Скачать книгу

і незадаволена перакладаў на ім нейкія паперы. Брутальны твар яго з халоднымі шэрымі вачыма міжвольна выклікаў трывогу. Ігнат Мазур ведаў, што студэнты пабойваліся яго, але падсвядомае слабае пачуццё цяпер гаварыла яму, што дэкан, былы выйсковы баявы лётчык, на каварства і няпраўду не здольны. Так, ён чалавек сістэмы, але не болей. Але, чаму яго выклікалі? Запазыку ў заліках і іспытах ён здаў, ніякіх дысцыплінарных учынкаў не меў. Дык у чым справа? – губляўся ў пытаннях Ігнат Мазур.

      Урэшце дэкан Парэцкі пакінуў у спакоі паперы, скоса кінуў позіркам у бок студэнта і сказаў:

      – Сядайце.

      Студэнт Ігнат Мазур нерашуча прысеў у крэсла.

      – Скажыце, хто вам дазволіў не прысутнічаць на лекцыях і здаваць экзамены датэрмінова? – спытаў дэкан Парэцкі.

      – Ніхто, – пасля паўзы неакрэслена адказаў Ігнат Мазур.

      – Вынікае, што вы самі сабе дазволілі?

      – Бадай што так.

      – Вы так шмат ведаеце? Не жадаеце пачуць што-небудзь новае?

      – Жадаю. Вашыя лекцыі я наведваю рэгулярна, – спакойна зманіў студэнт Ігнат Мазур.

      Паўза.

      – Гэта я яшчэ праверу, – відавочна памягчэў дэкан Парэцкі. – А з вас на экзамене спытаю напоўніцу. Дысцыпліна павінна быць адна для ўсіх, і парушаць яе я не дазволю. Вам зразумела?

      – Так.

      – Гэта адно. Па-другое, вы цяпер пойдзеце да майго намесніка Пушко, і там з вамі будуць размаўляць зусім пра іншую справу. І калі пацвердзіцца тое, пра што нам дакладвалі, то будзем ставіць пытанне сур’ёзна, усутыч да вашага выключэння. Там, за акном, – паказаў ён пальцам у шкло, – шмат усялякай работы. На любы густ. Цяпер ідзіце.

      Другі намеснік дэкана Пушко быў не адзін. У крэсле збоку ад яго стала сядзела стараста курса, камсамольская актывістка Ксенія Уразава. У руках яна трымала разгорнуты сшытак. Як толькі студэнт Ігнат Мазур увайшоў у кабінет, яна імкліва падхапілася з крэсла і выслізнула за дзверы.

      Нейкі час намеснік Пушко і студэнт Мазур моўчкі разглядвалі адзін другога. На дробным тварыку намесніка дэкана блукала ледзь прыкметная ўсмешка, якая павінна была выяўляць ветлівасць і спагаду, але Ігнат Мазур не меў на гэты кшталт аніякіх ілюзій. Ухілістыя няшчырыя вочы намесніка дэкана бегалі пад вузкім, збягаючым назад лобікам, над якім ваяўніча тырчэла грыўка густых сівых валасоў.

      – А-а, вось і Мазур з’явіўся, – радасна сказаў ён і пацёр адна аб адну нечакана рукастыя далоні. – Я ж не памыліўся, так ці не?

      Паўза.

      – Дык вы прысядзьце, – з той жа робленай прыязнасцю дадаў ён у адказ на маўчанне студэнта.

      – Мне дэкан загадаў, дык я і зайшоў, – адказаў урэшце Ігнат Мазур і сеў у крэсла, дзе раней сядзела Уразава. Яно яшчэ захоўвала цяпло. «Пэўна, доўга сядзела», – прамільгнула ў галаве ў студэнта Мазура.

      – Вы, здаецца, перавяліся да нас з філфака? – пачаў здалёк намеснік Пушко, ён жа «Кум».

      – Так, мне дазволілі.

      – Скажыце, а вы ведалі такіх студэнтаў філфака: Хількевіча,

Скачать книгу