Скачать книгу

пушистый снег – гэта занадта простая метафара.

      Я памятаю, сказаў яму гэта, і Францішак пагадзіўся. Але пагадзіўся неяк так, што было бачна: у гэтым вершы для яго было важна штосьці іншае, а не проста тэхнічная дасканаласць.

      Для яго важная была сама эмоцыя.

      Так, сапраўды, у гэтым вершы Францішак упершыню патрапіў у тонкую і важную, але перадусім у сваю эмоцыю.

* * *

      І ўсё ж ягоныя расейскія вершы так і засталіся ў асабістым архіве.

      Чаму? Было, напэўна, многа прычынаў.

      Ён ведаў, што эмоцыя ў яго расейскіх вершах была рэдкая і істотная. Але пры гэтым яна была адчужана халодная, гэта таксама адчувалася вельмі моцна.

      Напачатку ён думаў, што крыніцы гэтай адчужанасці – у тым новаязе, які панаваў вонкі. І што варта толькі замкнуцца, праламіць паверхню, і ўсё зменіцца. І ён замкнуўся і цярпліва чакаў гэтага моманту.

      Прайшло досыць часу, пакуль для яго не стала ўсё канчаткова ясна. Расейская мова не пускае мяне ў свае глыбіні, аднойчы сказаў ён – відавочна, у роспачным здзіўленні.

      Што гэта значыла, ён тады не патлумачыў.

      Але я адразу зразумеў, што перада мной толькі вяршыня айсберга. Што ён думаў пра гэта не адзін месяц, а можа і больш. І што будуць наступствы.

      Пасля мы не бачыліся колькі тыдняў.

      І вось, сазваніўшыся, дамовіліся сустрэцца ў Хвілінцы. Францішак быў нейкі незвычайны, ён павітаўся моўчкі і пэўны час стаяў нібы ў нерашучасці.

      Потым сказаў: я напісаў некалькі новых вершаў.

      І дадаў: па-беларуску.

* * *

      Гэта шчаслівы кон для паэта, выбраць для сябе такую мову. Якая адразу выключае ўсялякі спадзеў на поспех, на розгалас, на ўсясветную славу – сказаў ён мне тады, у парыве энтузіязму.

      Выбраць мову, якую разумее большасць, але на якой гавораць рэдка і рытуальна, у пэўных абставінах.

      Мову, якая стаіць здалёку ад той балбатні, што засмечвае мовы распаўсюджаныя. Балбатні, праз якую трэба заўсёды прадзірацца, калі ты хочаш сапраўды знайсці паэтычны тон. Інтанацыю.

      Мову, якой тут адгукаюцца дрэвы і птушкі, травы і дзікія звяры.

      Ясна, потым усё стала больш празаічна.

      Давялося шукаць слоўнікі і вучыць словы. На пэўны час стаць дзіцём, якое радасна адкрывае для сябе свет, поўны неназванага. Шукае незвычайныя імёны і дорыць іх, сабе і іншым.

      У пэўны момант была нават паніка, бо пошукі зацягнуліся.

      Але ўрэшце ўсё скончылася – і скончылася паспяхова.

      Скончылася снамі, у якіх Францішак гаварыў пабеларуску, і гэта завяршыла гештальт, як мы тады казалі.

      Але самае цікавае толькі пачыналася. Калі ён крыху ўпэўніўся ў сваёй мове, ён пачаў гаварыць па-беларуску ўвесь час і з усімі. І адразу пераўтварыўся ў адмысловую лакмусавую паперку, праз якую праяўлялася ўсё ўтоенае, схаванае, выцесненае ў тутэйшым грамадстве.

      Тое, што было забыта, і тое, што яшчэ не нарадзілася. Што толькі чакала свайго часу.

      Ты мог гадамі блукаць па Менску з расейскай мовай і быць нябачным і незаўважным, сказаў мне тады Францішак. Але варта было проста запытацца ці сказаць штосьці па-беларуску, і ўсё мянялася. Некаторыя плакалі

Скачать книгу