Скачать книгу

ты апраўдваешся? Я ж сказаў, перакіпела. Я вось сяджу, выпіваю з табою, а сотні выпісаных з вашай клінікі так ніколі і не сустрэнуцца з Вінярскім, і не скажуць яму, што хацелі б сказаць, – як і тыя, што ляжаць у вас цяпер, на якіх ты ўвагі не звяртаеш…

      Васіль памаўчаў, разліў па шклянках рэштку гарэлкі:

      – Прапаную выпіць за светлую памяць Івана Змітравіча Стэльмаха. Якога толькі што пахавалі, – сказаў ён, гледзячы ў стол, ці то Сымону, ці то проста так, сам сабе. Усе ўтрох усталі і выпілі.

      «Ён не ведае! Нічога не ведае пра грошы! – падумаў Вінярскі. – Ён зацягнуў мяне сюды, толькі каб выгаварыцца!»

      IX

      – Жывым трэба думаць пра жывое, – уздыхнуў Сымон і паглядзеў на пусты графін.

      Пасядзелі моўчкі – так заўсёды бывае, калі канчаецца першая пляшка і не клеіцца размова, але здаецца, што далёка не ўсё яшчэ сказана.

      – Што ж, Васіль, паставіш другую? – нібы жартуючы, спытаўся стары.

      – Дасі грошы, дык пастаўлю. Прывык…

      I без таго буры, загарэлы Сымонаў твар яшчэ больш пачырванеў. Стары падхапіўся і крыкнуў на ўсю кавярню:

      – Сынок! Упікаць?! Мяне?! Ты што ж думаеш, напісаў пару бяздарных апавяданняў, якіх ніхто не чытаў – і стаў пісьменнікам?! Многа на сябе бярэш!..

      Васіль, на здзіўленне Вінярскага, аніяк на гэта не адрэагаваў. Стары, нават не кіўнуўшы на развітанне, пайшоў да выхаду, але ў дзвярах спыніўся, пачаў аглядаць залю. Ад аднаго століка яго аклікнулі. Ён ахвотна пайшоў туды, і хутка адтуль чуўся яго хрыплаваты, пакрыўджаны голас – відаць, скардзіўся. Васіль паглядзеў на свой гадзіннік, сказаў:

      – Пасядзі, я зараз.

      Вінярскі бачыў, як ён перакінуўся словам з бармэнам, той адмоўна хіснуў галавою, паказаў на дзверы за стойкаю, куды і накіраваўся Васіль. Неўзабаве выйшаў, паклаў нешта перад барменам… Хутка на стале з’явіўся той жа, што і першы раз, набор: графін гарэлкі, бутэрброды, мінералка і кола. Убачыўшы гэта, Сымон, як ні ў чым не бывала, вярнуўся, сеў на сваё месца. Васіль моўчкі разліў у тры шклянкі. Вінярскі здагадаўся, што такія сцэны паміж гэтымі дзіўнымі прыяцелямі адбываюцца не першы раз.

      – Не крыўдуй ты, Васіль, на старога… – прамармы-таў Сымон, падняўшы шклянку, – у мяне літаратурны нюх, і я табе пры ўсіх скажу – ты будучы наш гонар… Э-э, ану пакажы!.. – Ён схапіў Васіля за левую руку, памацаў. – А дзе гадзіннік?

      Васіль паморшчыўся, нічога не сказаў.

      – Ну, як не любіць такога чалавека?! Нічога не пашкадуе для сяброў! Мы выкупім яго, Васіль, я атрымаю ганарар…

      Выпіўшы яшчэ, Вінярскі адчуў, што ён таксама ўсё больш пачынае любіць гэтых людзей, іхнюю мову, іхні нязвыклы для яго свет… «Гадзінніка не пашкадаваў, каб мяне пачаставаць! Мяне, забойцу… Ён ведае… А ў мяне за пазухай – пачкі даляраў, усё гэтае кафэ можна купіць! А я не магу іх дастаць, во смешна!..»

      Ці помніш ты, Жана, шчаслівы мамэнт… – завёў Васіль.

      Як граў раз на дудцы нябожчык Вінцэнт, – падхапіў стары.

      Далей Васіль спяваць

Скачать книгу