Скачать книгу

Шэрыф паціснуў плячыма.

      «Што вам паведаміў Штучнік, калі не сакрэт?» – спытаў Слядак.

      «Чаму вы вырашылі, што гэта ён?»

      «Ды годзе, я яго адразу «прабіў».

      «Так, – праз паўзу здаўся Шэрыф. – Гэта ён, і прыйшоў да мяне з чарговым, так бы мовіць, «паведамленнем». Можаце азнаёміцца. Магчыма, гэта вас зацікавіць».

      Шэрыф адкрыў сейф, выцягнуў адтуль аб'ёмістую папку і дастаў з яе верхні ліст.

      «Чытайце», – сказаў ён.

      Слядак узяў з яго рук паперку і пачаў чытаць. Данос быў кароткі: «Паведамляю наступнае. Некалькі дзён назад у пасяленца на мянушку Крэз спыніліся і правялі амаль суткі трое жанчын, якія ўцяклі з працоўна-папраўчых работ. Крэз не паведаміў пра іх, хоць павінен быў зрабіць гэта адразу. Куды зніклі жанчыны – я не ведаю. Наконт Крэза даводжу, што ён па-ранейшаму з'яўляецца прыхільнікам варожай тэорыі пра тое, што наша дэмакратычная Цывілізацыя, якая служыць народу, не з'яўляецца базавай, а існуе ў Сімуляцыі.

      10.06.2036 г. Штучнік (псеўда)».

      «Некалі, тады яшчэ існавала школа, ён працаваў настаўнікам гісторыі, – сказаў Шэрыф. – Цяпер вось знайшоў сабе занятак. Зрэшты, ён «даносіў» і раней. Хобі».

      «Спадзяюся, вы не дасце гэтаму ходу?» – спытаў Слядак, вяртаючы паперу.

      «Ён дасылае лісты і поштай у Мегаполіс. Я іх часам перахопліваю, бо ў мяне на пошце свой чалавек», – ухіліўся ад прамога адказу Шэрыф.

      «Дарэчы, – пацікавіўся Слядак, – вы злавілі Імбэцыла?»

      «Ловім».

      «Я, урэшце, зайшоў не за гэтым, – сказаў Слядак. – Хачу спытаць: што вы ведаеце пра Зару?»

      «Надзвычайная сцерва, наколькі я ведаю».

      «Мне трэба з ёй пагаварыць наконт яе мужа-нябожчыка».

      «Ад яе стагналі і стогнуць усе яе падняволеныя, асабліва тыя, хто на «хіміі». Нехта ў Мегаполісе прыкрывае гэтую пачвару».

      «Вось яно як…»

      У паўзе Слядак разглядаў брутальны твар Шэрыфа. Чымсьці яму той нават падабаўся. Хутчэй за ўсё, праматой, але цяпер не той час, каб гэтая рыса характару садзейнічала ўдачы ці поспеху, а вось скараціць жыццё магла лёгка.

      «Ну я пайшоў, – сказаў ён і падняўся з крэсла. – Прывет Імбэцылу».

      Шэрыф усміхнуўся.

      «Хутка пабачыцеся. Ужо ўзялі яго след».

      «Ну а Зара, да слова, вам не па зубах?»

      «А вам? Хіба не ў вас учора начавала адна з яе акальцаваных? – пакпіў яму ў спіну Шэрыф, калі Слядак ужо адчыняў дзверы. – Вось у яе ўсё, што вас цікавіць, і спыталі б».

      «Вашаму сексоту цаны няма. Вы б яго ў памочнікі і вызначылі», – усміхнуўшыся, адпарыраваў Слядак.

      Ён выйшаў вонкі, але пайшоў не да незнаёмай яму Зары, а назад, да Крэза. Там, як ён адчуваў, магчыма, і хаваецца тое, што яго цікавіць.

      Старога ў доме не аказалася. «Пэўна, пайшоў у краму», – здагадаўся Слядак і раптам успомніў: той нешта прыхоўваў ля плота. Ён прыхапіў рыдлёўку і лёгка знайшоў месца, дзе зямля была свежаўскапанай і не паспела яшчэ высахнуць ад спёкі.

      Слядак паціху ўвагнаў лязо рыдлёўкі ў зямлю і выкінуў пясок. Нешта бразнула

Скачать книгу