ТОП просматриваемых книг сайта:
Сутарэнні Ромула (зборнік). Людміла Рублеўская
Читать онлайн.Название Сутарэнні Ромула (зборнік)
Год выпуска 2012
isbn 978-985-7007-66-0
Автор произведения Людміла Рублеўская
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»
Издательство Электронная книгарня
Арсенія разгубілася – яна ніколі ні ад маці, ні ад бабулі пра лёс свайго продка не чула.
– Так, ён загінуў, – на вуснах Корб-Варановіча крывілася жорсткая ўсмешка. – І татачка яго не выратаваў. Вы не гаварылі гэтай спадарыні, што адзін з яе продкаў, а менавіта бацька згаданага пакутніка Алеся, працаваў у НКУС? І якраз у той час, калі там канаў ад катаванняў мой прадзед.
Арсенія схаладнела і павярнулася да Вячкі… Гэта не можа быць праўдай!
– Ён быў проста ўрачом у турэмнай бальніцы, вы ж ведаеце… – ціха прагаварыў Скрыніч.
– Вы таксама ведаеце, што такое турэмная бальніца трыццаць сёмага года! Працяг катавальні, – гарачыўся гісторык.
– У вас няма доказаў, што доктар Вяжэвіч прымаў удзел у допытах, – запярэчыў Скрыніч. – А можа, наадварот, ён нечым дапамог вашаму прадзеду?
– Ага, дапамог… Магу ўявіць. Вы проста не разумееце… – Корб-Варановіч усхвалявана счапляў-расчапляў пальцы. – Вяжэвічы і мы – гэта…
– Ну чаму ж, разумею, – перабіў Вячка. – Вечныя антаганісты. Глядзець спакойна адзін на аднаго не можаце. Паны і прыслуга. Законныя нашчадкі і бастарды. Каталікі і праваслаўныя. Заходнікі і ўсходнікі. Каты і ахвяры, якія мяняюцца ролямі. Але ў вас, вы самі гэта прызналі, адна кроў. Паглядзіце абое, вам гэта нічога не нагадвае?
Скрыніч дастаў з тэчкі аркуш і паклаў на стол. Ася зацікаўлена схілілася. На пажаўцелай паперы быў намаляваны чорнай тушшу кубак… Каржакаваты, з гравіраванай паляўнічай сцэнай – хорт ляціць за лемпардам між дзівосных дрэў, на фоне вастраверхіх дамкоў і цэрквачак. Выявы грубаватыя, трохі наіўныя, але непаўторна-выразныя, відавочна мясцовага майстра, не вучанага ў італійскіх майстэрнях.
– Пазнаю. Гэты кубак… дакладней, ягоная палова, дасюль захоўваецца ў сям’і Корб-Варановічаў, – ганарыста прамовіў графскі нашчадак.
– У бабулі ў буфеце таксама… – няёмка прамовіла Арсенія.
– Што? – недаўменна перапытаў Даніла Раманавіч. Ася сабралася з духам і прамовіла больш гучна:
– У маёй бабулі ў буфеце стаіць палова такога кубка. Яго некалі вось так, вертыкальна, рассеклі. Ён срэбны, толькі на ім вершнік з мячом, а не гэтая… пантэра.
– Лемпард, – аўтаматычна паправіў Корб-Варановіч. І зараз жа зноў усхадзіўся, як паверхня ракі ад вясла чоўна: – Па-першае, гэта наш фамільны кубак, і я не разумею, чаму яго фрагмент павінен захоўвацца ў сям’і прыслугі. Па-другое, адкуль вы, спадар Скрыніч, пра гэтую рэч даведаліся?
– Са следчай справы Апанаса Іванавіча Корб-Варановіча, – адказаў Скрыніч, і памаранчавыя літары на ягонай майцы чарговы раз нагадалі, што не варта ўчыняць вайны. Гісторыка гэта не супакоіла:
– Выбачайце, але ўсё, што можна было знайсці