мая пэнсія. Я адчуваю, што здольны на раман з краінай, на прыгожыя дачыненьні, а потым доўгае вяртаньне дадому, сваркі, нянавісьць, стрэс, бо ня хочацца з той, якую ты гэтак любіў, аднойчы зрабіцца адно аднаму не цікавымі, стомленымі. Толькі радзіма зможа цябе прыняць такім, які ты ёсьць, і любіць зь любым настроем і целаскладам.

      Я шмат дзе жыў, дыхаў паветрам вольным і ня вельмі чыстым, назіраў за суседзямі і эмігрантамі, такімі чужымі і блізкімі, за мясцовымі і карэннымі, як мае расхістаныя зубы, жыхарамі. Мяне цягне дадому, у гэты горад, у гэтую вялікую вёску, на гэтыя расколатыя двары, і мне хочацца вяртацца да сваіх ужо родных бабак каля пад’езду, і сустракаць, хоць не заўсёды ў гуморы, сваіх суседзяў – музыкаў, міліцыянтаў, інжынэраў, прадаўцоў, кіроўцаў таксі – розных, дзіўных, шаблённых, ад нараджэньня вопытных, мудрых і бадзёрых, якія звычайна без парады ці пытаньня пра жыцьцё, так проста не прапусьцяць, хоць ты дакладна ведаеш пароль дамафона і маеш ключы ад усіх замкоў.

      У сваім раёне, горадзе, краіне, можна напіцца і адседзець пятнаццаць сутак за яе свабоду. Тут усё маё: мая памяць, магчымасьці, расчараваньні ды немагчымасьці, каханьні і сьмерці родных. Гэты горад – яго зямля ўтрымлівае мае эмоцыі, пачуцьці, яна ўсмактала ў свае нетры мае сьлёзы, кроў і мачу.

      У гэтым двары я адначасова вялікі і мужны, і нейкі дурны і нязграбны падлетак. Я сябе адчуваю адным вялікім цэлым, складзеным з разьбітага посуду, кавалкаў мабільнага тэлефона і раскіданага адзеньня, якога я ўжо ніколі ў жыцьці не надзену.

      Я нарадзіўся тут, і, зразумела, мяне яшчэ будзе закідваць у розныя месцы зямнога шару, але я ведаю, што ў маім пакоі, які ўсе сэзоны году застаецца ў цені, ахінуты пасаджаным мною бэзам пад вакном, схаваная сярод кніжных паліцаў бутэлька купажнага віна, і гэтая бутэлька ведае, што і калі рабіць: каго клікаць на другі келіх, а пра каго варта забыцца, можа толькі часова, не назаўсёды. Алькаголь дапаможа ўзважыць стомленасьць, супраць мараў усяго жыцьця.

      0/7

      Людзі пераяжджаюць, перамяшчаюцца зь вёсак у гарады, спальныя раёны множацца, шматпавярховыя панэлькі дублююцца, размываецца сэнс жыцьця, усе драбняцца на маленькія сямейкі, гетэрасэксуальныя і гомапары, альбо абіраюць самоту і кампутарныя гульні, зьяўляюцца даўншыфтэры і гіпстэры, вэйпэры і хайпэры, нацболы і літрболы, раёны ператвараюцца ў клоны, хтосьці з блогераў вам скажа, што гэта ня так, бо кожны новы раён стварае своеасаблівы ўнёсак, адбітак праз жыхароў і новае пакаленьне, але рэальнасьць паказвае зусім іншы бок манэты.

      Акрамя гаджэтаў і новай моды, у кожным раёне застаецца той асаблівы подых, які лунае, як Дух Божы пасьля стварэньня сьвету, іманэнтны прывід, створаны праз адмысловы рознакаляровы кантынгент насельніцтва, які часта бывае шаблённым, нават – архетыповым. Дух гэты складзены з густых пахаў згатаванага абеду і вячэры, з квашанай капусты і смажанай бульбы, з пахаў тытуню, траўкі і ацэтону, які выпарваецца падчас варэньня маку. Усё ёсьць, і было, і будзе, пакуль сьвеціць сонца.

      Ад усіх гэтых гарадзкіх ваколіцаў і побыту немагчыма пазбавіцца, немагчыма перабудаваць раён, перастравіць яго, пакуль не адсячэш галавы ад гэтай гідры, якая завецца кожны раз па-рознаму, але заўсёды застаецца тым самым местачковым прывідам, якому пакланяюцца, – Сьвяты воблік мінулых шчасьлівых савецкіх гадоў і яго памагаты збраяносец, п’яны супрацоўнік ЖЭСу.

      Я станаўлюся выпадковым сьведкам чужога жыцьця, праз усю нашу блізкасьць – панэльныя сьценкі. Жыву, назіраючы міні-сэрыялы, хоць сам таго і не жадаю. І я адчуваю абсалютную аддаленасьць ад людзей, суседзяў, раённых герояў.

      Гэта як быць Гі дэ Мапасанам і праз сваю нянавісьць да Эйфэлевай вежы есьці ў яе рэстарацыі, бо гэта адзінае месца, дзе вежы не відаць, гэтак і ў маім выпадку – я жыву сярод сваіх настолькі блізка і шчыльна, што мне іх не відаць, я проста застаюся сярод сваіх пэрсанажаў для новай кнігі, мяне пачынаюць цікавіць жыхары, што побач, адно дзеля наданьня новай рысы свайму герою.

      Я не эгацэнтрык і не мізантроп, магу ненавідзець, але так, па-добраму. Я ніколі нікому не зычыў сьмерці, але… Можа быць, аднойчы, калі думаў, пра тое, як было б файна назіраць, як мазгі гэтага гопніка-суседа бягуць кроплямі, апярэджваючы адна адну, як

Скачать книгу