Скачать книгу

Човен падскочыў кармой і загойдаўся яшчэ мацней. Ён падышоў да Алены, падаў ёй руку. Яна ўзяла яго руку і ступіла не на бераг, а да яго ж, у ваду. Хвіліну-другую яны стаялі нерухома, глядзелі сабе пад ногі, як асядае ўзважаны, скаламучаны імі пясок, слухалі, як вада пяшчотнаю прахалодай абдымае іх ногі. Пясок яшчэ клубіўся пры самым дне, як невядома адкуль набеглі пячкурыкі, вёрткія і празрыстыя, што крыло страказы, пачалі шчыпаць, казытаць іх за ногі. Вывернуўся паласаты, што дзічок-нарсючок, акуньчык, намерыўся на пячкурыка каля ног Алены, але прамахнуўся, тыцнуўся Алене ў палец, лагодна варухнуў плаўнікамі: а я, маўляў, і не хацеў, мне нічога і не трэба было – адышоў. Але тут жа развярнуўся і зноў кінуўся за пячкурыкам і зноў прамазаў, зноў тыцнуўся ў палец Алене. I, здаецца, зазлаваў, раз-пораз без перадыху пачаў дзяўбці гэты яе палец.

      – Ён цябе з'есць, – сказаў Мацвей.

      Алена не адказала, прыціснулася да Мацвея, і яны выйшлі на бераг, да цёплай і мяккай травы пад дубам, што схіліўся над вадой. Пад тым дубам месца было занята буслом, але ён саступіў яго Алене з Мацвеем, пайшоў да лугу, моўчкі і нясмела, як саромеўся, што яго тут заспелі.

      – Куды ж гэта ён, навошта гэта ён сыходзіць адсюль? – спытала Алена.

      – Ён ведае, ён усё ведае, – адказаў Мацвей, паглядзеў на дуб і падумаў, што дуб таксама ўсё ведае і разумее. Але ўпэўненасці не адчуў, была ў ім нейкая нерашучасць, непаразуменне нейкае. Упэўненасць прыйшла крыху пазней, калі ён глядзеў ужо не на само дрэва, кручаны і верчаны ствол яго, а па яго голле, лістоту. Лісце было чырвона-крывавага адцення, але з аднаго толькі боку, дзе стаяў ён з Аленай. Мацвей здзівіўся незвычайнаму колеру лісця, слізгануў вокам па траве. Прыкмеціў вогнішча. I ўспомніў.

      Гэта быў іх дуб. Яны часта на лодцы ці чоўне плавалі да яго раней. Дарослыя ж бывалі тут рэдка. Не было тут дарослым ніякай справы. Дарога аббягала дуб, яна пралягала да сенажаці і Балоні нацянькі, а рэчка тут кружыла, як блытала сляды, нібы гулліва пацвельвала дуброву, уразалася ў дуброву, развальвала, пластавала яе надвае і давала ўцекача. I дубы гналіся за ёю, беглі высокім берагам і, здаецца, даганялі на кручах, ужо цягнулі да яе рукі, хапалі ўжо за цёмныя плечы абвіслымі, учэпістымі сваімі рукамі-каранямі, але рэчка накідала іх з носам, пасмейваючыся, вылузвалася з іх абдымкаў, замест сябе з аднаго боку падсоўвала ім застойныя журботныя старыцы, а сама ўцякала непраходным гушчаром і балотам, праз якія дубы не маглі прашыцца. I быў сярод гэтага балота адзіны толькі грудок зямлі, нібы птушка ў дзюбе нанасіла сюды гэтай зямлі. I стаяў на ёй адзіны дуб, здзіўлены і разгублены: якім гэта ветрам, што за нячыстая сіла закінула яго сюды, сам ён мог трапіць на гэты грудок, толькі зусім ужо згубіўшы галаву.

      Алена з Мацвеем былі на грудку пад дубам сёлета вясною, калі ішлі апошнія канікулы. Дуб атачыла вада, яны вылезлі з чоўна на лапік некранутай ёю зямлі, распалілі касцёр. Кастрышча, полымя шугала да галін, чаплялася за галіны, апякала іх і падала ўніз. Мацвею ўжо тады было крыху

Скачать книгу