Скачать книгу

мы ўжо папраўляемся і хутка будзем у парадку – праўда, Карла?

      На знак згоды апушчаны хвост задрыжаў. Сумныя вочы сабакі глядзелі то на аднаго з нас, то на другога. Спаніэль разумеў, што гаворка пра яго.

      – Хвароба развілася раптоўна?

      – За адну ноч.

      – Калі?

      – Месяцы чатыры таму.

      – Цудоўна. Наводзіць на пэўныя думкі.

      – Што вы ў гэтым бачыце, містэр Холмс?

      – Пацверджанне маіх гіпотэзаў.

      – Дзеля ўсяго святога, скажыце, што гэта за гіпотэзы, містэр Холмс! Можа, для вас гэта проста заблытаная загадка, але для мяне – справа жыцця ці смерці! Мая жонка, магчыма, забойца, мае дзеці ў пастаяннай небяспецы. Не гуляйце са мной, містэр Холмс. Справа жахлівая і надзвычай сур’ёзная.

      Высачэзны рэгбіст дрыжаў усім целам. Холмс мякка паклаў руку яму на плячо.

      – Баюся, любая разгадка прынясе вам боль, – сказаў ён. – Паспрабую з усіх сілаў вас ад гэтага берагчы. Цяпер я нічога сказаць не магу, але спадзяюся, што буду ведаць больш, перш чым пакіну гэты дом.

      – Дай жа Бог! З вашага дазволу, джэнтльмены, я падымуся да жонкі і зірну, ці няма зменаў.

      Ён адсутнічаў некалькі хвілінаў, а Холмс тым часам вярнуўся да агляду дзівосаў на сцяне. Калі гаспадар спусціўся, па яго засмучаным твары мы зразумелі, што паляпшэнняў няма. Ён прывёў з сабой высокую, хударлявую і смуглявую дзяўчыну.

      – Гарбата гатовая, Далорэс, – сказаў Фэргюсан. – Прасачы, каб у гаспадыні было ўсё што яна пажадае.

      – Яна вельмі хварэць, – усклікнула дзяўчына, абурана пазіраючы на гаспадара. – Яна не прасіць ежа. Яна вельмі хварэць. Яна трэба доктар. Я баяцца быць з ёй адна, без доктар.

      Фэргюсан запытальна зірнуў на мяне.

      – Буду рады дапамагчы.

      – Спытай, ці згодная гаспадыня ўбачыцца з доктарам Ўотсанам.

      – Я браць яго. Я не пытаць дазвол. Яна трэба доктар.

      – Тады я зараз жа пайду з вамі.

      Услед за дзяўчынай, што трымцела ад моцнага хвалявання, я падняўся па лесвіцы і прайшоў старым калідорам, у канцы якога ўбачыў масіўныя дзверы, акаваныя жалезам. Зірнуўшы на іх, я падумаў, што калі б Фэргюсан вырашыў уварвацца да жонкі, гэта было б нялёгка. Дзяўчына выцягнула з кішэні ключ, і цяжкія дубовыя створкі зарыпелі на старых завесах. Я зайшоў, і яна паспяшалася за мной, замкнуўшы за спінаю дзверы.

      На ложку ляжала жанчына – без сумневу, у моцнай гарачцы. Яна была ў паўзабыцці, а калі я зайшоў, падняла спалоханыя, але прыгожыя вочы і з асцярогай зірнула на мяне. Убачыўшы незнаёмца, яна нібыта адчула палёгку і з уздыхам апусцілася на падушку. Са словамі падтрымкі я падышоў да яе і пакуль мераў пульс і тэмпературу, яна спакойна ляжала. Пульс быў часты, тэмпература – даволі высокая, і ўсё ж у мяне склалася ўражанне, што прычыны гэтага – хутчэй у разумовым і нервовым напружанні, чым у хваробе.

      – Яна так ляжыць адзін дзень, два дзень. Я баюся яна памерці, – сказала дзяўчына.

      Жанчына павярнула да мяне пачырванелы прыгожы твар.

      – Дзе

Скачать книгу