ТОП просматриваемых книг сайта:
Ціша (зборнік). Андрэй Федарэнка
Читать онлайн.Название Ціша (зборнік)
Год выпуска 2014
isbn 978-985-02-1519-2
Автор произведения Андрэй Федарэнка
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Беларуская проза XXI стагоддзя
Издательство Электронная книгарня
– Ануліруйце! Як у вас совесці няма…
Любому цярпенню, нават начальніцкаму, прыходзіць канец. Як ты з намі, так і мы з табою. Калі ў цябе прынцыпы, дык у нас тым больш. Сказана – зроблена. Узялі і сапраўды пазбавілі пенсіі, ільгот – словам, усяго.
– Ануліравана! Цяпер ты не ўдава героя вайны, – цынічна заявілі ёй. – Больш не будзе табе ні грошай, ні льгот, яшчэ і медалі забярэм. – Забірайце! Сабе начапляйце ды насіце! Не трэба мне вашыя медалі і вашыя грошы – абы вы сябе не абдзялілі!
– І яшчэ прымусім вярнуць за ўсе гады, што ты несправядліва атрымлівала. І тушонку вернеш… – Грошы я на дзяцей траціла, а тушонку куплю – ежце! Хай вашы дзеці так наядзяцца мяса, як мае! – дзёрзка адказвала ганарыстая, непакорная ўдава.
Тым больш, што дзеці ў яе да таго часу павырасталі, а Стах і Стэфан дык нават паспелі адслужыць і ажаніцца.
Але ў душы, канечне ж, перажывала. Людзі бачылі несправядлівасць, спачувалі ёй, раілі: – Напішы ў Маскву.
– Не буду я пісаць ні ў Маскву, ні ў Берлін! Хіба ён вінаваты, што загінуў не так, як ім хочацца?
Уся гэтая гісторыя пачалася даўно, калі Марк яшчэ не быў жанаты, а Петрыка нават на свеце не было, цягнулася вось ужо цэлых адзінаццаць гадоў і перыядычна не давала маці спакою.
– Адзінаццаць… ці то ўжо больш, на дванаццаць месяцаў, – пачынала множыць маці, збівалася. – Ды павышэнні кожны год… Кватэру, палац можна было б адбудаваць! Каб хаця палавіну тых грошай – і Марку не трэба было б у заробкі ездзіць, гібець у той Сібіры… Даўно б у мікрараёне жылі… Ці хаця б Петрыку вунь адкладвалі… А так – абы-што! – Не ўбівайся, донечка… Гэта не тыя грошы, якіх шкадаваць трэба.
– Дык крыўдна ж вельмі, несправядліва! Можа, варта было б саступіць? Хай бы перазахавалі… Цела мёртвае, а грошы ж жывыя. Мо і цяпер не позна, калі б вы саступілі, дык і яны за ўсе гады разлічыліся б…
Бабуля Домна падціскала вусны і ўпарта маўчала. Ды і маці казала ўжо без энтузіязму. Яна як хутка загаралася, так і астывала, і ў канцы рабілася поўнай саюзніцай бабы Домны; ужо ёй самой было няёмка, што лішні раз развярэдзіла сямейную драму.
Выліўшы душу, выказаўшыся, яна зараз жа пачынала шкадаваць, апраўдваць свякруху, і вінаваціла ўжо не Домну, а “тых” – маўляў, хоць бы, бессоромнікі, ільготы пакінулі: зубы паставіць, за электрычнасць менш плаціць, у транспарце бясплатна ездзіць, у чарзе не стаяць, ну, мала што. І канчалася ўсё аднолькава – скрушнымі жаночымі ўздыхамі і цвёрдым перакананнем: – Няма справядлівасці на свеце!
3
Яшчэ баба Домна любіла ладзіць “вячоркі”. Раз у два-тры месяцы ў яе збіраліся такія ж, як яна, пенсіянеры. Прыходзіла сямейная пара – Аўрам з Марыйкаю, Аўрам – у вышытай сарочцы, з баянам, жонка – у белым з чырвонымі пеўнямі фартуху. Адзінокая Марта, хворая на расшырэнне вен, сядзела ў Домны яшчэ з раніцы, чакала; пра яе расказвалі, што яна ўмудрылася за ўсё жыццё ніводнага дня не працаваць, ціхім ходам перажыла