ТОП просматриваемых книг сайта:
Акно ў замежжа (зборнік). Зоя Доля
Читать онлайн.Название Акно ў замежжа (зборнік)
Год выпуска 2015
isbn 978-985-7144-15-0
Автор произведения Зоя Доля
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
Іна чакала на прыпынку ў Зялёным Лузе. Вера заўважыла яе здалёк. Русалка з распушчанымі валасамі. Неверагодна кароткія блакітныя шорты на доўгіх нагах і стракатая пляжная сумка праз плячо. Машына прыціснулася да ўзбочыны і спынілася ля Іны.
Вера з Аняй пасунуліся і Іна падсела да іх на задняе сядзенне. Вера радасна кіўнула Іне.
– Прывітанне, дарагая мая.
– Усім прывецік, – працыўкала Іна.
Уладкаваўшыся ў машыне, яна чынна прадставілася мужчынам:
– Будзем знаёмы. Я Інэс-са.
У Верыных вушах нязвыкла прасіпела літара «с». Інэс-са. Яна здзіўлена пакасілася на сяброўку і падумала: «Мама мілая… ратуйце, з якіх гэта пор яна зрабілася Інэсай? Заўсёды была Інай, іншым разам Інкай… бач ты, сёння перакваліфікавалася ў Інэсу».
Віктор і Саша павярнуліся з пярэдніх сядзенняў да Інэсы і адначасова, зблытаўшы разам свае імёны, прамовілі: «Віктор, Саша».
– Дык мы едзем? – бадзёра спытала Інэса і дзвюма рукамі адсунула апаўшыя пасмы валасоў з твару.
Віктор павярнуўся да стырна, націснуў на педаль газу. «Пежо» ад’ехала ад узбочыны і, набіраючы хуткасць, пакаціла па шашы. Саша крыху затрымаў пагляд на Верыных сяброўках. Агню ў яго паглядзе Вера не заўважыла. Ён павольна адвярнуўся, паправіў рэмень бяспекі і глянуў праз аўтамабільнае шкло ў поле, быццам там было цікавей. За горадам зелянелі апрацаваныя і засеяныя палеткі, дрэвы збіраліся ў невялікія пералескі, а з-за іх вынырвалі дачы з рознакаляровымі металачарапічнымі дахамі. Ненатуральным крыклівым бэзавым колерам кінуўся ў вочы вузкі двухпавярховы дачны дамок, бліснуў і люстрам адбіваў сонечныя промні металічны скатны дах павернутай бокам нізкай прыбудовы. Вясковыя старыя драўляныя хаты з шэрым шыферам на макаўцы стаялі асобна ад дач, сціпла туліліся адна да адной сярод поля. Саша апусціў аконнае шкло, і вецер цёплай плынню ўварваўся ў аўтамабіль, абдзьмуваў твар, уздымаў валасы. Высунутая з акна далонь рассякала сустрэчны вецер. Машына хутка імчала па шырокай бетоннай дарозе. Даехаўшы да скрыжавання, прытармазіла і звярнула з шашы ў бок Вячы. Пераадолелі яшчэ некалькі кіламетраў. Ля павароту пазначылася шыльда з назвай вёскі Дафэрэнцыя. Машына звярнула на дарогу ў пералесак. Праз пару хвілін выскачылі да ракі.
На беразе загаралі адпачываючыя. Да машыны імкліва кінуўся маленькі лялечны сабачка з вузкім ашыйнікам, пагрозліва зацяўкаў, прабег некалькі крокаў, спыніўся, вякнуў услед машыне для парадку і, віхляючы хвастом, вярнуўся да гаспадыні. Сабачая гаспадыня ў позе ёгі, скруціўшы ногі і выставіўшы разгорнутыя ўверх далоні, адкрыўшы чакры, убірала ў сябе сонечную энергію з нябёсаў. З пясчанага, парослага рэдкай стаптанай травой спадзістага берага ў ваду заходзілі купальшчыкі. Апасліва і дрыготка ставілі белыя ногі ў слаба прагрэтую ваду, асвойтаўшыся, клаліся на водную гладзь і плавалі ля берага, плюхалі рукамі па каламутнай вадзе. Шырокая рака выгінала цёмнае ціхае рэчышча ўздоўж парослых лесам берагоў. Удалечыні, узняўшы