Скачать книгу

і пра ламаўрэн – гаворку армянскіх мястэчак, апошнія носьбіты якой сышлі ў лепшы свет таксама колькі гадоў таму. Эксперт па ламаўрэне трапіўся нейкі зусім гугнявы, слухаць яго было нецікава, і Марына пашкадавала тую нешчаслівую мову: вось гэтая ўжо як памрэ – дык з канцамі. Гэты гундос ці будзе яе як след кансерваваць?

      Але ж адной мовы Марыне стала сапраўды шкада. «Ну і людзі», – падумала яна. «Сацыяльны ціск», «лінгвістычная большасць»… Мова гэтая існавала з часоў Вялікага шаўковага шляху, на ёй размаўлялі тыя яшчэ караваншчыкі, якія везлі з Кітая паперу і шоўк. Менавіта ягнобцы, што схаваліся ў цяжкадаступнай даліне ракі Ягноб, захавалі ад персаў вялікую сагдзійскую мову – афіцыйна яна лічыцца памерлай з ХІ стагоддзя, але ж ягнобі, маленькая мова ягнобі – гэта і была тая самая сагдзійская, уратаваная ад персеізацыі. У той дзень яны зніклі разам: і апошняя бабулька-сагдзіянка, і ягнобі. Ну як зніклі – перамясціліся з няўтульнай горнай даліны на жоўтыя паліцы шыкоўных стэлажоў.

      Марына часта ўспамінала свой вопыт выкладання беларускай мовы напрыканцы яе існавання ў ВНУ.

      На першым занятку – дарэчы, першым з чатырох магчымых, беларуская мова прысутнічала ў навучальных планах негуманітарных спецыяльнасцяў у сімвалічнай колькасці васьмі гадзін, і Дамейка ніколі не разумела, навошта даваць чатыры заняткі па мове тым, хто яе наогул не ведае, хіба каб замацаваць нянавісць да яе – дык вось на першым занятку яна заўсёды прасіла студэнтаў распавесці пра сваю першую сустрэчу з беларускай мовай.

      Адну студэнцкую гісторыю яна памятала і сёння. Дзяўчына, аўтарка гісторыі, жыла з мамай-студэнткай у Расеі, а бацька, лічылася, гараваў у адзіноце на Беларусі. Сляды ягонага гаравання ў выглядзе недапітых бутэлек з каштоўнымі вінамі, вітых рамантычных свечак і трох параў жаночых ступакоў у розных кутах двухпакаёўкі заўсёды суправаджаліся крывавымі бойкамі, якія пераследавалі ўсе мінскія канікулы дзяўчынкі. Але ж сварыліся мама з татам на кухні, а малая сядзела і сядзела ў зале і глядзела тэлевізар. Аднойчы яна выпадкова патрапіла на беларускі канал, па якім нейкая прыгожая цётачка пасярод незразумелага балбатання раптам сказала зразумелае: «Прапануем вашай увазе»…

      «У вазе… У вазе… Яна сказала: у вазе», – здзівілася дзяўчынка і пачала азірацца навокал у пошуках вазы. Тая не стала хавацца і высунула пакацістую крышталёвую бачыну з-за шторы. Наша гераіня сунула руку ў вазу – і трэба ж! – на самым яе патаемным дне ляжалі тры неверагодныя цукеркі: белыя, пяшчотныя, у паркалёвых абгортачках, з тоўсценькім арэшкам унутры. Гэта быў цуд. Дарэчы, гэтая студэнтка, прынамсі, чытаць па-беларуску магла без пыкання…

      Зараз мова вярталася ў вазу, і Марына адчувала цалкам зразумелае нецярпенне: пакласці чароўны арэшак у белую салодкую пяшчоту, закруціць у бялюткі паркаль…

      Кансервацыя – гэта было геніяльнае вынаходніцтва Кійске. У акадэмічных умовах мовы мелі значна болей шанцаў, і людзі, якія імі займаліся, таксама.

Скачать книгу