ТОП просматриваемых книг сайта:
Апавяданні розных гадоў (зборнік). Адам Глобус
Читать онлайн.Название Апавяданні розных гадоў (зборнік)
Год выпуска 2015
isbn 978-609-8147-08-8
Автор произведения Адам Глобус
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
Маё меца ў класе за другой партай, што ў сярэднім з трох шэрагаў. Побач сядзіць Света. Яна добра вучыцца, як і я – без траякоў. У пятым класе хлопчык яшчэ павінен сядзець з дзяўчынкай, завядзёнка.
У шостым можна хлопцу сядзець з хлопцам, а ў пятым даводзіцца сядзець з абсыпанай рабаціннем Светай.
У шостым я буду сядзець з Валікам. Мы дамовіліся. На перапынку я прапаную Валіку разам уцячы са школы. Хацеў яшчэ перад урокамі прапанаваць уцёкі, але ён спазніўся. Аўтобус, які вёз школьнікаў з вёскі ў горад, затрымаўся, і вяскоўцы паспазняліся.
Першым урокам стаяла гісторыя. Выкладаў яе завуч старэйшых класаў. Урокі завуча лепей не прагульваць. Зразумела. Другім урокам была арыфметыка з чарговай кантрольнай. Кантрольную варта напісаць. Спевы, мову і батаніку я вырашыў прагуляць.
На перапынку я сказаў Валіку:
– Пасля арыфметыкі ўцячом. Проста ўцячом, нават у медпункт заходзіць не будзем. Аднаму яшчэ можна выпрасіць даведку, адразу дваім яны даведку не дадуць.
– Куды пойдзем? – пацікавіўся Валік.
– Можна ў кіно, можна ў горадзе пагуляць. . .
– Гуляць халодна, туман. Падобна на тое, што дождж пойдзе. Лепей адразу ў кіно.
– З партфелямі ў кіно не пусцяць. . .
Такая рэальнасць: усе кінатэатры атрымалі загад не прапусцаць у залу школьнікаў з партфелямі. Калі ты з партфелем кіруешся ў кіно, значыць – прагульшчык.
– Партфелі схаваем.
– Дзе ты думаеш хаваць партфелі? – у пытанні Валіка чуецца трывога.
– Пад мостам. . .
Пасля кантрольнай мы выбеглі са школы ў туман. Уцякаць са школы трэба хутка, каб адбегчыся як далей і не сустрэць на дарозе каго з настаўнікаў. Калі будзеш таптацца каля школы, дык абавязкова наляціш на якога географа ці фізкультурніка. Сустрэнеш школьнага ваўкалака і пачуеш:
– Прагульваем?
Давядзецца нешта выдумляць і хлусіць. Ілгаць не люблю. Таму мы хутка бяжым ад школы да вінзавода. Пад завадскім плотам адпачываем, пераводзім дых і далей павольна ідзём да моста.
Мост вялікі, пад ім ляжыць ажно шэсць чыгуначных дарог. Каля самога моста стаіць белы дамок чыгуначнікаў. За дамком пачынаецца высозны турэмны плот. Пад мостам, у бетоннай нішы мы пакідаем партфелі. Засоўваем іх як найглыбей, каб выпадковы мінак не заўважыў.
У кінатэатры «Беларусь» дзве залі. Там заўсёды можна набыць квіткі. Недаверлівая кантралёрка рве нашы квіткі і пытаецца:
– Вы, часам, школу не прагульваеце?
– Не! Мы на другую змену ходзім. У нас нават гальштукаў няма, – упэўнена кажу хітрай кантралёрцы.
Гальштукі мы знялі яшчэ каля вінзавода і пахавалі ў патрфелі.
Кінасвет радуе. Ён шырокі, шматколерны, гераічны і не падобны да нашага вечнага халоднага, золкага і затуманенага жыцця.
З кінатэатра вяртаемся на мост. Па дарозе абмяркоўваем дасканалае майстэрства галоўнага кінагероя кідаць вялікі нож.
– Трэба нам паехаць у лес і навучыцца кідаць нож! – кажу.
– Можна ў сутарэннях вучыцца. Паставім пару шырокіх дошак і будзем кідаць у іх нож. Ехаць нікуды не трэба.
У сутарэннях нож ніхто не адбярэ. У лесе могуць адабраць, – разважае Валік.
Ён з вёскі, ён бліжэй да лесу, яму можна верыць.
У нішы партфеляў няма. Мы абшукваем усе нішы пад мостам. Партфелі прапалі. Бяда. Мы маўчым. Сядзім на цэментавых плітах пад мостам, па якім з грукатам коцяцца грузавікі, і ледзь стрымліваем слёзы. Чакаем, самі не ведаем чаго.
З дамка чыгуначнікаў выходзіць рабочы з малаточкам на доўгай амаль метровай дзяржальні. Ён пастукаў малаточкам па рэйцы, так каб мы пачулі, і пачаў заклікальна махаць вольнай рукой, каб падышлі. Мы спусціліся да чыгуначнага палатна і падбеглі да рабочага. Ён быў моцна п’яны:
– Згубілі партфелі, галадранцы? Прадынамілі школу і пагублялі партфелі? Прыносце кожны па пяць рублёў, і я вярну партфелі. Не прынясеце грошы праз дзве гадзіны, і свае партфелі больш не пабачыце! Пабеглі! Я сказаў – пабеглі, засранцы, – рабочы-чыгуначнік зарагатаў гучна і мярзотна, так у кіно рагочуць паліцаі ды крымінальнікі.
– У мяне няма пяцёркі! – заскуголіў Валік.
– Знойдзеш! У бацькі, калі што, папросіш ці ўкрадзеш. Бяжы, у цябе дзве гадзіны.
Туман крыху развеяўся, але краявіды як былі шэрымі, такімі і засталіся.
Калі мы ўзняліся на мост, пайшоў дробны дождж. Мы прыспешвалі хаду, мы нават месцамі ішлі ледзь не подбегам, але дадому я прыйшоў ушчэнт мокры. Дома нікога не было. Я пераапрануўся ў сухое. Папіў насалоджанай гарбаты. Дастаў са схованкі грошы і пералічыў. Атрымалася тры рублі з капейкамі. На выкуп партфеля не хапала амаль два рублі. Іх я ўзяў у бацькавай шафе. Можна нават сказаць, што я скраў у свайго бацькі два рублі.
Тыя два рублі я пазней вярну. Буду збіраць і здаваць бутэлькі. Бутэлька з-пад піва – дванаццаць капеек, бутэлька з-пад малака – пятнаццаць. Дарагіх