ТОП просматриваемых книг сайта:
Пантофля Мнемазіны. Людміла Рублеўская
Читать онлайн.Название Пантофля Мнемазіны
Год выпуска 2018
isbn 978-985-7165-55-1
Автор произведения Людміла Рублеўская
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
Чакаць і даганяць – самыя паскудныя справы, казала мая бабуля. З Мар’інай Горкі да Старавежска, як сведчыў тысячавокі Гугл, можна было дабрацца за якія паўтары гадзіны на рэйсавым аўтобусе.
Дождж паныла малаціў па бляшаным навесе, як быццам адпрацоўваў належны тэрмін на нелюбімай працы.
– Паслухай, Вірка… – Мацей стамлёна пацёр двума пальцамі пераноссе, быццам там намулялі нябачныя акуляры. – Давай не ламаць… трыснёг. У мяне ўвечары важнае паседжанне. Я абяцаў вярнуцца…
– Вяртайся, не пытанне! – я выцягвала з заплечніка шаргатлівую сінюю накідку, быццам пакамечанае неба з водгуллем навальніцы.
Я зусім не хацела да чагось змушаць Саламярэцкага. Праўда.
Праўда і тое, што ў глыбіні душы ведала, што ён усё роўна пацягнецца за мною.
Так і здарылася. Мы трэсліся ў маленькім аўтобусіку, мусіць, яшчэ савецкага часу, і нашы выпадковыя спадарожнікі амаль усе везлі з сабой саджанцы. Здавалася, гэта транспарт для дрэваў-перасяленцаў, яны тут паўнавартасныя пасажыры, а мы так, аўтаспыншчыкі. Кволыя шэрыя пруты, як сапраўдныя мігранты, не ведалі свайго лёсу. Хтось з іх прыжывецца, закрасуе, а хтось і не знойдзе сіл зрадніцца з чужой непрыветнай глебай.
А ўсцяж вузкай, не магістральнай дарогі мільгалі на шыльдах рознай ступені іржавасці незнаёмыя, але такія старасвецкія, з водарам стагоддзяў назвы. Людвісарава… Падняводдзе… Жухавічы… Наўе… Волатава Пушча… Мне падалося, што дарога з Мар’інай Горкі да Старавежска – шлях з рэалу ў фэнтэзі, дзе іншыя законы быцця і іншая гісторыя, дзе жывуць ваўкалакі і прывіды і адкуль ніхто не вяртаецца ранейшым.
Вось каб быў са мной Корвус – колькі б ён распавёў цікавага! Пра тое ж Людвісарава, уладальнік якога быў сынам магната, але пайшоў у інсургенты… Пра Наўе, сама назва якога адсылала да Краіны Мёртвых. Наўе і Праўе, між якімі жылі продкі…
Мацей у прывіды не верыў. Ён гаварыў па смартфоне. Нудна і стамлёна.
– Так, я памятаю, што абяцаў вярнуцца. Так, мы адна каманда. Не, я не Ланцэлот. Я айцішнік з асабістым жыццём. Паслухай, Марго, усё роўна эплаўцы будуць размаўляць па скайпе. У мяне з сабой планшэт, падключуся – і айс.
Марго – ягоная калега. Ні разу яе не бачыла. Увогуле, ніколі не хацела ведаць падрабязнасці працы майго бойфрэнда. Але гэтая дамачка мяне ненавідзіць, факт. Не здзіўлюся, калі закаханая ў Мацея. Не тое, каб мне было ўсё роўна, нат калі тваю котку хтось звядзе, прыкра. Але Салома і праўда заслугоўвае большага, чым я магу яму вылучыць. Таму трымаць не буду.
Між тым на экране Мацеева планшэта заміргалі фізіяноміі суразмоўцаў у асобных квадраціках, зусім як на маніторы відэаназірання ў метро. Саламярэцкі надзеў навушнікі і залапатаў па-ангельску. Здольнасць да моў у мяне прыблізна як у індыка да балета. Ды каб і разумела – што мне да іхніх тэхналогій, дый усім астатнім пасажырам таксама.