ТОП просматриваемых книг сайта:
Гняздо-2 (зборнік). Паліна Качаткова
Читать онлайн.Название Гняздо-2 (зборнік)
Год выпуска 2016
isbn 978-985-7021-99-4
Автор произведения Паліна Качаткова
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
– Не надта старыя… Саракавыя-пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя.
– Я адчуваю энергетыку ад рэчаў, таму, калі мне ад бабулі кватэра засталася, я найперш люстэркі прадала: яны энергетыку вельмі добра захоўваюць. Перад тым як кватэру прадаць, я спачатку рэчы прадавала, а то ў мяне было адчуванне, што бабуля з кватэры не сышла і што яна б не дала мне кватэру прадаць.
– Я памятаю гэтыя люстэркі, яны па чатыры з паловай метры вышынёй.
– Так, вялізныя былі. Я ўжо не памятаю, прадала ці то ў музей, ці то ў тэатр. А можа, і бясплатна аддала.
– Фантастычныя люстэркі былі.
– Ну, гэта не клас, там усяго чатыры-шэсць свечак адбівалася, а класныя лічацца пасля дзесяці-дванаццаці адбіткаў.
– А ты адлюстроўвала ў люстэрках свечкі?
– Вядома. Запалі свечку і паднясі да люстэрка, у сучасным люстэрку ты ўбачыш адзін-два адбіткі. А старыя люстэркі – тоўстыя, там больш пераламленняў адлюстравання выявы.
– А што, для гэтага свечку ставіць насупраць люстэрка, ці як?
– Свечку ставіш перад люстэркам, а глядзіш троху збоку, як бы ў перспектыву…
– Я праверу, калі застануся вечарам адна ў доме. Можа, нават перад Дзядамі.
– Так… вяртаемся да твайго дома. Мне здаецца, гэта пытанне кошту, які ты сама заплаціш. Калі ты маеш магчымасць паўсюль замяніць падлогу і абнавіць сцены – гэта дапаможа. Гэта не кансультацыя, гэта парада з практыкі.
– Я так думаю, што ад дома, у якім нарадзіўся і жыў у дзяцінстве, трэба трымацца далей. З’ехаць куды-небудзь і заязджаць зрэдку, а яшчэ лепей – у снах. Я табе таксама распавяду гісторыю пра раптоўную смерць жанчыны і люстэрка… Пачула ў цырульні… Адбылася гісторыя ў раённай паліклініцы імя Сямашкі, там паставілі новыя камеры-назіральнікі. І здарылася, што адна жанчына ішла па лесвіцы ў паліклініцы і памерла. Супрацоўнікі паглядзелі гэта ў запісе і ўбачылі наступнае: ідзе жанчына па лесвіцы, а за ёй нешта цёмнае – ці то цень, ці то пляма цягнецца. Жанчына падае, гэта цёмнае аддзяляецца ад жанчыны, пачынае мітусіцца, а пасля шугае ў люстэрка. Запіс з камеры паказалі галоўурачу, ён загадаў люстэрка замяніць і запрасіць святара. А размова пачалася з таго, што «камеру не падманеш».
– Новая гарадская легенда.
Каця пазбылася сваіх люстэркаў, прадала кватэры ў цёплай Адэсе і з’ехала ў Пецярбург, дзе працуе ў арганізацыі, якая займаецца экспертызай старых будынкаў.
Дом як дамавіна. Гэта аднакарэнныя словы – так? Калі мы клапоцімся пра захаванне старых дамоў, можа, гэта не зусім пра архітэктуру, можа, мы дбаем пра прывіды, каб ім было дзе існаваць.
І яшчэ кажуць, што сапраўдных сяброў чалавек можа знаходзіць толькі ў юнацтве. І тыя, што з юнацтва, яны сапраўдныя. Няпраўда, чалавек можа знаходіць новых добрых сяброў у любы момант свайго жыцця.
Субота
– Валя, што мы будзем сёння есці?