Скачать книгу

ў Чырвоным касцёле. Яна колькі разоў спрабавала падляцець да вітражнай ружы, але не змагла. Нешта нейкае замінала ёй, штосьці трывожыла яе… А цела маё пакутавала ад п’янства. Я кінуў піць. Перапакутаваў, змучыўся, але кінуў.

      Доўгі час душа не азывалася. А днямі, калі я вяртаўся з працы дамоў, адчуў душэўны неспакой. Было холадна і ветрана, дробны снег сек твар, цела налілося свінцовай стомаю. Ні гарачы душ, ні салодкая гарбата не прагналі маю пятнічную – сабраную за тыдзень – стому. Я лёг і паспрабаваў заснуць. Сон не прыходзіў. Душа выплыла з мяне і паляцела далёка-далёка, яна паляцела ў Белы касцёл, у той касцёл, дзе я некалі працаваў. Душа заляцела ў вежу і спынілася каля высокага вакна. За ім былі пагоркі, засыпаныя снегам, за тымі пагоркамі ляжалі іншыя пагоркі, а за імі – наступныя, і так да самага снежаньскага неба. Мая душа глядзела з вежы на заснежаныя пагоркі, а я засынаў, каб прачнуцца радасным і бадзёрым.

      Ці ёсць у цябе душа? Забаліць – даведаешся…

      13. Пацук

      У метро я здымаю шапку. Ніхто не здымае, а я, апускаючыся на эскалатары, трымаю сваю чорную шапку ў руцэ, так вальней. І сягоння я хадзіў па платформе без шапкі, прагульваўся ў чаканні цягніка ды згадваў далёкае мінулае, бо калі гэтым разам я сцягваў шапку, згадаўся хлеў дзеда Броніка.

      Было мне тады гадоў сем, я зайшоў у хлеў і гэтаксама зняў шапку. Я стаяў у цемры і слухаў, як цяжка ўздыхае ў загарадцы наш кабан. Ён, пэўна, адчуваў блізкі скон, таму і дыхаў цяжка. Снежаньскае святло лілося праз маленечкае вакенца на ягоную шырокую спіну. Цёпла пахла гноем. У суседняй загарадцы ляжалі невялічкія парсючкі. Іх наперадзе чакаў доўгі год сытага жыцця. А год нашага вялікага кабана скончыўся, і сягоння яго заколюць нямецкім штык-нажом.

      Нашы мужчыны выведуць кабана на двор і паваляць каля плота. Дзядзька Казік намацае-наслухае свіное сэрца, ударыць у наслуханае месца нажом, а потым яшчэ раз, прыслухаўшыся ды прымерыўшыся, загоніць дзюбку штыка глыбока ў сэрца. Кабан паторгаецца, аціхне, і з яго спусцяць кроў. Сусед нацэдзіць сабе ў жалезны кубачак яшчэ жывой крыві, пасоліць яе і вып’е. Недапітае ён вытрахне з кубка на чысты снег. Кабана абсмаляць паяльнымі лямпамі ды адчысцяць нажамі да залацістага бляску.

      Нашы жанчыны, ужо ў хаце, разбяруць кабана і насмажаць свежыны. Усе мы будзем есці смажаныя скабкі. Я заўсёды чакаў смажаных рэбраў. І калі стаяў без шапкі ў цёмнай цеплыні дзедавага хлява, слухаючы цяжкія ўздыхі вялікага кабана, я не шкадаваў яго, я чакаў тлустай і салодкай смажаніны. Калі каго я і мог пашкадаваць у тым хляве, дык гэта маленькіх парсючкоў, якім я насіў з крамы хлеб. За хлебам я выстойваў вялізныя чэргі. Парсючкоў трэба карміць. Нашы кабанчыкі хлеб любілі. Ну і як можна не любіць хлеб? Хлеб з цыбуляю і салам я дагэтуль люблю. А парсючкоў у мяне няма. Кватэры, студыі, офісы, «мерседэсы» – ёсць. А парсюка ніяк не завяду. Нават пацука не трымаю. Але і аднаго пацука я даглядаў.

      У брата жыў пацучок. Брат ехаў у камандоўку і пакінуў мне даглядаць свайго

Скачать книгу