Скачать книгу

якім «Сараеве»? – перапытаў Палівец. – У нусельскай карчме? Там кожны дзень бойка. Адно слова – Нуслі!

      – У баснійскім Сараеве, пане шынкар. Там застрэлілі эрцгерцага Фердынанда. Што вы на гэта скажаце?

      – Я ў такія справы не лезу. З такімі справамі хай яны ўсе пацалуюць мяне ў азадак, – ветліва адказаў пан Палівец, закурваючы люльку. – Умяшаешся ў такую справу, і можаш лёгка скруціць сабе галаву. Я дробны гандляр. Калі да мяне прыходзіць чалавек, заказвае піва, я яму і наліваю. А нейкае там Сараева, палітыка або нябожчык эрцгерцаг – гэта не для нас, гэта Панкрацам* пахне.

      Брэтшнайдэр замоўк і расчаравана агледзеў пусты шынок.

      – Тут некалі вісеў партрэт пана імператара, – праз хвіліну загаварыў ён зноў. – Якраз там, дзе цяпер люстра.

      – Так-так, вы праўду кажаце, – адказаў пан Палівец, – вісеў. Ды толькі на яго мухі паскудзілі, дык я занёс яго на гарышча. Ведаеце, яшчэ хто-небудзь займее ахвоту зрабіць на гэты конт заўвагу, і могуць быць непрыемнасці. На якое ліха мне гэта патрэбна?

      – У Сараеве, напэўна, вельмі брыдка было, пан шынкар?

      На гэтае хітрае пытанне, пастаўленае проста ў лоб, пан Палівец адказаў надзвычай асцярожна:

      – Так, у гэты час у Босніі і Герцагавіне страшэнная гарачыня. Калі я там служыў, дык нашаму обер-лейтэнанту даводзілася класці лёд на галаву.

      – У якім палку вы служылі, пане шынкар?

      – Я такіх дробязей не помню, я ніколі не цікавіўся такой брыдотай, – адказаў пан Палівец. – Я ўвогуле чалавек не цікаўны. Залішняя цікаўнасць толькі на шкоду.

      Тайны агент Брэтшнайдэр канчаткова замоўк, і яго пахмурны твар ажывіўся толькі з прыходам Швейка, які, увайшоўшы ў шынок, заказаў сабе піва, заўважыўшы:

      – У Вене сёння таксама жалоба.

      У вачах Брэтшнайдэра засвяцілася надзея, і ён хутка прамовіў:

      – У Канопішці вывесілі дзесяць чорных сцягоў.

      – А павінна быць дванаццаць, – сказаў Швейк, адпіўшы з куфля.

      – Чаму вы думаеце, што дванаццаць? – спытаў Брэтшнайдэр.

      – Для роўнага ліку – тузін. Так лягчэй лічыць, ды і на тузін дзешавей выходзіць, – адказаў Швейк.

      Запанавала цішыня, якую парушыў сам Швейк, уздыхнуўшы:

      – Дык, значыцца, ён ужо там, ля трона божага, дай яму божа вечны спачын! Нават не дачакаўся, пакуль стане імператарам. Калі я служыў у войску, дык адзін генерал упаў з каня і моцна пабіўся. Хацелі яму дапамагчы, уссадзіць на каня, паглядзелі, а ён – мёртвы. А чакаў павышэння – цаляў у фельдмаршалы. Здарылася гэта з ім на аглядзе войск. Гэтыя агляды ніколі не даводзяць да дабра. Відаць, і ў Сараеве быў нейкі агляд. Памятаю, як на адным такім аглядзе ў мяне не хапіла дваццатага гузіка на мундзіры. За гэта мяне пасадзілі на два тыдні ў адзіночку. I два дні я, нібы той Лазар, быў звязаны «казлом»*. Што ж, у войску павінна быць дысцыпліна. Іначай ніхто ні на кога не зважаў бы. Наш обер-лейтэнант Макавец заўсёды нам гаварыў: «Дысцыпліна, ёлупні, неабходная рэч, без яе вы, як малпы, на дрэвы палезеце.

Скачать книгу