ТОП просматриваемых книг сайта:
Восень у Вільнюсе (зборнік). Маргарыта Прохар
Читать онлайн.Название Восень у Вільнюсе (зборнік)
Год выпуска 2014
isbn 978-985-02-1604-5
Автор произведения Маргарыта Прохар
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
– Што ж, тады гэта сапраўды мая праца. Шукаць птушак. Шукаць котак.
Ён усміхнуўся, паціснуў плячыма і сышоў, трохі горбячыся, як усе людзі высокага росту.
Так я апынулася ў Вільнюсе, каб адшукаць гэтую дзіўную дзяўчыну – чыёсьці чужое каханне.
За што толькі людзі не плацяць грошы… Зрэшты, бывае і так, што, перабіраючы ў памяці эпізоды жыцця, раптам разумееш, што важней за ўсё на свеце для цябе якая-небудзь старэнькая запальнічка, падораная дзесяць гадоў назад – падораная яшчэ і зараз любімай рукой…
Так разважаючы, я выйшла з платформы ў горад. Мусіць, гэтак думаючы я імкнулася ўцячы ад таго, што можа зараз адбыцца ў маёй уласнай памяці, калі я ўбачу – так, зноў убачу гэты горад…
На імгненне я заплюшчыла вочы, рыхтуючыся да знакавай сустрэчы. Цікава, што змянілася тут за некалькі гадоў? І ці гатовая я ўбачыць гэтыя змены?
Секунда, другая, трэцяя…
Што ж, як у дзяцінстве – на лік тры. І я адкрыла вочы.
Не, нічога, нічога тут не змянілася на гэтай старой прывакзальнай плошчы. Тыя ж белачырвоныя тралейбусы, прыпынак на тым жа месцы, тыя ж кіёскі стаяць, прыціснуўшыся да шэрых дамоў, і з тых жа самых дрэў сыплецца, зрывае мае восеньскім ветрам, жоўтае лісце…
«Ну прывітанне, стары горад…» – у думках гавару я. Як усе, каго не пакідае надзея, што гарады, хоць на некалькі гадоў вызначыўшыя твой лёс, памятаюць пра цябе. Можа, таму, што і мы таксама помнім іх.
Я паволі пайшла па вузкай вуліцы ў бок ад вакзала. Тут асабліва адчувалася восень. Яна спала на аранжавай траве высокага насыпу, за якім пачыналася чыгунка; спала, накрыўшыся лісцем, і, відаць, ёй было халаднавата, таму яна яшчэ і яшчэ накрывала сябе лісцем. І дрэвы шкадавалі сваю прыгажунювосень – аддавалі ёй апошнія, самыя шыкоўныя ўборы.
Павярнуўшы ў дворык, я паднялася каменнымі сходамі на невялікі пагорак, з якіх, урэшце, і складаецца гэты стары горад.
Над шэрымі дамамі з чырвонымі дахамі ляцела жоўтае лісце. У гэтым не было нічога асаблівага, але мне чамусьці стала раптам і журботна, і светла на сэрцы.
Унізе некуды ішлі людзі. Яны не заўважалі мяне – на вяршыні пагорка, чужога чалавека, які разглядаў іх горад.
Колькі гадоў назад я не магла б і падумаць, што калі-небудзь вярнуся сюды. І прыеду не для таго, каб успомніць мінулае, а каб адшукаць адну незнаёмую дзіўную дзяўчыну – чыёсьці каханне.
І, якім бы гэта не здавалася незвычайным, але так яно і ёсць.
А калі так, трэба засяліцца ў якую-небудзь гасцініцу і падумаць, як дзейнічаць далей.
Праз паўгадзіны я ўжо ўваходзіла ў вестыбюль гасцініцы «Караліна». Мой нумар быў на пятым паверсе. Адкрыўшы фіранкі, я зноў убачыла Вільнюс – восеньскае неба над хатамі і – у лёгкай надвячэрняй смузе – востры шпіль тэлевізійнай вежы. Нібы шыя шэрага жорава, яна прабівала прастору над горадам, цягнулася ўвышыню, у далёкія глыбіні, куды не ўваходзіць пах восені – лісця, рудой травы і мокрых ад туману галінак, прапахлых дымам апошніх вогнішчаў…
Тады…