Скачать книгу

нашага спадчыннага паскуднага характару.

      Карлуша, якому абрыдла бессэнсоўнае хаджэнне, узляцеў на паліцу. Адтуль адразу ж зваліўся зялёны гліняны збаночак і раскалоўся напалам. Магда сцялася… Зараз будзе чарговае «выгнанне з раю»… Але Кастусь толькі задумліва паглядзеў наверх:

      – Трэба будзе там яму седала прыбіць… Палку такую… Уздоўж усёй сценкі. Бацька ўвечары вернецца, зробім.

      І зноў захадзіў па пакоі, разважаючы пра кальварыйскі склеп, які, магчыма, зруйнаваны, але наведацца туды трэба, пра архіў Сахнут-Бічэўскага, пра рукапісы і дакументы… І Магдаліне чамусьці стала сумнавата. Вось спецыяліст і задаволены… Даведаўся ўсё, што хацеў. Дзяўчына разумела, што яна сама больш не ўяўляе для яго цікавасці. Узнялася з канапы.

      – Што ж, дзякуй за піражкі, за Карла Карлавіча…

      – Я вас чымсьці пакрыўдзіў? – Кастусь стаяў перад Магдалінай.

      Дзяўчына адвяла вочы.

      – Ну, вы цяпер справіцеся без мяне… Вы спецыяліст…

      – Вось вы якога пра мяне меркавання… – Сташынскі глядзеў амаль што сумна. – Ну, што ж… Пераконваць не буду. Але ўсвядомце: усё, што я знайду, належыць вам. І рукапіс, і ўсё іншае… Я не змагу без вашае згоды гэта выкарыстаць.

      – А калі я згоды не дам? – недаверліва папыталася Магдаліна. – Калі забараню друкаваць усё, што тычыцца майго роду?

      Кастусь нават збялеў, на хвілю паверыўшы ў такую магчымасць.

      – Гэта будзе… прыкра. Але я стрымаю дадзенае слова, – памаўчаў, дадаў больш спакойна: – І ўсё-ткі вы так не зробіце.

      Я ведаю пра ваш учынак у Маскве. Магчыма, гэта быў з вашага боку капрыз, дзіцячая ўпартасць. Але іначай было б… ганебна.

      Калі Магдаліна апранала свой падсохлы плашч, у калідор выйшла Кастусёва бабуля.

      – Спадзяюся, мой унук здагадаўся наліць вам другі кубак гарбаты? Або ён зноў нудзіў адно пра сваю навуку?

      Кастусь пачырванеў:

      – Бабуля, пакінь гарэзаваць. Гэта нявеста Марка Ялецкага, ну, памятаеш, таго журналіста з кракадзілавым «дыпламатам». Ён прыходзіў, калі пра дзеда артыкул пісаў да Дня Перамогі.

      – Кракадзілавы «дыпламат» памятаю. Шкада, у нас партыі «зялёных» яшчэ не створана на такіх «аматараў дзікай прыроды». А нявеста – гэта прыгожа. Цяпер мужчыны гавораць або «мая дзяўчына», або «мая жонка». Ніякіх прамежкавых станаў. Заставайцеся, дарагая дзяўчынка, у сваім рамантычным статусе падаўжэй.

      – Бабу-уля! – зусім збянтэжыўся Кастусь і хапануў са стэлажа вялізны парасон з касцяной ручкай.

      Магдаліна яшчэ паспела ўбачыць, як Карлуша сеў на плячо Яўгеніі Іванаўны і тая набыла незвычайнае падабенства з пракаветнай сівілай.

      На вуліцы Магда адзначыла пра сябе, што хаця бабуля – арнітолаг, у кватэры ніводнага птушынага чучала. Не было і клетак. Птушкі лёталі на фотаздымках, ды букет з шыкоўных пер'яў красаваўся ў вазе.

      Напэўна, Карлушу будзе там някепска.

      На падыходзе да ейнага дома Кастусь папярэдзіў, што як толькі нейкія звесткі

Скачать книгу