ТОП просматриваемых книг сайта:
Кліч Ктулху (зборнік). Говард Філіпс Лаўкрафт
Читать онлайн.Название Кліч Ктулху (зборнік)
Год выпуска 0
isbn 978-985-7089-21-5
Автор произведения Говард Філіпс Лаўкрафт
Жанр Ужасы и Мистика
Серия Бібліятэка часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum”
Издательство Электронная книгарня
Урэшце мне нічога не засталося, акрамя як марыць у бясконцым змроку і чакаць, хаця я і не ведаў, нашто чакаю. Аднойчы мая прага святла зрабілася настолькі неўтаймаванай, што я не мог болей заставацца ў спакоі і выцягнуў рукі да адзінае вежы, якая падымалася над лесам і глядзела ў невядомае мне неба. Неўзабаве я вырашыў падняцца на вежу, хаця, караскаючыся на яе, мог зваліцца: лепей убачыць неба і памерці, чым пражыць жыццё, не ведаючы нават, што такое дзень.
У вільготным змроку я падымаўся па старых каменных сходах, пакуль не дайшоў да месца, дзе яны абрываліся, пасля чаго асцярожна рухаўся па друзе ля самага мура. Гэты каменны мёртвы калодзеж быў гідкі і жахлівы – чорны, разбураны, усімі пакінуты, толькі кажаны бязгучна лёталі над галавой. Чым марудней я рухаўся, тым большаў жах: хаця я і падымаўся, цемра наверсе не рабілася меншай. На мяне наваліўся холад ад цвілі на мурах. Я здрыгануўся, падумаўшы, чаму не дайшоў да святла, – і пабаяўся паглядзець уніз. Мне падалося, што раптоўна надышла ноч. Я пацягнуўся рукой да вузкай байніцы, каб выглянуць вонкі і даведацца, наколькі высока падняўся, але нічога не атрымалася.
І раптам, пасля бясконцага вусцішнага пад’ёму ў абсалютнай цемры і адчайнай небяспецы, я адчуў, як галава мая дакранулася да нечага цвёрдага, і зразумеў, што дайшоў да даху або да перагародкі іншага паверха. Я падняў вольную руку і памацаў перагародку: яна была каменная. З паднятай рукой я паволі крочыў паўз мур, пакуль не адчуў, што перагародка заварушылася. Я піхнуў мацней абедзвюма рукамі, і каменны люк пачаў падымацца. Святла там не было, рука пасунулася вышэй, і я зразумеў, што мая вандроўка скончылася. Люк вёў на каменную пляцоўку, значна шырэйшую, чым ніз вежы. Гэта, напэўна, быў нейкі вялікі пакой для назірання. Я асцярожна пралез праз люк і паспрабаваў утрымаць яго паднятым, аднак ён з грукатам зачыніўся. Я без сілаў ляжаў на каменнай падлозе і слухаў дзіўнае рэха ад падзення люка, спадзеючыся, што яго можна будзе адкрыць, калі спатрэбіцца вяртацца.
Палічыўшы, што я на вялікай вышыні, над лесам, я паволі падняўся і пачаў шукаць вокны, каб першы раз у жыцці пабачыць неба, месяц і зоркі, пра якія так шмат чытаў. Але мяне чакала расчараванне: рукі ўсюды натыкаліся на вялікія мармуровыя паліцы з вялізнымі скрынямі. Якія жахлівыя таямніцы могуць хавацца ў гэтым пакоі, што знаходзіцца так высока над маім замкам? Раптам я намацаў дзверы з каменным парталам, на якім было выбітае нешта незразумелае. Дзверы аказаліся зачыненымі, аднак я адчуў прыліў вялікае моцы і, пацягнуўшы іх на сябе, расчыніў і спазнаў найвялікшы экстаз у жыцці: праз жалезныя краты свяціла поўня, вырываючы з цемры кароткія каменныя сходы, што вялі да кратаў. Нават у сваіх марах і відзежах, якія цяжка назваць успамінамі, я не бачыў нічога падобнага.
Я