ТОП просматриваемых книг сайта:
Разламашкі майстра Люфта (зборнік). Кацярына Мядзведзева
Читать онлайн.Название Разламашкі майстра Люфта (зборнік)
Год выпуска 2015
isbn 978-985-90377-2-6
Автор произведения Кацярына Мядзведзева
Жанр Сказки
Издательство Электронная книгарня
Пры бабулі яна, вядома, не выказвалася, пакідаючы свае разважанні для сябровак. Бабуля, у сваю чаргу, ганарылася тым, што ніколі не насіла туфлі на абцасах і за ўсё жыццё ні разу не нафарбавала вусны ці вейкі, бо лічыла гэта дурасцю і распушчанасцю. Вядома, яна пазбягала казаць так пры цётцы Аўгусце і яе гасцях, якія з захапленнем абмяркоўвалі модныя навінкі, туш без камячкоў ці памаду, якая не пакідае слядоў. Кожнаму сваё. Эма выхвалялася тым, што ледзь-ледзь прачытала тры кнігі са школьнай праграмы. Аліса пры кожным выпадку распавядала, як спаліла патэльню з яечняй і сапсавала вараную бульбу, ператварыўшы яе ў смажаную.
Магчыма, і мне варта было б знайсці нешта выдатнае ці, прынамсі, смешнае ў сваім жыцці. Але я кручу так і гэтак маю нябачнасць, углядаюся дапытліва – і не магу заўважыць нічога добрага. І калі б сэр Лемюэль Грымсвотн-старэйшы спытаў мяне, ці хачу я стаць такой, як усе, я запляскала б у ладкі і закрычала насуперак усім добрым манерам: «Так, ТАК!!!»
– Усё ў парадку? – асцярожна спытаў сэр Лемюэль-малодшы, калі я адарвала погляд ад ліста і прынялася недалікатна азірацца па баках, разглядаючы мэблю ў гасцінай. Вядома, чароўнаму эліксіру ўжо шмат гадоў, але калі корак прыкруцілі шчыльна, то чараўніцтва магло і не вытхнуцца…
– Сэр Лемюэль, – прагаварыла я бездапаможна, – вы выпадкова не бачылі ў гэтым доме сакрэтнік?
Наступныя тры гадзіны мы патрацілі на пошукі. Дом Грымсвотна-старэйшага быў быццам бы і невялікім, але вельмі змястоўным. Мы прачасалі абодва паверхі, гарышча і вінны склеп, прастукалі сцены, але патаемнага пакоя не знайшлося. Мы адшукалі вазоны з засохлымі фікусамі, пастку з зацвілым сырам, нядрэнныя запасы тытуню і калекцыю курыльных трубак. Выявілі на падлозе ў бібліятэцы сляды невядомых звяроў, можа, нават тых самых завяртушак, пра якіх згадвалася ў лісце. Мы запэцкаліся ў пыле і разачхаліся як чэрці, ледзь не праваліліся ў падмосце, неяк неўзаметку перайшлі на ты, і я перастала зваць Лемюэля сэрам, а ён замест «мілая Дэйсі» стаў казаць «Дэйсі, мілая», што чамусьці гучала зусім па-іншаму. І ўсё было б добра, вось толькі сакрэтнік мы так і не знайшлі.
Лемюэль быў цудоўна выхаваны. Ён не пытаў мяне, што я шукаю. Ён не чытаў ліст, адрасаваны маёй прабабулі, і не дазнаваўся, пра што там гаворка. Ён проста спрабаваў дапамагчы мне, як мог, хоць іншы на яго месцы даўно палічыў бы мяне вар’яткай і выставіў прэч з дому. Але толькі не Лемюэль. Прызнаюся вам, часам ён так жаласліва глядзеў на мяне, што мне бачылася ў яго поглядзе нешта большае, чым спачуванне да непрыгожай і немаладой дзяўчыны, якая шукае незразумела што. З іншага боку, можа, ён проста меркаваў, ці будзе прыстойным парэкамендаваць