Скачать книгу

змаганне за жыццё з гэтай ляшчынай. Вайну даўнюю, у вытокаў якой некалі быў і ён, Мацвейка. Тады верх быў за ляшчынай, яна глушыла дрэўцы, што былі ніжэй за яе, але сёння яны перамаглі. Рабіна, ясень, бяроза падраслі, прабіліся да сонца, доўгі прыгнёт ляшчыны прымусіў іх пазбавіцца ад лішняга вецця, яно засталося толькі на макаўках, і дрэвы пацягнуліся макаўкамі да неба, ламачча нават жывіла іх, сонца ўгравала зверху, як за вушы цягнула.

      Тут, у ляшчыне, сярод ясеняў, бяроз, Мацвей і знайшоў дзівосны грыб-баравік. Першым на грыбы натрапіў дзед Дзям'ян, зрэзаў цэлую сямейку, штук пяць адразу. Шахрай не даваў веры вачам:

      – Май жа, якія і адкуль могуць быць баравікі ў маі?

      – Грыбнік з цябе, чалавеча… Мікалайчыкаў не бачыў. У нас тут заўсёды першы грыб у маі ідзе. Вады зямелька напілася, сонейка яе ўгрэла, вось ён і не вытрымаў…

      Пачаў больш уважліва ўзірацца сабе пад ногі і Мацвей. Не збочваючы з набітага, па навуцы дзеда Дзям'яна: няма грыбоў на дарозе, няма іх і ў лесе – наскочыў на першага, пачаў кругаля даваць і выкружыў яшчэ пятнаццаць. I ўсе яны былі ядраныя, крамяныя, адзін у адзін, ад бацькі, што пазелянеў ужо ўнізе, да белагаловіка, які вытыркнуўся толькі-толькі, толькі-толькі рассунуў лабастай макацоўбінай сівец. Зрэзаў шаснаццаць, знайшоў і. яшчэ адзін, семнаццаты. Але з гэтым семнаццатым яму не пашанцавала, быў ён нейкі выродлівы і непрыгожы. Ножка моцная і белая, што зуб, і цягнулася яна ўгару, расла, хаця нічога не несла на сабе, баравік быў без галавы. Галоўка, разваленая надвае травой, сіўцом, ужо гніла, як абвялая плеўка прытулілася да ножкі, што ўзвышалася, як абеліск нейкі. I Мацвей застыў каля гэтай ножкі, вельмі ўжо карцела яму, каб быў ягоным і гэты, семнаццаты баравік, аж слёзы набеглі на вочы, як у дзяцінстве, нібыта ніколі ў жыцці не браў, не бачыў і ў вочы тых баравікоў. Першы раз убачыў, як сустрэў нешта дзівоснае і непаразумелае, дзіўна і непаразумела было, як загінуў гэты семнаццаты. Ён стаў на каленкі перад грыбам, крануў тонкія ніткі сіўцу, што лямцам сплёўся над ім. Сівец быў напяты, як струна, і востры ён быў.

      Так, па ўсім, вельмі паспешлівым ўжо быў яго баравічок, майскае шчодрае сонца абудзіла грыбніцу, тая, угрэўшыся ў паўзмроку і вільгаці княжборскага ляда, набракла, што вымя ў каровы пасля ацёлу, і пачала нястрымна пладаносіць. Настолькі нястрымна, што гэты баравічок ні аб чым іншым і не думаў, толькі б хутчэй на свет, усяго ж хапае: цяпла, сокаў, сонца. Сталага веку, моцная і нага ў баравіка, дужая, трывала, цвёрда стаіць ён па зямлі. Вось на гэтую трываласць і цвёрдасць і спадзяваўся грыб, на злом галавы кінуўся расці і згубіў галаву. Згубіў і, не прыкмеціўшы сам таго, працягваў расці, хаця ўжо ніякай карысці ні сабе, ні людзям, ніякай патрэбы нікому ў ім не было.

      Мацвей пачаў дзерці траву разам з каранямі. Выдзер сівец і, падпарадкоўваючыся некаму невядомаму ў сабе, хутчэй нават не ў сабе, а таму, што стаяў зараз за яго плячыма і ўладарыў ім, пачаў палкаю калупаць зямлю і. дакалупаўся да нечага жывога, пругкага. I, не вагаючыся, дзе той жа палкай, дзе пальцамі неўзабаве ўжо абкопваў гэтае

Скачать книгу