ТОП просматриваемых книг сайта:
Зборная РБ па негалоўных відах спорту (зборнік). Павал Касцюкевіч
Читать онлайн.Название Зборная РБ па негалоўных відах спорту (зборнік)
Год выпуска 2011
isbn 978-985-6991-51-9
Автор произведения Павал Касцюкевіч
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
Нават амінь не скажу ў канцы,
Багародзіца за мяне будзе прасіць.
© Касцюкевіч, П., 2011
© Логвінаў І. П., 2011
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Айчына кантрабанда
Ашмянскія цёткі ніколі не спяць. Пасля чаўночнага рэйса ў Вільню, ужо ў роднай Ашмяне, яны выцягваюць мужа з шафы, кормяць яго, здзьмухваюць пыл, мяняюць шкарпэткі і вешаюць назад, пад цэлафанавы чахол. Потым ідуць на працу, сядаюць за стол пад партрэтам, налічваюць квартальную прагрэсіўку ўсяму калектыву і – назад, на лінію фронту.
Ашмянскія цёткі зневажаюць законы прыроды: з электрычнай лычкі яны выцягваюць цэлую торбу мухаляпак, падчас асабістага дагляду сілай волі ўжыўляюць сабе пад скуру схаваны пад майку аполак сала, а віно ператвараюць у ваду.
– Марыечка, а ты ў гарадзенскім пасольстве (гэтак яны называюць літоўскае консульства ў Горадні) даўно была? – пытаецца ашмянская цётка, прайшоўшы скрозь сценку купэ на квадратных вачах двух студэнтаў ЕГУ. Кажучы гэта, яна з ног да галавы ўвешваецца кабанасам ашмянскага мясакамбіната (як добра, што ў Ашмяне няма «Белшыны»!).
Марыечка, што матэрыялізавалася ў вагоне крыху пазней, не адказвае, бо занятая: па-шахідску абмотваецца дваццацікілаграмовым патранташам з хітом сезона, апошняй бомбай: «Балет», крэм для твару.
І атрад спецыяльна навучаных сабак-шукаек таксама разводзіць рукамі: не бачылі, гаўгаў, не чулі, не ўнюхалі.
«Акропаліс», «літы», «чэндж», «акцыя» – мова ашмянскіх цётак точыцца словамі старажытных друідаў, якія на злосць шматвекавым захопнікам выжылі і цяпер, схіліўшыся над плацкартным сталом, занятыя неспасцігальным рытуалам пакецікамачання.
За мяжой жыццё ашмянскіх цётак мінае ў раскошы літоўскіх супермаркетаў і гуртовых магазінаў, дзе да нябёсаў узносяцца сырныя горы, парванымі кабелямі гойдаецца «кракаўская», а мінералка ўсяго за 2.65, і ўсё-ўсё-ўсё… Хрыстос прызямліўся ў Вільні.
І дзівосныя паўліны пяюць у мясных аддзелах. Малако мяшаецца з мёдам, на пластыкавай пальме спеляцца сапраўдныя фінікі. Гронкі бананаў сыплюцца з усіх амерык свету, а плады ківі – калядная версія бульбы – сценкай караскаюцца ў неба.
А хто там ідзе? Даначка, Марыечка, Тарэсачка і Айка. Берагі Вяллі расцвітаюць цудоўнымі садамі Радзімы – пры падыходзе да касаў прозвішчы на бэйджыках касірак лагаднеюць, раднеюць. Мацкевіч, Зубарэвіч, Касцюкевіч, Лабуцька і Качуня.
Ашмянскія цёткі жывуць згодна з прынцыпам: «купляйце (і адразу ж прадавайце) беларускае». Па дарозе назад снедаюць чырвонай рыбай, закусваючы літоўскім «грыльяжам». Patria o muerte? Я выбіраю смерць, бо на чорта такое жыццё, дзе будзе толькі прадукцыя фабрыкі «Камунарка».
…Ішлі 89-я суткі візы. Нечаканае і ад таго зыркае сонца засляпіла вочы: мяжа! Пад’ём: перад кантролем ашмянскія цёткі па доўгу службы падфарбоўваюць вусны або наадварот – змятаюць з твару ўсе сляды жаноцкасці (у кожнай свая мятода). Па савецкім яшчэ самавучыцелі «Таемная зброя пентагонаўскай прапаганды» фліртуюць з літоўскімі мытнікамі і памежнікамі, што, змакрэўшы, лічаць бясконцыя штампікі ў іх пашпартах.
– Сколько раз за эту візу вы пріблізітэльно, пожалуйста, пересекалі граніцу?
– Сорак сем.
– А что, пожалуйста, везётэ?
– Хну.
– Что, пожалуйста?
– Хну.
– Кто?
– Я.
– Вы?
– А то хто! Цяпер мая чарга: хто вы па знаку задыяка?
– Понятно, понятно. Можетэ, пожалуйста, не открывать…
– І ўсё-ткі?
– Баран, пожалуйста, Овэн.
– А я – Дзева. І, калі ласачка, пастаўце мне штампік на дваццаць шостую странічку…
Ашмянскія цёткі ненавідзяць студэнтаў-егэушнікаў, бо як можна галасаваць супраць, вучыцца супраць, калі наўкола такая радасць і сынок Жэнечка ў Менску, на трэцім курсе нархозу.
– Жэнечка, сыночак, шосты вагон, прыгожая такая правадніца, —кажа Айка ў мабільны, па-змоўніцку падміргваючы згаданай вышэй правадніцы. – Ага, вантрабянку перадала і мегаснікерс у асобным чамадане. Забярэш. Стаянка ў Менску дваццаць хвілін.
Айка пакідае прыгожай правадніцы вантрабянку і наладаваны чамадан ды выходзіць у Ашмяне. Але яшчэ ў Смаргоні да прыгожай правадніцы завітвае сяброўка з суседняга вагона: яны выпіваюць па сто каньяку на вішні і закусваюць пальцам пханай вантрабянкай. І таму ў Менску сын Айкі атрымлівае ссохлае нешта-нейкае, няўежную куплёнку. Падмена выкрываецца: тады наступным разам Айка ў перадаваную вантрабянку кладзе гайку. Тады правадніца, якая праз выламаны сяброўчын зуб мудрасці страціла субутэльніцу, наступным разам робіць кропкавую наводку. І элітнае аддзяленне мытні па пошуку памежных далікатэсаў хутка і лёгка выбаўляе са страўніка Айкі прамысловыя колькасці атруты ад мышэй ды сто ўпаковак віцебскага валідолу і выводзіць Айку на перон, пагаварыць. Тады жывая і палягчэлая ў выніку размовы на дзве столітавыя купюры Айка наступным